Тры пары вачэй правялі позіркамі двухкапеечную манету, якая, падскокваючы на швах паркета, апісала роўны паўкруг і доўга яшчэ звінела недзе пад шафай. Выкладчыцы пераглянуліся.
— Мне можна ісці? — спытаў Вяргейчык. Яму хацелася спытаць з выклікам, незалежна, а выйшла нечакана вінаватым і злёгку дрыготкім голасам.
— Не, пачакайце, — сказала Клара Іванаўна мякка, і ад гэтага Вяргейчыку чамусьці стала трывожна.
Ён апусціў галаву і пачаў глядзець на свае чаравікі. Клара Іванаўна падышла бліжэй і, стараючыся зазірнуць яму ў вочы, лагодна сказала:
— Ну, нічога страшнага — спісаў дык спісаў... Як цябе завуць?
— Ён у нас Валодзя, — адказала за яго класная.
— Слухай, Валодзя, — Клара Іванаўна трохі памарудзіла. — Чаму ты так дрэнна апранаешся? Раскажы, не бойся, можа, дома што? Можа, бацька п’е? Не бойся, тут жа чужых няма, — павяла яна рукой вакол сябе.
— У яго няма бацькі, — зноў адказала класная, – адна маці. Вядома, цяжка. А заўтра стыпендыяльная камісія... Ага! — тут здагадалася яна. — Хлопчык, напэўна, таму і прыйшоў.
Вяргейчык падняў галаву. Тамара Міхайлаўна глядзела на яго з жалем. Клара Іванаўна прыязна ўсміхалася.
— Ну што ж. Калі так... — сказала яна і, падцяўшы вусны, нейкі момант глядзела ў адну кропку, абдумваючы нешта. — Ай, Тома, давай зробім выключэнне!
Клара Іванаўна зноў разгарнула сшытак і агледзелася па баках. Тамара Міхайлаўна падала ёй ручку з чырвоным чарнілам. Клара Іванаўна прымерылася да адзінкі, чыркнула палоску ўверх так, што атрымалася чацвёрка, і закрэсліла слова «спісана».
— Уся праблема! — засмяялася класная.
— На, — працягнула Клара Іванаўна сшытак Вяргейчыку. — Ну, я думаю, залішне напамінаць, што мы пайшлі табе насустрач... Вучыся, не крыўдзі маці, — яна падумала, што б яшчэ сказаць. — Цябе папракаю, — звярнулася да класнай, — што сэрца мяккае, а сама...
I Клара Іванаўна ўсміхнулася ўсмешкай чалавека, які не прывык выстаўляць напаказ сваю велікадушнасць...