Выбрать главу

Значыцца, абед — неадменны. Сотmе іl faut[5], нічога не скажаш.

І гэта ў нядзелю, калі аўтастрада № 1 мала не забарыкадаваная машынамі і кожны так і пнецца загарадзіць табе праезд. Я вырваўся з агульнага патоку і збочыў на Гротан-стрыт, па якой ганяў з чатырнаццаці гадоў, не прытарможваючы на паваротах.

— А дзе ж дамы? — спыталася Джэні, гледзячы па баках. — Тут жа адны дрэвы.

— Дамы за дрэвамі.

Калі едзеш па Гротан-стрыт, трэба быць дужа пільным, каб не праскочыць сваю паваротку. Ну а гэтым разам, вядома, я праехаў лішнія трыста ярдаў і толькі тады, зразумеўшы, дзе я, націснуў на тармазы.

— Чаму ты спыніўся? — запыталася Джэні.

— Паваротку праскочыў, — прамармытаў я…

Ці ж не сімвалічна, што я мусіў сунуцца назад ажно трыста ярдаў, каб дабрацца да нашае сямейнае крэпасці? Апынуўшыся на барэтаўскай тэрыторыі, я зменшыў хуткасць. Ад Гротан-стрыт да нашага маёнтка, Довэр-хаўс — сама меней паўмілі. Па дарозе да яго праязджаеш таксама… э-э, іншыя будынкі. Мяркую, той, хто бачыць гэтае відовішча ўпершыню, перажывае моцнае ўражанне.

— Божа! — ахнула Джэні.

— Што такое?

— Стой, Олівэр. Прашу цябе, спыні машыну.

Я затармазіў. Джэні ажно ўціснулася ў сядзенне.

— Слухай, я і падумаць не магла, што ты прывязеш мяне ў такую мясціну.

— У якую — «такую»?

— Такую шыкоўную. У вас, мабыць і прыгонныя ёсць?

Я хацеў дакрануцца да яе рукі, але адчуў, што ў мяне вільготныя далоні (гэтага ў мяне не бывае амаль ніколі), і паспрабаваў супакоіць яе словамі:

— Ну што ты, Джэні? Усё будзе добра.

— Можа быць, але мне раптам захацелася, каб мяне звалі не Джэні Кавілеры, а да прыкладу, Эблігэйл Адамс ці Ўэндзі Ўосп[6]

Далей ехалі моўчкі. Выйшаўшы з машыны, мы рушылі да параднага ўваходу. Я націснуў на званок, і тут Джэні зноў запанікавала:

— Олі, я не хачу! Паедзем адсюль.

— Спакайней, Джэн. Я ж табе сказаў: усё будзе добра.

Ну што яшчэ мог я сказаць ёй? Дзверы адчыніла Флоўрэнс, наша старая і ўсім сэрцам адданая нам служанка.

— Праходзьце, калі ласка, мастэр[7] Олівэр, — прывітала яна мяне.

Божа, як жа я ненавіджу, калі мяне так называюць! Аж шалею ад гэтага прыніжальнага намёку на вышэйшасць ад мяне містэра Стода.

Флорэнс сказала, што мае бацькі чакаюць нас у бібліятэцы. Джэні ашаломлена разглядвала сямейныя партрэты, якімі былі пазавешваныя сцены. І, думаю, галоўная прычына гэтае збянтэжанасці была не ў тым, што некаторыя з іх намаляваў сам Сінгер Сарджэнт[8], (да прыкладу, выяву Олівэра Барэта II, якую калі-нікалі выстаўлялі ў Бостанскім музеі), а найбольш у тым, што Джэні нечакана даведалася: не ўсе мае продкі насілі імя Барэт.

Самавітыя прадстаўніцы жаночае лініі роду Барэтаў, удала выйшаўшы замуж, падарылі свету такіх адметных асоб, як Барэт Уінтроп, Рычард Барэт С'юэл і, нарэшце, Эбат Лоўрэнс Лаймэн, які рызыкнуў пражыць жыццё, прайсці, дарэчы, цераз Гарвард і стаць хімікам-лаўрэатам, не маючы ў сваім імені аніякага намёку на прыналежнасць да барэтаўскага клана.

— Божа літасцівы! — ціха ўсклікнула Джэні. — Імёнамі ж гэтых людзей названа палова гарвардскіх будынкаў!

— Лухта ўсё гэта, — сказаў я.

— Я не ведала, што ты маеш дачыненне нават да Сыоўлскай лодачнай станцыі.

— Маю дачыненне. Камянёў ды драўляшак у маёй генеалогіі багата.

У канцы доўгае партрэтнае галерэі, якраз там, дзе трэба збочваць у бібліятэку, стаіць вялікая шкляная скрыня. У ёй захоўваюцца трафеі. Спартовыя трафеі.

— Божа, які цуд! — зноў усклікнула Джэні. — Ніколі не бачыла, каб гэтыя штукі былі такія падобныя да золата і срэбра.

— А гэта і ёсць золата і срэбра.

— Ды ты што?!. Твае?

— Не. Ягоныя.

На Алімпінскіх гульнях у Амстэрдаме Рычард Барэт III медаля не заваяваў — гэты факт сумненню не падлягае. Але ж нельга аспрэчваць і таго, што ён зведаў славу гучных перамог на іншых спаборніцтвах. На некалькіх. Нават на многіх. Зіхоткія доказы ягоных поспехаў сляпілі цяпер вочы мала не ачмурэлай Джэні.

— За гульню ў кеглі на крэнстанскіх сечах такіх цацак не даюць. — Потым яна надумалася кінуць костку і мне: — Олівэр, а ў цябе ёсць прызы?

— Ёсць.

— Ты таксама трымаеш іх пад шклом?

— Не. Пад ложкам. У маім пакоі.

Яна з захапленнем зірнула на мяне шырока расплюшчанымі вачыма і ці не шэптам сказала:

— Паглядзім іх потым, добра?

Перш чым я паспеў адказаць і хоць бы крыху падумаць, наколькі праўдзівая гэтая яе матывацыя наведвання маёй спальні, нас перапынілі:

вернуться

5

Сотmе іl faut (фр.) — прыстойна.

вернуться

6

Слова-абрэвіятура, якое азначае «стоадсоткавы амерыканец». «WASP»: White — белы, Anglo-Sахоп — англасакс, Protestant — пратэстант.

вернуться

7

Мастэр (англ. «master») — сінонім слова «містэр» у дачыненні да маладога чалавека.

вернуться

8

Сінгер Сарджэнт (1856–1922) — вядомы амерыканскі мастак.