Аднак слова свайго франкі не датрымалі: карабель плыў шмат дзён і калі нарэшце прыстаў да берага, то гэта быў не Егіпет, а Франкістан! Падчас доўгага плавання і яшчэ ў лагеры Альмансор трошкі навучыўся разумець мову франкаў і размаўляць на ёй, і гэта вельмі прыдалося яму ў краіне, дзе ягонай мовы ніхто не ведаў. Яго доўга везлі ўглыб краіны, і паўсюль народ збягаўся паглядзець, бо салдаты казалі, што гэта сын егіпецкага караля, якога той адправіў у Франкістан вучыцца.
Але казалі гэта салдаты толькі дзеля таго, каб народ паверыў, што яны перамаглі Егіпет і заключылі з ім надзейны мір. Пасля шматдзённага падарожжа па краіне яны прыбылі ў вялікі горад, які і быў іх мэтай. Там юнака перадалі доктару, што ўзяў яго да сябе і пачаў вучыць усім традыцыям і звычаям Франкістана.
Перадусім Альмансор мусіў нацягнуць франкскую вопратку, вельмі вузкую, нязручную і зусім не такую прыгожую, як ягоная егіпецкая. Потым яму забаранілі рабіць паклоны скрыжаваўшы рукі, а калі ён хацеў выказаць камусьці павагу, трэба было адной рукой зняць пачварны чорны фетравы капялюш, які насілі ўсе мужчыны і які надзелі і на яго, а другую адвесці ўбок і шоргнуць правай нагой. Акрамя таго, яму забаранілі сядзець, скрыжаваўшы ногі згодна з прыемным усходнім звычаем, і ён быў вымушаны сядаць на высокія крэслы ды звешваць ногі ўніз. Ежа таксама прынесла яму нямала цяжкасцяў: усё, што ён хацеў данесці да рота, цяпер даводзілася спачатку праколваць жалезным відэльцам.
Доктар быў чалавекам лютым і суворым і ўвесь час хлопчыка мучыў. Калі той, напрыклад, забываўся і казаў наведніку “Салам алейкум”, доктар біў хлопца палкай, бо казаць трэба было “Votre serviteur!”[1] Яму таксама не дазвалялася думаць, размаўляць ці пісаць на сваёй мове, заставалася на ёй хіба што марыць. Магчыма, Альмансор зусім бы яе забыў, калі б у горадзе не жыў чалавек, які яму дапамог.
Гэты быў стары, але вельмі вучоны чалавек, які разумеў шмат усходніх моваў: арабскую, персідскую, копцкую, нават кітайскую — усяго патрошку. Ён лічыўся ў той краіне цудам вучонасці, і яму плацілі вялікія грошы, каб ён вучыў мовам іншых. Гэты чалавек некалькі разоў на тыдзень клікаў да сябе маладога Альмансора, частаваў рэдкай садавіной і іншымі прысмакамі, і юнаку здавалася, што ён дома. Стары быў вельмі незвычайным. Ён замовіў для Альмансора вопратку, якую ў Егіпце носяць высакародныя людзі, і захоўваў яе ў сябе дома ў асобным пакоі. Калі Альмансор прыходзіў, стары пасылаў аднаго з прыслужнікаў па ўбранне і загадваў юнаку апранацца згодна з традыцыямі сваёй краіны. Пасля яны пераходзілі ў “маленькую Аравію”, як называлася адна з залаў у доме вучонага.
Зала была ўпрыгожаная штучна выгадаванымі дрэвамі пальмамі, бамбукамі, маладымі кедрамі ды кветкамі, што сустракаюцца толькі на Усходзе. Персідскія дываны высцілалі падлогу, пры сценах ляжалі падушкі, і нідзе не было ніводнага франкскага крэсла ці стала. На адной з падушак сядзеў стары вучоны, але выглядаў ён зусім не так, як звычайна: на галаве — турбан з тонкага турэцкага шаліка, сівая прычэпленая барада звісала да пояса і выглядала як годная натуральная барада паважнага чалавека. Апроч таго, на ім была мантыя, пашытая з парчовага хатняга халата, шырокія турэцкія шаравары, жоўтыя пантофлі, і, хаця звычайна ён падаваўся чалавекам міралюбным, у такія дні ён вешаў на сябе турэцкую шаблю, а за пояс засоўваў кінжал са штучнымі каштоўнымі камянямі. Яшчэ ён курыў люльку ў два локці даўжынёй, і яму прыслужвалі апранутыя ва ўсё персідскае людзі, твары і рукі ў паловы з якіх былі пафарбаваныя ў чорнае.
Спачатку ўсё гэта падавалася юнаму Альмансору вельмі дзіўным, але хутка ён заўважыў, што гадзіны, у якія даводзілася падладжвацца пад прыдумкі настаўніка, былі карыснымі для яго самога. Калі ў доктара нельга было вымавіць і аднаго егіпецкага слова, тут строга забаранялася мова франкская. Пры ўваходзе Альмансор мусіў павітацца, стары “перс” яму вельмі ўрачыста адказваў, потым падаваў знак сесці побач і пачынаў размову на сумесі персідскай, арабскай, копцкай і ўсіх астатніх моваў. Гэта называлася вучонай усходняй гутаркай. Побач з ім стаяў прыслужнік, ці “раб”, як ён называўся ў такія дні, і трымаў вялікую кнігу. Кніга гэтая была слоўнікам, і калі старому не хапала словаў, ён ківаў рабу, імгненна знаходзіў у слоўніку тое, што трэба, і вяртаўся да размовы.
Рабы прыносілі ў турэцкім посудзе шарбет ды іншыя ласункі, і калі Альмансор хацеў зрабіць старому прыемнасць, дастаткова было сказаць, што ў таго ўсё ўладкавана як на Усходзе. Альмансор вельмі добра чытаў па-персідску, і для старога гэта было галоўнай перавагай. Ён меў шмат персідскіх рукапісаў, якія даваў чытаць юнаку, уважліва паўтараў за ім услед і такім чынам вучыўся правільнаму вымаўленню.