Выбрать главу

- Ды не, - спрачалася са мною Джэнi, - гэта не дванаццаць, а шэсць долараў. Ты ж можаш хадзiць i без мяне. Я ўсё роўна нiчога не разумею ў гэтай гульнi. Чую адно, што заходзяцца: "Улупiце iм!" Табе гэта дужа даспадобы, вось i хадзi на свой футбол.

- Усё, пытанне закрытае, - адказаў я цвёрда, як сама сапраўдны муж i гаспадар дома. - Будзе хоць час займацца вучобаю.

Аднак усё роўна я бавiў суботнiя вечары, прыпадаючы вухам да транзiстара слухаў роў заўзятараў, якiя, хоць i знаходзiлiся цяпер за нейкую мiлю ад мяне, належалi ўжо да iншага свету.

I ўсё-такi я карыстаўся сваiмi прывiлеямi сябры клуба, купляючы бiлеты на гульнi з удзелам ейльскай каманды Робi Ўолду, таварышу па Юрыдычнай школе. Калi, не адзiн раз падзякаваўшы мне, Робi выходзiў ад нас, Джэнi кожны раз прасiла растлумачыць ёй, хто мае права на гасцявыя месцы Варсiцi-клуба, i я зноў паўтараў - усе тыя, хто, незалежна ад узросту, фiзiчных дадзеных i сацыяльнага статусу, множылi славу Гарварда на спартовых арэнах.

- У тым лiку i на водных? - папыталася яна.

- Спартсмен ёсць спартсмен, сухi ён цi мокры, - адказаў я.

- Цябе гэта не датычыць, - сказала яна. - Ты зледзянелы.

Я змоўчаў, вырашыўшы, што гэта яе звычайныя кпiны. Мне не хацелася больш думаць, што ў яе пытаннях пра спартовыя традыцыi Гарварда быў нейкi затоены сэнс. Як, да прыкладу, у яе заўвазе адносна таго, што, хоць стадыён Солджэрс-Фiлд i ўмяшчае сорак пяць тысяч заўзятараў, усе былыя спартсмены сядзяць на той самай гасцявой трыбуне. Усе. Старыя i маладыя. Мокрыя, сухiя i нават зледзянелыя. I, можа, я не хадзiў на стадыён па суботах не толькi дзеля таго, каб зэканомiць шэсць долараў?

Але калi Джэнi i праўда мела на ўвазе штосьцi адрознае ад эканомii, дык я проста не жадаў пра гэта гаварыць.

13

"Мiстэр i мiсiс Олiвэр Барэт III запрашаюць Вас на абед з нагоды шасцiдзесяцiгоддзя мiстэра Барэта - у суботу 6 сакавiка а сёмай гадзiне вечара ў Доўвэр-Хаўзе, Iпсвiч, Масачусэтс. R.s.v.p.*".

* R.s.v.p. (арэсвэпэ) - Repondez s'il vous plait (фр.) - просьба адказаць.

- Ну, што ты на гэта скажаш? - папыталася Джэнiфэр.

- Магла б i не пытацца, - адказаў я.

Я ўважлiва чытаў тым часам "справу Пэрсiваля" - важнейшы прэцэдэнт у амерыканскiм крымiнальным праве.

- А па-мойму, даўно пара. - Усё роўна як дражнячы мяне, Джэнi памахвала запрашэннем у мяне перад носам.

- Даўно пара - што?

- Ты выдатна ведаеш што, - адказала яна. - Ты хочаш, каб ён прыпоўз да цябе на каленях?

Я не адрываўся ад кнiгi, а яна ўсё апрацоўвала мяне.

- Олi, ён працягвае табе руку.

- Лухта. Адрас на канверце напiсаны маткаю.

- Ты ж сказаў, што нават не зiрнуў на яго? - лiчы што крыкнула Джэнi.

Ну, няхай будзе так. Дапусцiм, зiрнуў краем вока. А потым забыўся. Урэшце, маю галаву, над якою навiс чарговы iспыт, цалкам займала "справа Пэрсiваля". Але Джэнi ўжо не магла спынiцца.

- Олi, падумай, - ушчувала яна мяне. - Яму ж ужо шэсцьдзесят гадоў! I няма нiякай гарантыi, што ён дажыве да таго дня, калi ты даспееш да прымiрэння.

Я паспрабаваў як мага прасцей растлумачыць Джэнiфэр, што прымiрэння не будзе нiколi, i папрасiў яе не замiнаць мне засвойваць такi рэдкi прэцэдэнт у амерыканскай юрыспрудэнцыi, як "справа Пэрсiваля". Джэнiфэр моўчкi села каля мяне на краi падушкi, на якой ляжалi мае ногi. I хоць Джэнi i слова не сказала, я ўвесь час адчуваў, што яна пiльна глядзiць на мяне. Я ўзняў вочы.

- Аднойчы, - сказала яна, - калi Олiвэр пяты гэтаксама наплюе на цябе...

- Яго не будуць зваць Олiвэр, можаш быць пэўная, - рэзка кiнуў я.

Але яна не ўзвысiла голас, як заўсёды рабiла гэта пасля таго, як я павышаў тон.

- Паслухай, Ол, нават калi мы назавём яго Боза-Клоўн*, ён усё роўна зненавiдзiць цябе за тое, што ты быў знакамiтым гарвардскiм спартсменам. А калi ён стане паўналетнiм, ты ўжо, мажлiва, будзеш засядаць у Вярхоўным судзе.

* Персанаж папулярнае ў ЗША дзiцячае тэлеперадачы.

