— А ты — не?
Я змоўк і больш ужо не сказаў ні слова да самага канца дарогі.
Вуліца, на якой жыла Джэні, называлася Гамільтон Авэню. Праспект гэты ўяўляў сабою доўгую чараду драўляных дамкоў, каля якіх валтузілася дзятва. Было яшчэ колькі чэзлых дрэваў. Едучы тут і азіраючыся па баках, я адчуваў сябе ўсё роўна як на іншае планеце. Пачаць хоць бы з таго, што вакол была процьма народу. Гэта калі не лічыць дзяцей. На верандах сем'ямі сядзелі мужчыны й жанчыны самага рознага ўзросту. Выдавала на тое, што лепшага нядзельнага занятку, ніж пазіраць на тое, як я паркую свой «МГ», ім не знайсці.
Джэні выскачыла з машыны першая. У сваім родным Крэнстане яна стала жвавая, што той конік. Калі, так бы мовіць, гледачы на верандах убачылі, каго я прывёз, дык адразу пачуўся дружны хор прывітанняў. Гэта ж прыехала іхняя славутая Кавілеры! Пасля ўсіх гэтых радасных крыкаў я адчуў, што мне сорамна выйсці з машыны і паказацца на вочы землякам маёй Джэні. Бо ж пры ўсім сваім жаданні я ні ў чым не выдаваў на гіпатэтычнага Олівэро Барэто.
— Прывітанне, Джэні! — зычна крыкнула нейкая матрона.
— Прывітанне, місіс Кападзілупа, — крыкнула ў адказ Джэні.
Я выбраўся з машыны і адразу адчуў, як у мяне ўтаропіліся дзесяткі вачэй.
— Гэй, а хто гэты хлопец? — крыкнула місіс Кападзілупа.
Людзі тут, як відаць, не дужа цырымонныя…
— Ніхто, — азвалася Джэні, і гэта так паддало мне ўпэўненасці ў сабе, што далей ажно няма куды.
— Можа, і так, — крыкнула місіс Кападзілупа, утупіўшыся ў мяне, — затое дзяўчына ў яго — ого-го!
— Ён гэта ведае, — адказала Джэні.
Потым яна павярнулася на радасць суседзям насупраць.
— Ён гэта ведае, — сказала яна другому гурту сваіх фанаў.
Потым узяла мяне за руку — руку чужаніцы ў раі, і пацягнула ўверх па прыступках дома № 189 А, Гамільтон Авэню…
Я ўвайшоў у пакой і спыніўся.
— Знаёмся, гэта мой бацька, — сказала Джэні, і Філ Кавілеры, каржакаваты мацак-родайлэндзец (рост — прыкладна 5 футаў 9 цаляў, вага — фунтаў 165) падаў мне руку.
Я падаў яму сваю і адчуў ягоную сілу.
— Як жыццё, сэр? — прывітаў я яго.
— Філ, — паправіў ён мяне. — Проста Філ.
— Філ, сэр, — сказаў я, як раптам мне давялося яшчэ і спалохацца.
Выпусціўшы маю руку, містэр Кавілеры павярнуўся да сваёй дачкі і гаркнуў штосілы:
— Джэніфэр!
На нейкі момант абое застылі. А потым кінуліся абдымацца. Моцна. Дужа моцна. Пагойдваючыся з боку ў бок. І ўвесь гэты не такі і малы ўжо час містэр Кавілеры паўтараў (цяпер ледзь чутна) толькі адно слова: «Джэніфэр, Джэніфэр, Джэніфэр…» Адзінае ж, што магла адказаць на гэта ягоная рэдкліфская разумніца-дачка, было: «Філ, Філ, Філ…»
Без аніякіх сумненняў, я быў тут лішні.
Адзінае, што выручыла мяне таго дня, дык гэта маё вытанчанае выхаванне. З дзяцінства мне ўбівалі ў галаву, што есці з поўным ротам — непрыстойна. А раз Філ і Джэні ўсё роўна як змовіліся трымаць гэты самы рот набітым, дык гаварыць мне амаль не давялося. Я з'еў рэкордную колькасць італійскіх пірожных. Пазней, на радасць абаіх Кавілеры, я даволі доўга і падрабязна разважаў пра тое, якія з пірожных спадабаліся мне найбольш (а пакаштаваў я кожнага гатунку, баючыся пакрыўдзіць гаспадара, па два).
— Ён о'кэй, — сказаў Філ дачцэ.
Што б гэта магло азначаць?
Не, мне ўжо не трэба было тлумачыць, што такое «о'кэй», я толькі хацеў ведаць, якому з сваіх дужа нешматлікіх ды асцярожных рухаў, жэстаў ці, так бы мовіць, выказванняў я абавязаны гэткай высокай адзнакаю.
Мажліва, я сапраўды правільна ацаніў пірожныя? Ці досыць па-мужчынску паціснуў яму руку? А можа, заслужыў ухвалу чым-небудзь іншым?
— Я ж казала, Філ, што ён о'кэй, — сказала Джэні.
— Сапраўды о'кэй, — сказаў бацька. — Але ж мне трэба было паглядзець самому. Вось і паглядзеў. Олівэр! — звярнуўся ён да мяне.
— Слухаю вас, сэр.
— Філ.
— А, Філ… сэр?
— Ты о'кэй.
— Дзякую, сэр. Я вам вельмі ўдзячны. Праўда, удзячны. І вы ведаеце, як я стаўлюся да вашай дачкі, сэр. І да вас, сэр.
— Олівэр! — перапыніла мяне Джэні. — Перастань лапатаць, як падрыхтунчык на іспыце…
— Джэніфэр! — перапыніў яе містэр Кавілеры. — Не чартыхайся пры госцю, трасца на цябе!..
За абедам (пірожныя былі толькі, скажам так, прынадаю) Філ паспрабаваў завесці са мною сур'ёзную размову — і пра што б вы думалі? Ён чамусьці ўбіў сабе ў галаву, што зможа наладзіць нармальныя адносіны паміж Олівэрам III і Олівэрам IV.
— Дай мне адно пагаварыць з ім па тэлефоне, як бацьку з бацькам.
— Не трэба, Філ, толькі час змарнуеце.