Адчуваецца пэўная аналогія паміж сітуацыяй народаў Усходняй Эўропы і сітуацыяй нямецкага грамадства пасля Другой сусветнай вайны. Быў такі ж, а можа й больш панішчаны край, такая ж размытая, цяжкая для прыняцця віна, якая можа павесці да самараспаду. Але падабенства на гэтым канчаецца. У нас ніхто не забараніў камуністычныя партыі як злачынныя арганізацыі. Для нас ніхто не арганізуе нюрнбергскага працэсу над злачынцамі. Нам ніхто не падрыхтуе план Маршала (які, насуперак сцверджанням савецкіх гісторыкаў, дапамог Заходняй Эўропе стаць на ногі).
Мы мусім зрабіць гэта самі. І мусім мець надзею, што нашы пакуты не былі дарэмнымі, не застануцца забытымі і змогуць стаць укладам у мудрасць нашай будучыні.
ТАТАЛІТАРНЫ ЧАЛАВЕК. ЭТЫКА ЦІ ПАЛІТЫКА?
Час таталітарызму паволі становіцца ўспамінам. Ад гэтага таталітарызм не перастаў быць праблемай для асэнсавання. Перад намі стаіць абавязковае заданне зразумець тое, што мы лічым перажытым.
Цяпер у нас выпрацоўваюцца новыя навыкі душэўнага складу і спосабу мыслення. Камунізм, які знікае за імглою, служыць нам для таго, каб зваліць на яго заганы і паскудствы нашага грамадства. Але ж гэтыя заганы складваліся раней. Камунізм паспрыяў іх праяўленню падобна праяўніку, які ўплывае на фотапаперу і выяўляе на ёй пэўны вобраз.
Узяць, напрыклад, такі феномен, як падпарадкаванне этыкі палітыцы, што адкрывае для ўлады шлях да злоўжыванняў. Так, Асветніцтва XVIII стагоддзя ўпэўніла нас у тым, што людская вера ў дабро і ліха ў культурным і гістарычным плане рэлятыўнае. Аднак у гэтым змяшчаецца небяспека. Ці можам мы сцвярджаць, што розніца між вегетарыянцам і канібалам толькі справа густу? Робячы пэўны выбар, даволі часта ўсё ж даводзіцца браць пад увагу маральную цану. Распаўсюджваць цярпімасць нават на фанатызм азначае выступаць у абарону нецярпімасці [5].
Вучэнні эўрапейскіх кантынентальных філосафаў зыходзяць з супольнасці «Бог, гісторыя, права» (у адрозненне ад ангельскай філасофскай школы, у якой адпраўны пункт — чалавек, а ягоная палітызаванасць дабра не прыносіць, нягледзячы на сваю неабходнасць). Чалавек як асоба ў кантынентальнай філасофіі знікае. Прызнанне за гэтай супольнасцю з усімі патрабаваннямі вядучай ролі хавае ў сабе пагрозу таталітарызму.
Таталітарныя сістэмы прад'яўляюць чалавеку высокія, часам непасільныя этычныя патрабаванні. Мала хто можа справіцца з імі, вытрымаць выпрабаванне пеклам.
Нармальныя крытэры чалавечага супольнага жыцця — прыстойнасць, сумленнасць, шчырасць — разглядаліся пры таталітарызме толькі ў аспекце іх класавага ўжывання. Людзі страчвалі неабходныя для чалавека якасці: памяркоўнасць, дружбу, каханне, пачуццё людской узаемадапамогі.
Камунізм быў нечым падобным да хваробы. Тое, што робіцца сёння, — заканамерная рэакцыя на гэтую хваробу. Такое становішча можна параўнаць з жыццём індывіда, калі яно праходзіць у дрэнных умовах. У падобных рэфлексіях нянавісці разраджаецца агрэсія, назапашаная за ўвесь змарнаваны час.
Філосаф Ханна Арэндт у сваіх «Каранях таталітарызму» (1951) пісала, што падзенне рэжыму не пакідае іншых слядоў, апрача знясіленых нацый, эканамічнага хаосу, палітычнай пусткі і духоўнай «табуля раза» (свядомасці чалавека, які не валодае з прычыны адсутнасці вонкавага пачуццёвага досведу якімі-небудзь ведамі, напрыклад толькі што народжанага).
БЯСПРАЎЕ, ЖАБРАЦТВА, ЖОРСТКАСЦЬ
Таталітарызм прынёс незвычайны вопыт ліха. Ягоная істота застанецца незразумелай, калі мы абмяжуем гэты лад бяспраўем. З бяспраўем чалавецтва сутыкалася шмат разоў. Няшчасці, што вынікаюць з яго, добра вядомыя. Жыхарам пэўных вялізных тэрыторый урад «на працягу трох стагоддзяў усяляк не даваў думаць, жадаць і дзейнічаць. Дэспатычная, капрызная і самавольная ўлада, якая так доўга іх душыла, прывучыла іх, з аднаго боку, чакаць усяго ад урада, а не ад асабістай ініцыятывы, а з другога — пагарджаць законнымі шляхамі і трывала спрабаваць так ці іначай — хітрасцю ці сілай — адхіляцца ад выканання закону» [6].
Гэта, шаноўны чытач, не пра наша з вамі грамадства напісана, а пра Лацінскую Амэрыку пад панаваннем гішпанцаў. Але гэта, зразумела, і пра нас. Аднак таталітарызм перарастае падобнае бяспраўе.
