Выбрать главу

Але жарт нікога не развесяліў. А менш за ўсіх Джэні.

Яна адвяла ад мяне вочы. Олівэр III холадна зірнуў на мяне:

— Я вельмі хацеў бы, Олівэр, каб ты калі-нікалі быў з намі душою.

Абед не прайшоў у невыносным маўчанні дзякуючы адно фенаменальнай матчынай здольнасці весці свецкую гутарку.

— Дык вашыя бацькі з Крэнстана, Джэні?

— Толькі тата. Маці з Фол-Рывэра.

— Барэты маюць заводы ў Фол-Рывэры, — заўважыў Олівэр III.

— Дзе яны эксплуатавалі пакаленні беднякоў, — дадаў Олівэр IV.

— У дзевятнаццатым стагоддзі, — парыраваў Олівэр III.

Маці ўсміхнулася, відавочна, задаволеная, што ў гэтым сэце мяне перайграў яе Олівэр. Але, як кажуць, яшчэ не вечар.

— А як наконт планаў аўтаматызаваць гэтыя самыя заводы? — нанёс я ўдар у адказ.

Зноў запала маўчанне. Зараз ён сцебане якой-небудзь рэплічкай.

— А як наконт кавы? — спыталася Элісан Форбс Барэт.

Мы вярнуліся ў бібліятэку на апошні раўнд. Абавязкова апошні: заўтра нам трэба ісці на заняткі, Стода чакаў банк, дый маці пэўна ж збіралася зранку ажыццявіць нейкую запланаваную годную акцыю.

— Табе з цукрам, Олівэр? — папыталася яна.

— Олівэр заўсёды п'е каву з цукрам, дарагая, — сказаў бацька.

— Але не сёння, дзякуй, — сказаў я. — Без малака і без цукру, мама.

Кожны ўзяў свой кубак, і мы ўселіся ў фатэлі, адчуваючы, што нам абсалютна няма чаго сказаць адно аднаму. Але раптам я знайшоў тэму.

— Скажы, Джэніфэр, што ты думаеш пра Корпус Міру? — пацікавіўся я.

Яна змрочна зірнула на мяне і змаўчала.

— Ты што, Олівэр, яшчэ не сказаў ім? — здзіўлена спыталася маці ў бацькі.

— Цяпер не час, дарагая, — сказаў Олівэр III з фальшывай сціпласцю, у якой, аднак, выразна чулася: «Спытайцеся ў мяне, спытайцеся!»

— Пра што гаворка, бацька?

— Нічога асабліва важнага, сын.

— Не разумею, як ты можаш так гаварыць, — сказала маці і павярнулася да мяне, каб з пыхаю паведаміць навіну. (Я ж кажу: яна заўсёды на ягоным баку.) — Твайго бацьку прызначаюць дырэктарам Корпуса Міру.

— О! — усклікнуў я.

Джэні таксама ўсклікнула: «О!» — толькі зусім інакш, голасам нашмат больш радасным.

Бацька зрабіў выгляд, што ён засмуціўся, а маці, здаецца, чакала, што я ці не вобзем грымнуся ад пашаны да такога таты. Можна падумаць, што яго дзяржаўным сакратаром прызначылі, няйначай.

— Віншую вас, містэр Барэт! — узяла ініцыятыву на сябе Джэні.

— Прыміце і мае віншаванні, сэр, — далучыўся да яе я.

Маці аж не магла, так хацела прадоўжыць гэтую гутарку.

— Я ўпэўненая, што гэта будзе вельмі цікавая і карысная праца, — сказала яна.

— О, вядома, — падхапіла Джэні.

— Згодны, — сказаў я без асаблівай перакананасці. — Э-э… мама, перадай мне, калі ласка, цукру.

8

— Джэні, яго ж, урэшце, не дзяржаўным сакратаром прызначылі!

— І ўсё ж такі, Олівэр, ты мог бы сустрэць гэтае паведамленне з большым імпэтам.

— Я яго павіншаваў.

— Глядзі ты — якая высакароднасць!

— Чорт, чаго ты ад мяне чакала?

— Божа, — адказала яна, — ды мяне проста выварочвае ад усяго гэтага!

— Мяне таксама, — заўважыў я.

Потым мы доўга ехалі моўчкі — аніводным словам не перакінуліся. Але я адчуваў: нешта тут не так.

— Дык ад чаго — «ад усяго» — цябе выварочвае, Джэн?..

— Ад таго, як ты ставішся да свайго бацькі.

— А ён да мяне як ставіцца?

І тут яна вываліла на мяне рандолю маралізатарскай лапшы. Дакладней, спагеці. Ведама ж, я зрабіў замах на сама святое, што было ў Джэні: на бацькоўскую любоў і на пачуцці да бацькі. Сама сапраўдны італійска-міжземнаморскі сіндром. Які ж я благі сын!

— Ты яго зневажаеш, зневажаеш і зневажаеш!

— А ён мяне не? Ці ты не заўважыла, Джэн?

— Ды я ўпэўненая, што ты ні перад чым не спынішся, абы дапячы няшчаснаму старому!

— «Дапячы» Олівэру Барэту Трэцяму немагчыма.

Памаўчаўшы — і маўчанне гэтае мяне насцярожыла, — яна раптам сказала:

— Хіба толькі ажаніўшыся з Джэніфэр Кавілеры.

Гэтыя словы так пранялі мяне, што я ледзь змог збочыць на стаянку каля прыдарожнага шынка. Спыніў машыну і павярнуўся да Джэніфэр, злы, як чорт.

— Ты што, і праўда так думаеш?

— Прыкладна так, — адказала яна вельмі спакойна.

— Джэні, ты што, не верыш, што я кахаю цябе?! — крыкнуў я.

— Веру, — зноў спакойна адказала яна. — Але ёсць нешта вар'яцкае ў тым, што ты ўпадабаў мой дужа сціплы сацыяльны статус.

Ну што я мог сказаць? Не — адназначна. Я паўтарыў ёй усё, што пра гэта думаю, некалькі разоў з сама рознымі інтанацыямі. Я быў такі засмучаны, што нават задумаўся: ці ж няма хоць каліўца праўды ў гэтым яе жахлівым меркаванні?