- Олiвэр!
Я спынiўся - i ўбачыў свайго бацьку.
Мы былi адны тут, калi не лiчыць дзяжурнае сястры ў рэгiстратуры.
Але я не мог гаварыць цяпер з iм i накiраваўся да дзвярэй на вулiцу. Праз нейкае iмгненне ён дагнаў мяне.
- Олiвэр! Ты павiнен быў сказаць мне.
Было вельмi холадна. Але гэта мне, можна сказаць, падабалася, бо я ўсё роўна як здранцвеў i хацеў хоць што-небудзь адчуваць. Бацька ўсё гаварыў i гаварыў, а я моўчкi стаяў, падставiўшы твар парывам сцюдзёнага ветру.
- Я адразу прымчаўся сюды, як толькi даведаўся.
Я забыўся надзець палiто. Праз холад у мяне ажно твар пачаў застываць. Добра... Добра...
- Олiвэр, - настойлiва паўтарыў бацька, - я хачу табе дапамагчы.
- Джэнi памерла, - сказаў я.
- О Божа!.. Як мне шкада, - узрушана прашаптаў ён.
Не ведаю чаму, але тут я згадаў словы, сказаныя мне вельмi даўно адной цудоўнай дзяўчынай, якое ўжо не было.
- "Каханне - гэта калi нi аб чым не трэба шкадаваць", - паўтарыў я iх.
А потым зрабiў тое, чаго нiколi не рабiў пры бацьку, тым больш - у яго на грудзях.
Я заплакаў.