Я сказаў ёй, што мой сын нiколi не зненавiдзiць мяне. Чаму ты так у гэтым упэўнены, папыталася яна. Гэтага я растлумачыць не мог. Проста я ведаў, што наш сын не зненавiдзiць мяне нiколi. А чаму - сказаць не мог.

- Твой бацька таксама любiць цябе, - сказала яна нi з таго нi з сяго. - Ён любiць цябе гэтаксама, як ты будзеш любiць Боза. Але вы, Барэты, з вашым клятым гонарам ды самалюбствам, вы зможаце ўсё жыццё пражыць ва ўпэўненасцi, што ненавiдзiце адзiн аднаго.

- Вядома, калi б у нас не было цябе, - вырашыў я аджартавацца.

- Так, - сур'ёзна сказала яна.

- Годзе, закрылi праблему, - паставiў кропку я.

Я ж быў усё-такi мужам i гаспадаром у доме. Я зноў пачаў чытаць "справу Пэрсiваля", а Джэнi ўстала. Ды раптам заявiла:

- Дык як наконт "эрэсвэпэ"?

Тады я сказаў, што выпускнiца Рэдклiфа можа напiсаць кароткую пачцiвую адмову i без дапамогi спецыялiста.

- Олiвэр, - сказала яна, - магчыма, я не заўсёды кажу праўду, аднак я нiколi нiкому не рабiла балюча наўмысна...

Вядома, калi не лiчыць таго, што ў гэты момант яна рабiла балюча мне. Я вельмi цёпла папрасiў яе напiсаць адмову ў любой, якая ёй даспадобы, форме, абы з адказу было ясна вiдаць: хутчэй у пекле ўдараць маразы, чым мы прыедзем на дзень нараджэння майго бацькi. I зноў вярнуўся да "справы Пэрсiваля".

- Якi ў вас нумар? - вельмi цiха папыталася Джэнi, падышоўшы да тэлефона.

- Ты не можаш проста паслаць запiску?

- Яшчэ секунда, i ў мяне не вытрымаюць нервы. Нумар?

Я назваў нумар i адразу паглыбiўся ў чытанне апеляцыi Персiваля ў Вярхоўны суд. Я не прыслухоўваўся да таго, што гаварыла Джэнi. Дакладней, стараўся не прыслухоўвацца - усё ж такi мы былi ў адным пакоi.

- Добры вечар, сэр, - сказала яна.

Што, Сукiн Сын сам падышоў да тэлефона? Хiба буднiмi днямi ён не ў Вашынгтоне? Пра гэта нядаўна паведамляла "Ню-Ёрк Таймс". Цяпер журналiстам нельга верыць анiколi.

Цiкава, колькi ж трэба часу, каб сказаць "не"? Мне здалося, што яго прайшло ўжо нашмат болей, нiж патрабуецца, каб прамовiць гэтае простае слова.

- Олi! - крыкнула яна, прыкрыўшы слухаўку далоняю. - Ты настойваеш, каб я адмовiлася?

Я кiўнуў галавою: настойваю - i нецярплiвым узмахам рукi даў зразумець: паспяшайся.

- Мне страшэнна шкада, - сказала яна цiха ў слухаўку, - дакладней, нам страшэнна шкада, сэр...

Нам? Навошта ж мяне сюды ўплятаць? Ну чаму, чаму яна не можа паставiць кропку i павесiць слухаўку?

- Олiвэр! - Яна зноў прыкрыла слухаўку рукою i вельмi цвёрда сказала мне: - Яму балюча, Олiвэр! Прашу цябе: перастань мучыць свайго бацьку! У яго ж сэрца крывёю сцякае!

Калi б яна не была такая ўсхваляваная, я мог бы растлумачыць ёй, што камянi не сцякаюць крывёю i што яна памыляецца, праецыруючы свае iталiйска-мiжземнаморскiя паняццi на Рашморскiя скалы. Але Джэнi, усхваляваная, усё даймала мяне.

- Олiвэр! - умольвала яна. - Ну скажы яму хоць што-небудзь!

Яму? Мабыць, яна з глузду з'ехала!

- Ну хоць прывiтанне перадай! - Джэнi працягвала мне тэлефонную слухаўку. Было вiдаць, што яна ледзь стрымлiвалася, каб не заплакаць.

- Я нiколi не буду гаварыць з iм. Нiколi. - Я ж быў абсалютна спакойны.

I тут яна заплакала. Нячутна, не ўсхлiпваючы - адно слёзы кацiлiся па шчаках. А потым - потым зноў пачала ўмольваць мяне:

- Дзеля мяне, Олiвэр! Я нiколi нi аб чым цябе не прасiла. Ну калi ласка!

Нас было трое ў гэтым пакоi (мне здалося, што бацька таксама тут). I ўсе трое чагосьцi чакалi. Чаго? Каб я перасiлiў сябе?

Але я не мог гэтага зрабiць.

Няўжо Джэнi не разумела, што патрабуе ад мяне немагчымага? Што я зрабiў бы дзеля яе ўсё, што яна нi захацела б, толькi не гэта? Я ўтупiўся ў падлогу i зацята круцiў галавою: "Не".

- Ты проста бяздушны нягоднiк, - раз'юшана кiнула мне раптам Джэнi нейкiм прыглушаным шэптам, потым сказала ў слухаўку: - Мiстэр Барэт, Олiвэр хоча сказаць вам, што па-свойму ён... - Тут яна запынiлася, каб перавесцi дыханне. Гэта далося ёй нялёгка, бо яна ўсё яшчэ плакала. Я быў такi збянтэжаны, што не перапынiў яе, а моўчкi чакаў заканчэння "майго" паслання.