— М-м… высокая, — сказаў містэр Томпсан, але нічога больш не дадаў.
Ён што, не зразумеў, чаго мне ад яго трэба? Якога ж тады чорта, ён думае, я да яго прыйшоў?
— Містэр Томпсан, я хачу атрымаць стыпендыю, — зноў сказаў я яму ў лоб. Трэці ўжо раз. — У банку ў мяне ні цэнта, а я ўжо залічаны ў студэнты.
— М-м… разумею, — марудзіў ён, як раптам знайшоў зачэпку: — Аднак тэрмін падачы заяў на стыпендыю даўно скончыўся.
Што ён хоча з мяне выцягнуць, гэты пацук? Крывавыя падрабязнасці сямейнае драмы Барэтаў? Ці хоча, каб я ў яго тут наскандаліў? Чаго яму трэба ад мяне?!
— Містэр Томпсан, я не мог падаць заяву раней, бо не ведаў, што так здарыцца.
— Я разумею вас, містэр Барэт, аднак змушаны вам сказаць, што не бачу за дэканатам права ўмешвацца ў сямейныя справы. Хоць і, паўтараю, мне сумна ўсё гэта чуць.
— О'кэй, містэр Томпсан, — сказаў я, устаўшы. — Я бачу, да чаго вы хіліце. Але я не збіраюся лізаць пяткі свайму бацьку дзеля таго, каб вашая школа атрымала ўласны Барэт-Хол.
Ужо ідучы да дзвярэй, я пачуў, як намеснік дэкана прамямліў:
— Гэта несправядліва.
Я быў згодны з ім цалкам.
11
Джэні атрымала дыплом у сераду. Якая толькі яе радня не прыехала на цырымонію ў Кембрыдж: з Крэнстана, Фол-Рывэра і нават нейкая цётка з Кліўленда. Па папярэдняй дамоўленасці, каб ні ў кога не было заўчаснае крыўды з-за таго, што іх не запрасілі на вяселле, мяне не рэпрэзентавалі як жаніха і Джэні не надзела заручальнага пярсцёнка.
— Цётка Клара, гэта мой сябра Олівэр, — казала Джэні, рэкамендуючы мяне чарговаму сваяку, і абавязкова дадавала: — Ён яшчэ не закончыў каледжа.
Сваякі штурхаліся пад бокі, шапталіся, нават абменьваліся ўголас сваімі меркаваннямі наконт нас, аднак нічога не маглі выведаць ні ў Джэні, ні ў мяне, ні ў Філа, які, мяркую, быў рады, што ўхіліўся ад абмеркавання такое рэчы, як каханне паміж атэістамі.
У чацвер я займеў аднолькавы з Джэні акадэмічны статус, атрымаўшы дыплом — як і яна, з высокай ухвалою.
Нават больш, як стараста курса я ўзначальваў працэсію выпускнікоў, якія ішлі да сваіх лавак, — інакш кажучы, ішоў на крок уперадзе нават за сама лепшых, што атрымалі дыплом «з найвышэйшай ухвалою». Мне карцела сказаць гэтым хлопцам, што маё цяперашняе становішча лідэра лішні раз пацвярджае слушнасць маёй тэорыі: адна гадзіна, праведзеная на лёдзе Дзілан Філд Хаўз, вартая дзвюх гадзін, аддадзеных Уайднэраўскай бібліятэцы. Аднак устрымаўся. Навошта псаваць людзям настрой?
Паняцця не маю, ці быў сярод гасцей Олівэр Барэт III. У дзень цырымоніі ў двары ўніверсітэта збіраецца больш як семнаццаць тысяч чалавек, а я, ведама ж, не разглядваў натоўп у бінокль. Два мае «бацысоўскія» пропускі на ўрачыстасць я перадаў Філу і Джэні. Вядома, як выпускнік Гарварда, старая каменная «фізія» магла прайсці без пропуска і сесці разам з выпускным курсам дваццаць шостага года. А з другога боку, навошта яму гэта трэба? Банкі ж гэтым часам адчыненыя.
Ажаніліся мы ў нядзелю. Галоўнай прычынаю, чаму мы не запрасілі радню Джэні, была асцярога, што выключэнне з цырымоніі Бацькі, Сына і Святога Духа стане для набожных католікаў задужа цяжкім выпрабаваннем. Адбылася цырымонія ў Філіпс-Брукс-Хаўзе, гістарычным будынку ў паўночнай частцы ўніверсітэцкага гарадка. Прысутнічаць пры ёй у якасці духоўнае асобы мы запрасілі, як і збіраліся, Цімаці Блоўвэлта, унітарнага капелана каледжа. Вядома, я запрасіў Рэя Стратана. І яшчэ аднаго сябра, Джэрэмі Наўма, майго прыяцеля па Эксэтэры, які аддаў перавагу не Гарварду, а Амхэрсту, дзе і вучыўся цяпер. А Джэні запрасіла сяброўку па каледжы і — мажліва, з сентыментальнасці — тую няўклюдную дзяўчыну, з якой працавала разам у Рэдкліфскай бібліятэцы таго дня, калі мы пазнаёміліся. Ну і, ведама ж, прыехаў Філ.
Яго я перадаў пад нагляд Рэю. Перадаў у тым сэнсе, што папрасіў Рэя сачыць, каб стары не хваляваўся. Але дзе там — Стратана самога трэба было супакойваць! Так гэтая пара і стаяла — нязграбна пераступаючы з нагі на нагу і моўчкі ўмацоўваючы адзін аднаго ў прадузятым перакананні, што гэтае «самаробнае вяселле» (як назваў яго Філ) ператворыцца (як прадказваў Стратан) у відовішча кшталту «фільма жахаў». Усяго толькі таму, што мы з Джэні мусілі сказаць колькі слоў адно аднаму, а не святару. Мы ж ужо бачылі, як гэта робіцца, увесну, калі адна з каляжанак Джэні па музычных занятках, Мэры Рэндал, выходзіла замуж за студэнта факультэта дызайну Эрыка Лэвэнсана. Усё было вельмі прыгожа, і мы захварэлі ідэяй зрабіць гэтаксама.
— Ці гатовыя вы? — спытаўся капелан.