Зрэшты, прычына тут яшчэ магла быць як у маім літаратурным дылетанцтве, так і ў тым, што я асабіста ведаў і Вяргейчыка, і Мяцельскую. Мне непатрэбны былі дэталі, каб уявіць наш інтэрнацкі пакой, ноч, прыгожую, халодную, знявераную ў людзях жанчыну, якая стаіць перад люстэркам і прыхарошвае валасы; недзе збоку, на ложку ці на крэсле, прымасціўся і не зводзіць з яе вачэй напаўзвар'яцелы ад сваіх бясконцых думак чалавек, які смаліць адну за адной цыгарэты «Космас» і ўсё гаворыць, гаворыць... Ён бачыць, што надакучыў тут, што красуня думае цяпер пра што хочаш, толькі не пра яго, але яшчэ страшней яму вяртацца да сябе ў пакой, заставацца сам-насам у дзіўных пошуках жаночай логікі.
Я расклаў неадпраўленыя лісты не па датах напісання, а згодна зместу дзённіка — і вось што выйшла:
Ліст першы
Дзень добры, Сяргей!
Вялікі дзякуй табе за ліст.
Я рады, што ты жэнішся, — нехта з вялікіх прыкладна казаў так: «Да жаніцьбы я рос як яблыня-дзічка, а цяпер такое адчуванне, быццам мяне падраўнялі і я расту ў адным правільным напрамку». Я не змагу быць на тваім вяселлі — улетку еду ў будатрад, але абяцанне сваё выконваю. Калі ты помніш, абяцанне гэтае было — расказаць табе, калі ты жэнішся, сапраўдную прычыну мае меланхоліі за апошнія паўгода, і якую ролю ў гэтай маёй хваробе адыграў ты. Я не буду шмат філасофстваваць. Помніш, паўгода назад ты прыязджаў у Мінск і начаваў у Тані? Каб ты толькі ведаў, чым я цяпер заплаціў бы, каб раніцой ты не заходзіў тады да мяне! Можа, калі б я не ведаў падрабязнасцей той ночы, нічога цяпер са мной не было б. Вы — ты і Таня — былі мне як брат з сястрою. Нас яднала адна справа, і бажуся, што мне ў галаву не ўлазіла, як гэта проста робіцца — пагаварыўшы з жанчынаю аб высокіх матэрыях, класціся з ёю ў ложак і рабіць тое, пра што ты тады мне расказваў. Пасля твайго аповяда ў мяне знікла, галоўнае, вера, што на зямлі ёсць нешта святое, бо наша справа была для мяне адзіным, чым я жыў пасля войска.
Чым я жыву цяпер? Гэта страшна, Сяргей. Найперш я пачаў думаць так: калі б я не быў дурны і жыў па прынцыпу «беларушчына беларушчынаю, але не забывайся і смачна пад'есці, і пераспаць з бабаю, як надарыцца момант», калі б я так думаў раней, дык мог быць на тваім месцы. Уяўленне маё запрацавала як ніколі. Уся беларушчына паступова выцяснялася без следу, а галава напаўнялася іншым... Вось я бачу кожны ваш рух, чую кожнае слова... А пасля таго? Як ЯНА ўставала? Як апраналася? Прасіла цябе адварочвацца? Якое было вашае першае слова раніцаю? Раней мне здавалася, што «свядомая беларуская мова сама па сабе ўзвышае, і людзі, якія гавораць на ёй, неяк вышэй і разумней за астатніх. Тады ж, зімою, усё ў мяне перамяшалася, усё святое руйнавалася кожным тваім словам. «Мне не было дзе пераначаваць, — расказваў ты, — я пайшоў да Мяцельскай. Яна была адна, ужо засынала. Я лёг на суседні ложак, ляжаў. Пасля падумаў — а-а, і перайшоў да яе. Яна не супраціўлялася...» (Ліст абрываецца).
Ліст другі
Добры дзень, Валік! Пішу табе на лекцыях, хапаючыся. Дзякуй, што хваліш мой верш, думаю, ён не варты таго.
У маім жыцці адбыліся такіясякія змены — не ведаю, ці можна пра такое некаму пісаць ці казаць, але і варыць усё ў сабе няма ўжо моцы. Запісы для сябе, у які-небудзь дзённік мяне не задавальняюць, доўга ў яго запісваць я не магу. Мне трэба бачыць перад сабою нейкі канкрэтны твар... Пачну здалёк, як я сам усё разумею: з гэтага навучальнага года я свядома перайшоў на беларускую мову, г. зн. пачаў гаварыць на ёй у магазінах, на лекцыях, з людзьмі, пісаць лісты. Зрабіў я гэта таму, каб вучыцца так думаць, бо тады яшчэ звязваў сваю будучыню з літаратурай. Пасля гэтага адбылося вось што: па-першае, на лісты мае адказаў толькі адзін чалавек — гэта ты (калі не лічыць маткі); па-другое, і ў сваім інстытуцкім асяроддзі я зрабіўся, па сутнасці, ізгоем. Хацеў я таго ці не, мне трэба было шукаць такіх, як сам. Нават не шукаць, бо такія людзі неяк самі знаходзіліся. Адзін раз, яшчэ ўвосень, да мяне зайшла адна вельмі прыгожая дзяўчына з нашага інстытута, з апошняга курса, і спытала, ці праўда, што я гавару ўвесь час «на мове»? Так мы пазнаёміліся, пачалі неяк трымацца адно аднаго, і адносіны паміж намі былі, як у даваенных фільмах — нейкія задужа ўжо цнатлівыя і ненатуральныя. Але адзін раз — перад зімовымі вакацыямі — я...