Яна таксама не ззяла.
— Я не сцвярджаю, што гэта так, Олі. Проста мне здаецца, што нейкая рацыя ў маёй развазе ўсё-такі ёсць. Ведаеш, я ж таксама не толькі кахаю цябе. Я люблю тваё імя. І твой, скажам так, рэйтынг. — Джэні адвярнулася, і мне здалося, што зараз яна заплача. Аднак яна не заплакала, а прамармытала: — У рэшце рэшт, тваё імя — гэта частка цябе.
Я сядзеў у машыне і глядзеў на неонавы надпіс «Мідзіі і вустрыцы». Болей за ўсё я любіў у Джэні тое, што яна ўмела зазірнуць мне ў душу, зразумець рэчы, якіх не перадасі словамі. Яна і цяпер усё разумела. Аднак ці хопіць у мяне сілы паглядзець праўдзе ў вочы? Божа, яна ж знайшла ў сабе мужнасць убачыць і прызнаць недасканаласць і маю, і сваю ўласную! Божа, якім нікчэмным я цяпер сябе адчуваў! Не ведаў, што і сказаць.
— Джэн, ты не хочаш мідзій ці вустрыц? — запытаўся я ў яе.
— А ты не хочаш у зубы, падрыхтунчык?
— Хачу, — адказаў я.
Яна сціснула кулак і размахнулася, а потым лёгка прыклала яго да маёй шчакі. Я пацалаваў гэты кулачок і пацягнуўся да яе, аднак, як толькі я паспрабаваў абняць яе, яна ўпёрлася рукамі мне ў грудзі і гаркнула, як сама сапраўдны гангстэр з «пугачом» у руцэ:
— Пагналі, падрыхтунчык! За руль — і гайда!
Добра, любая. Добра.
Найболей бацька папракаў мяне ў залішняй таропкасці. Мітуслівасці. Нецярплівасці. Не памятаю добра, што за словы ён мне казаў, але пропаведзь, якую ён прачытаў мне ў Гарвард-клубе, датычыла перадусім маёй паспешлівасці. Напачатку, каб разагрэцца, ён загадаў мне не есці так хутка. Я пачціва нагадаў яму, што я ўжо досыць дарослы чалавек і яму няварта спрабаваць выправіць мае паводзіны ці нават каменціраваць іх. У адказ ён заявіў, што нават вялікім дзяржаўным дзеячам неабходная час ад часу канструктыўная крытыка. Я расцаніў гэтую заўвагу як не надта тонкі намёк на тое, што колісь ён служыў у першай рузвельтаўскай адміністрацыі. Аднак мне зусім не хацелася даць яму разгарнуцца ва ўспамінах, напрыклад, аб ролі, якую ён адыграў у правядзенні нацыянальнае банкаўскае рэформы. Так што бацюхна заглух.
Як я ўжо сказаў, мы абедалі ў бостанскім Гарвард-клубе. Я вельмі злуюся, калі нехта згаджаецца з тым, як бацька мяне ацэньвае. А тут спрэс адны людзі Барэта III. Ягоныя аднакласнікі, аднакурснікі, кліенты, тыя, што хочуць стаць ягонымі кліентамі, і гэтак далей, і гэтак далей… У мяне сумнення няма, што ўсё тут зладжана — і цяпер, і заўсёды. Як ні прыслухаюся да гоману, дык толькі і чую: «Вось ідзе Олівэр Барэт!», ці: «Гэта Барэт, лідэр гарвардскай хакейнай каманды!», ці што-небудзь яшчэ накшталт гэтага.
У нас была чарговая, як я іх называю, «антыразмова». Ад усіх папярэдніх яна адрознівалася хіба што жудасным лухтавізмам.
— Бацька, ты ж і слова не сказаў пра Джэніфэр.
— А што тут гаварыць? Ты паставіў нас перад фактам, ці ж не?
— Але я хачу ведаць, што ты пра яе думаеш, бацька.
— Я думаю, што Джэніфэр — дзяўчына выдатная. Прабіцца ў Рэдкліф з яе засценка — гэта ўжо нешта значыць…
Усё мне ясна, бацечка, з гэтай тваёй дэмагогіяй наконт «працаваць трэба, цярпець…». Палямі-агародамі ўхіляешся ад адказу.
— Бацька, гавары шчыра.
— Ну а калі шчыра, дык юная лэдзі тут зусім ні пры чым, — сказаў ён. — Справа ў табе самім.
— Вось як?
— Справа ў тваім бунце. Ты ўсяго толькі бунтуеш, сын.
— Бацька, дык, па-твойму, жаніцьба з прыгожай і разумнай студэнткаю Рэдкліфа — бунт? Яна ж не якая-небудзь прыпыленая хіпуля.
— Ёй багата чаго не хапае.
Ага, пачынаецца. Бацюхна ты мой, не грузі лепш гэтага смецця!
— Скажы, бацька, што цябе больш за ўсё ў ёй раздражняе — што яна каталічка ці што яна бедная?
— А што цябе больш за ўсё вабіць у ёй? — амаль прашаптаў ён, падаўшыся да мяне.
Мне захацелася ўстаць і пайсці, і я яму гэта сказаў.
— Заставайся на месцы і гавары па-мужчынску, — сказаў ён.
А як я гаварыў дагэтуль? Як хлопчык? Як дзяўчо? Як мышанё? І ўсё ж я застаўся.
Ад таго, што я не падняўся з-за стала, Сукінага Сына ажно распірала ад задавальнення. Мяркую, ён расцаніў гэты факт як сваю чарговую перамогу нада мною.
— Я толькі прасіў бы цябе крыху счакаць, — прамовіў Олівэр Барэт III.
— Скажы, калі ласка, «крыху счакаць» — гэта колькі?
— Пакуль не закончыш Юрыдычнай школы. Калі ў вас сапраўднае пачуццё, дык яно павінна вытрымаць гэтае выпрабаванне.
— Гэта сапраўднае пачуццё, але, выбачай, якога чорта я павінен яго яшчэ выпрабоўваць?
Я, па-мойму, ясна яму ўсё выказаў. І не хацеў здавацца перад ім, перад ягоным вечным судзействам, знаходзіцца пад ягоным няспынным прыгнётам ды кантролем.