Мы не зразумеем прыроды таталітарызму, калі будзем бачыць у ім выключна эканамічны крызіс і ягоныя вынікі. Умоваю заняволення грамадства з'яўляецца спіхванне яго на нізкі ровень існавання. Як лічыць пісьменнік Р. Капусціньскі, паніжэнне роўню жыцця — агульная яго дэградацыя, пагаршэнне яго якасці, памяншэнне выгодаў і памнажэнне небяспекі пры гэтым — рэчы зусім не выпадковыя. Гэта вынікі палітыкі тых, хто імкнецца ўмацаваць сваё панаванне. Ім вядома, што чалавек аслаблены, змораны барацьбой з тысячай перашкодаў, чалавек, які жыве ў свеце жаданняў, што ніколі не выконваюцца, лягчэй паддаецца маніпуляванню, падпарадкуецца без супраціву. Барацьба за існаванне — занятак, які адбірае шмат часу, занятак усепаглынальны і вычэрпвальны. Стварыце такія антыумовы людзям, і ўлада гарантаваная на дзесяцігоддзі!
Насаджалася ўбоства матэрыяльнае і духоўнае. Беднасць вымотвала і прыгнятала чалавека, рабіла яго пакорлівейшым, узнаўляла адчуванне непаўнавартасці. Чалавек з абмежаванымі патрэбнасцямі нават не здагадваецца пра існаванне належных яму па праве рэчаў, якіх можна патрабаваць і за якія трэба змагацца.
У гэтакім грамадстве татальнай галечы спадарожнічае татальная бяздзейнасць. Спосаб выжывання тут — зусім не барацьба з прыродаю, не актыўная вытворчая дзейнасць, не безупынная праца ў поце чала, а наадварот — мінімальнае выдаткаванне энергіі, сталае імкненне нічога не рабіць. Філасофія, якая апраўдвае такія паводзіны, — фаталізм. Чалавек адчувае сябе не ўладаром абставін, а іх рабом [7].
Менавіта цяжкасці жыцця пры таталітарызме і пасля яго — транспартныя праблемы, чэргі, ушчыльненыя кватэры, запаскуджаныя лесвічныя пляцоўкі — ахоўваюць жыхарства такіх краін ад таго, каб яны задумаліся пра сэнс жыцця, пра яго жудасць, пра тупік кахання, пра непазнавальнасць самага каханага і блізкага чалавека. Калі людзі задумаюцца — яны жахнуцца. Бо экзістэнцыяльны тупік, які на Захадзе мастацтва і філасофія паспелі даследваць і апісаць, у іх яшчэ наперадзе: яны прабіраюцца да яго. Але сапраўдная нармалізацыя жыцця можа абярнуцца і для такіх людзей маральнай катастрофай. Бяздзейнасць — адзіна годнае чалавека становішча толькі тады, калі гэтая бяздзейнасць суправаджаецца працаю духу. Тады чалавеку даводзіцца задумацца ўжо не пра тое, дзе і як знайсці і здабыць кавалак хлеба, але і пра галоўнае і неразвязанае: пра канцоўнасць існавання.
Да капрызаў гісторыі, як і да капрызаў прыроды, такі заняволены чалавек ставіцца аднолькава. Для яго ўсё адно — што змена ўлады, што разводдзе. Для яго гэта перамена натуральная. Ён робіць усё, каб прыстасавацца да іх, і таму тут спробы бунту даволі рэдкія. Бо крыніца бунтоўнай сілы — не няшчасці, якія суправаджаюць галечу (яна хутчэй прыгнятае, чым распаляе энергію пратэсту), а жывая і незалежная свядомасць, упэўненая ў сваёй слушнасці.
Таталітарызм абяцае ліквідаваць нястачу ў краінах, дзе ён яшчэ не захапіў улады. Але ўяўляць сабе, што нястача сама па сабе можа быць скасаваная, гэта значыць не звяртаць увагі на гістарычную практыку. Нястача ж акрэсліваецца патрэбнасцямі. А людскія патрэбнасці могуць расці бясконца — успомніце бабулю з казкі пра залатую рыбку!
Таталітарызм вызваліў у людзях незвычайную лютасць. Яна ж у канчатковым выніку засноўваецца на таямнічай схільнасці чалавека да ліха. Гэта добра паказаў у сваёй жорсткай прозе Шаламаў. Толькі штосьці такое магло спрычыніцца да ўзнікнення канцэнтрацыйных лагераў і лагераў знішчэння, сістэмы грамадскага кантролю, установаў, што выпрацоўвалі хлусню, урэшце, невядомага датуль перманентнага забойства люду.
Таталітарызм патрапіў здабыць найгоршыя сілы, дзякуючы якім ён трымаўся, існаваў. Як піша пісьменнік В.П'ецух, тысяча гадоў хрысціянства пайшла прахам, як толькі чалавеку дазволілі рабаваць і забіваць [8].
Камуністычная, як і іншая, фашысцкая, таталітарная ментальнасць адпавядае натуры пэўных тыпаў людзей. Яна спрадвечная. Яе можна прасачыць ва ўсёй гісторыі. Гэта адзінаўладства, нянавісць да грамадства, дзяленне яго на антаганістычныя часткі, тэрор, дэмагогія, нігілізм. Атрымліваецца хаос у думках, які ў такіх умовах ствараецца і вядзе да прымітыўнага мыслення. Выхаваны гэтакім чынам фанатызм выклікае ў чалавеку больш энергіі, чым дабрыня і мяккасць. Таму фанатыкам лягчэй навязаць іншым сваю волю і дамагчыся ўлады.