Выбрать главу

— А я думаў, што мая дзяўчына добрая каталічка.

— Я сапраўды твая дзяўчына і сапраўды добрая. — Джэні паглядзела на мяне, чакаючы пацвярджэння, і я ўсміхнуўся. Яна ўсміхнулася ў адказ: — Выходзіць, ты амаль угадаў — два пункты з трох.

Тады я папытаўся ў яе, чаму яна носіць крыжык, ды яшчэ на запаяным ланцужку. Яна растлумачыла, што крыжык належаў яе нябожчыцы маці і носіць яна яго ў памяць аб ёй — з рэлігіяй гэта не звязана. Потым мы зноў загаварылі пра сябе:

— Паслухай, Олівэр, я казала табе, што кахаю цябе?

— Не, Джэні.

— Чаму ж ты ў мяне не спытаўся?

— Папраўдзе, баяўся.

— Спытайся цяпер.

— Ты кахаеш мяне, Джэні?

— А ты як думаеш? — зазірнула яна мне ў самыя вочы.

— Напэўна. Можа быць… Кахаеш.

Я пацалаваў яе ў шыю.

— Олівэр?

— Што?

— Я цябе не тое што кахаю…

— Божа, дык што ж тады?..

— Олівэр, я цябе вельмі кахаю…

6

Выдатны хлопец — Рэй Стратан.

Можа, ён не геній і не вялікі футбаліст (крыху запаволены), але сябра ён надзейны — лепшага суседа па інтэрнацкім нумары не знайсці. Як жа ён, бядак, мучыўся праз мяне на апошнім курсе! Куды хадзіў займацца, калі натыкаўся на гальштук, які вісеў на дзвярной ручцы, што азначала: «Я не адзін». Можа, займацца тым часам ён і не збіраўся, аднак калі-нікалі яму ўсё ж такі прыходзілася гэта рабіць. Мабыць, ён хадзіў тады ў бібліятэку ці нават у студэнцкі клуб. Але дзе ж ён спаў у тыя ночы з суботы на нядзелю, калі мы з Джэні ігнаравалі інтэрнацкія парадкі і яна заставалася ў мяне да ранку? Рэй змушаны быў шукаць дзе пераспаць — прасіцца да суседзяў на вольную канапу, калі тая, вядома, не была гэтаксама занятая. Добра хоць, што найчасцей гэта здаралася пасля заканчэння футбольнага сезона. І, натуральна, я зрабіў бы дзеля яго тое самае.

Але што ж ён меў за гэта ад мяне ва ўзнагароду? У былыя часы я дзяліўся з ім усімі падрабязнасцямі сваіх любоўных перамог. Аднак цяпер ён быў не толькі пазбаўлены сваіх неад'емных правоў сябра на суперажыванне — больш таго, я нават не прызнаўся яму, што мы з Джэні — каханкі. Я проста казаў яму, калі нам спатрэбіцца пакой, а ўжо навошта — мусіў здагадвацца ён сам.

— Барэт, дык спіш ты з ёю ці не? — дапытваўся Рэй.

— Рэйманд, я цябе як сябра прашу: не пытайся.

— Вы ж з ёю адсюль днямі і начамі не вылазіце. Чым тут так доўга можна займацца?

— Тады навошта пытацца, Рэй?

— Бо ў гэтым ёсць нешта нездаровае.

— Што менавіта?

— Ды ўсё, Ол. Раней у цябе такога ніколі не было. Раней ты дзядзьку Рэю ўсё выкладваў. Ведаеш, непрыгожа гэта неяк. Дальбог, гэта нешта ў цябе хваравітае. Ну што ты ў ёй знайшоў асаблівага?

— Паслухай, Рэй, калі прыходзіць сапраўднае каханне…

— Каханне?

— Не прамаўляй гэтае слова брудна.

— Каханне? У тваім узросце? Дзед, мне за цябе страшна.

— Чаму ж гэта? Баішся, што з'еду з глузду?

— Баюся за тваю халасцяцкую свабоду… За жыццё тваё баюся!

Нябога Рэй. І праўда перапалохаўся.

— Баішся страціць добрага суседа?

— Як наконт страціць — не ведаю. А вось знайсці — дык ужо знайшоў. Суседку. Яна тут ужо, лічы, пасялілася.

Я якраз збіраўся на канцэрт, дык пара было канчаць гэтую гамонку.

— Добра, не бядуй, Рэйманд. Ноймем кватэру ў Ню-Ёрку, будзем цёлак мяняць кожную ноч. Усё пераспрабуем.

— Як гэта — «не бядуй»? Барэт, я ж бачу, што яна цябе абкруціла.

— Сітуацыя цалкам пад маім кантролем, — адказаў я. — Супакойся.

Папраўляючы гальштук, я рушыў да дзвярэй. Але Стратан ніяк не мог суняцца:

— Олі!

— Што?

— Дык вы з ёй спіце?.. Спіце ж?

— О Божа!..

На гэтым канцэрце Джэні не сядзела побач са мною — яна была на сцэне. Аркестр Бахаўскага таварыства выконваў у Данстэрскім каледжы Пяты Брандэнбургскі канцэрт, і Джэні саліравала на клавесіне. Вядома, я ўжо шмат разоў слухаў, як яна іграе, аднак ніколі — з аркестрам і на публіцы. Божа, мяне проста распірала з гонару. Я не заўважыў у яе выкананні аніводнае хібы.

— Ты нават уявіць сабе не можаш, як файна ты іграла, — сказаў я ёй пасля канцэрта.

— Дужа ты разбіраешся ў музыцы, падрыхтунчык.

— Дастаткова разбіраюся.

Мы стаялі ў двары каледжа. Быў такі красавіцкі вечар, калі ўжо верыш, што нарэшце вясна дабярэцца і да Кембрыджа. Калегі Джэні праходжваліся паблізу, у тым ліку і Марцін Дэвідсан, які выстрэльваў вачыма ў мой бок зарады нянавісці, і таму я не стаў спрачацца з Джэні наконт цяжкасцей ігры на клавішных інструментах.