— Але ж не магу я сядзець і глядзець, як бацька ад роднага сына адмаўляецца! Не магу.
— Але я таксама ад яго адмаўляюся, Філ.
— Каб я больш такога ніколі не чуў! — сярдзіта гаркнуў ён. — Бацьку трэба цаніць і шанаваць…
— Асабліва ў нашай сям'і, — сказаў я.
Джэні сноўдала паміж кухняю і сталоваю і не брала ў гутарцы аніякага ўдзелу.
— Давай набірай яго нумар, — настойваў Філ. — Я ўмомант зраблю ўсё о'кэй.
— Не, Філ. Мы з ім замарозілі зносіны.
— А, кінь, Олівэр, адтане ён. Павер мне, калі ўжо я кажу, — адтане. Як прыйдзе час ехаць у царкву…
Але тут Джэні, якая расстаўляла талеркі для дэсерту, спыніла яго адным сумна прамоўленым словам:
— Філ…
— Што, Джэн?
— Я хацела сказаць табе наконт царквы…
— Што?
— М-м… Ну, увогуле, нам не хацелася б, Філ.
— Як? — не зразумеў містэр Кавілеры. І адразу, зрабіўшы нейкую сваю выснову, усё роўна як крыху вінаваты, павярнуўся да мяне:
— Э-э, я, уласна, не меў на ўвазе, што гэта абавязкова павінна быць каталіцкая царква, Олівэр. Я думаю, Джэніфэр, вядома, сказала табе, што мы каталіцкага веравызнання. Але я меў на ўвазе вашую царкву, Олівэр. Прысягаю, Бог блаславіць такі саюз у любой царкве.
Я паглядзеў на Джэні, якая, здаецца, так і не закранула гэтае важнае тэмы ў тэлефоннай размове.
— Олівэр, — растлумачыла яна, — я не хацела абвальваць на яго ўсё адразу.
— Пра што гэта вы? — запытаўся містэр Кавілеры. — Абвальвайце, дзеткі, абвальвайце на мяне ўсё, што ў вас на сэрцы, я адно рады буду.
Чамусьці менавіта ў гэты момант вочы мае спыніліся на фарфоравай статуэтцы Дзевы Марыі, што стаяла на палічцы ў сталовай.
— Гаворка ідзе пра гэтае самае Боскае бласлаўленне, Філ, — сказала Джэні, адводзячы позірк ад бацькі.
— Ну і што, Джэн? — запытаўся Філ, баючыся сама горшага.
— М-м… мы ставімся да гэтага неяк адмоўна, Філ, — сказала яна, гледзячы на мяне ў пошуку падтрымкі — і я спрабаваў даць ёй яе сваімі вачыма.
— Да Бога? Да любога Бога?
Джэні кіўнула.
— Можна, я растлумачу, Філ? — умяшаўся я.
— Добра, тлумач.
— Мы абое не верым, Філ. І не хочам двудушнічаць.
Думаю, ён сцярпеў гэта адно таму, што я быў ягоным госцем. А ўжо Джэні дык магла б і поўху зарабіць. Аднак цяпер ён адчуваў сябе ўсё роўна як лішнім, чужаніцаю. Ён нават не мог глядзець на нас — апусціў вочы.
— Ну што ж, выдатна, — сказаў ён пасля доўгага маўчання. — Ці магу я хоць даведацца, хто правядзе цырымонію?
— Мы, — адказаў я.
Містэр Кавілеры дапытліва паглядзеў на дачку. Джэні кіўнула ў знак згоды.
Ён зноў надоўга змоўк, потым яшчэ раз сказаў: «Выдатна» — і спытаўся, ці лічу я, як будучы юрыст, што такі шлюб будзе — як гэта называецца? — законным?
Джэні растлумачыла, што на цырымоніі, якую мы прыдумалі, будзе прысутнічаць, пакуль жаніх і нявеста звярталіся адно да аднаго, універсітэцкі капелан-ўнітарый.
— Ах, капелан, — прамармытаў Філ. — Нявеста таксама будзе гаварыць? — спытаўся ён, нібы менавіта гэта магло неяк суцешыць яго.
— Філіп! — усклікнула Джэні. — Няўжо ты можаш уявіць сабе такую сітуацыю, у якой я магла б змаўчаць?
— Не, дзетка, — адказаў ён, паспрабаваўшы ўсміхнуцца. — Ты заўсёды што-небудзь скажаш.
Па дарозе назад у Кембрыдж я папытаўся ў Джэні, як, на яе думку, прайшла сустрэча.
— О'кэй, — адказала яна.
10
Містэр Уільям Ф. Томпсан, намеснік дэкана Гарвардскай Юрыдычнай школы, не паверыў сваім вушам.
— Я не ачуўся, містэр Барэт?
— Не, сэр…
Найцяжэй было гэта сказаць першы раз. Паўтарыць было лягчэй.
— На наступным курсе мне спатрэбіцца стыпендыя, сэр.
— Сапраўды?
— Таму я і прыйшоў да вас, сэр. Вы ж загадваеце фондам фінансавай дапамогі, ці не так?..
— Але, загадваю, толькі неяк дзіўна… Ваш бацька…
— Цяпер ён тут ні пры чым.
— Даруйце? — Містэр Томпсан зняў акуляры і пачаў праціраць іх кончыкам гальштука.
— Паміж намі ўзніклі пэўныя непаразуменні.
Містэр Томпсан зноў надзеў акуляры і паглядзеў на мяне так безвыразна, як могуць глядзець хіба што дэканы ды іхнія намеснікі.
— Гэта вельмі сумна, містэр Барэт, — сказаў ён.
«Для каго?» — ледзь не запытаўся я. Гэты тып пачынаў дзейнічаць мне на нервы.
— Згодны, сэр, — пацвердзіў я. — Вельмі сумна. Таму я цяпер і ў вас… У наступным месяцы я жанюся. Улетку мы з жонкаю будзем працаваць. Потым Джэні, жонка, уладкуецца настаўніцай у прыватную школу. На жыццё мы заробім, але ж трэба яшчэ плаціць за вучобу. А ў вас плата за навучанне, дарагі містэр Томпсан, досыць высокая.