Шэйх прадставіў свайму сыну чатырох маладых людзей і запрасіў іх часта яго наведваць. Было вырашана, што з пісарам юнак будзе чытаць, з мастаком — выбірацца ў невялікія падарожжы, з купцом — спяваць і танчыць, а чацверты будзе ладзіць пры двары забавы. Іх таксама шчодра адарылі, і яны, шчаслівыя, пакінулі дом шэйха.
— Каму мы павінныя за ўсё гэта дзякаваць? — гаварылі яны паміж сабой. — Каму яшчэ, як не старому? Хто мог такое ўявіць, калі мы стаялі перад гэтым домам і гаманілі пра шэйха?
— А мы ж маглі не прыслухацца да павучанняў старога, — сказаў другі, — ці наогул выставіць яго на смех. На ім была ірваная бедная вопратка — хто б мог падумаць, што гэта мудры Мустафа?
— Дык цудоўна! Хіба не тут мы гучна абмяркоўвалі свае жаданні? — прамовіў пісар. — Адзін з нас хацеў вандраваць, другі — спяваць і танчыць, трэці — бавіць час у добрай кампаніі, а я — чытаць і слухаць гісторыі. Хіба не ўсе нашыя мары здзейсніліся? Я магу чытаць усе кнігі шэйха і набываць любыя, якія захачу.
— А мне дазволена ўпрыгожваць ягоны стол, ладзіць ягоныя найлепшыя забавы і самому ў іх удзельнічаць, — сказаў другі.
— А я ў любы момант, як з’явіцца ў мяне такое жаданне, магу паслухаць спевы і ігру на струнных альбо паглядзець на танец, пайсці да шэйха і папрасіць у яго рабоў.
— А я? — усклікнуў мастак. — Да гэтага дня я быў бедны і не мог нават выйсці з горада, а зараз змагу падарожнічаць куды захачу.
— Так, — прамовілі яны разам, — добра, што мы паслухаліся старога, а інакш хто ведае, што з намі сталася б!
І, сказаўшы так, яны, шчаслівыя, пайшлі дадому.