— Гатовыя, — адказаў я за абаіх.
— Сябры! — сказаў містэр Блоўвэлт, звяртаючыся да гасцей. — Мы сабраліся тут, каб стаць сведкамі з'яднання ў сямейны саюз двух маладых людзей. Паслухаем тыя словы, якія вырашылі яны сказаць адно аднаму з гэтае святое нагоды.
Нявеста гаварыла першая. Джэні павярнулася да мяне і прачытала выбраны ёю верш. Ён вельмі крануў, як мне здаецца, усіх — асабліва, магчыма, мяне, бо гэта быў санет Элізабэт Барэт Браўнінг:
Маўчанню падуладныя, як Богу,
Сустрэнемся з табой на той мяжы,
Дзе лёс адзін сагрэе дзве душы…
Краем вока я бачыў Філа. Ён быў бледны, ягоныя вусны прыкметна дрыжэлі, у поглядзе змяшаліся здзіўленне і захапленне. Джэні дачытала санет, які заканчваўся словамі, падобнымі да малітвы:
Абсяг душы, дзе доўжыцца каханне,
Да змроку вечаровага, да смерці.
Настала мая чарга. Мне цяжка было знайсці верш ці фрагмент паэмы, які я мог прачытаць не чырванеючы. Не буду ж я пераступаць з нагі на нагу і мямліць якуюсьці лухту. Але ўрыўкам з «Песні вялікай дарогі» Уолта Ўітмэна, хоць і крыху кароткім, я сказаў усё, што хацеў:
… я даю табе сваю руку!
Я даю табе сваё каханне, якое каштоўней за грошы,
Я даю табе самога сябе наперад усіх навучанняў і законаў,
Ну, а ты, ці аддасі мне сябе? Ці пойдзеш са мною ў дарогу? Ці будзем мы з табою падтрымліваць адно аднаго праз ўсё жыццё?
Я скончыў, і ў пакоі запала трапяткое маўчанне. Затым Рэй Стратан працягнуў мне пярсцёнак, і мы з Джэні — самі, а не за кімсьці паўтараючы, — прысягнулі адно аднаму ў вернасці, каханні і пашане — адгэтуль і да самае смерці.
Уладаю, дадзенай яму штатам Масачусэтс, капелан аб'явіў нас мужам і жонкаю.
Як разабрацца, дык наш «пасляігравы міжсабойчык» (як назваў тое, што адбылося потым, Стратан), можна назваць прэтэнцыёзна-непрэтэнцыёзным. Мы з Джэні рашуча адхілілі апрыкралае звычаёвае шампанскае, і, паколькі нас было вельмі мала і такая кампанія магла спакойна змясціцца за адным столікам у бары, мы пайшлі выпіць піва да Кроніна. Джымі Кронін абслугоўваў нас сам у знак павагі да «найвялікшага хакеіста Гарварда з часоў братоў Кліры».
— Лухта ўсё гэта, — стукнуў кулаком па стале, разышоўшыся, Філ Кавілеры. — Усе гэтыя Кліры, разам узятыя, падноска ягонага нявартыя.
Мяркую, ён хацеў сказаць (не пабыўшы ні на адным хакейным матчы з удзелам Гарварда), што, як бы выдатна ні каталіся на каньках Бобі і Білі Кліры, ні аднаму, ні другому не пашчасціла ажаніцца з ягонай дачкою-кветкаю…
Я дазволіў Філу расплаціцца і заслужыў тым самым ад Джэні адзін з рэдкіх кампліментаў маёй здагадлівасці.
— Ты яшчэ можаш стаць чалавекам, падрыхтунчык, — прашаптала яна.
Пад канец, калі мы праводзілі Філа да аўтобуса, нас трохі развязло: паплакалі ды паабдымаліся…
Пасля ўсялякіх развітанняў Філ сеў у аўтобус, а мы стаялі на прыпынку і махалі яму ўслед, пакуль аўтобус не знік за паваротам. І толькі тады мяне пачала бянтэжыць ашаламляльная праўда.
— Джэні, мы ж цяпер законныя муж і жонка.
— Ага, цяпер я маю поўнае права быць сцервай.
12
Калі паспрабаваць апісаць адным словам першыя тры гады нашага сумеснага жыцця, дык слова гэтае было б «эканомія». Мы толькі пра тое і думалі, як наскрэбці грошай, каб звесці канцы з канцамі. Калі вы думаеце, што ў гэтым ёсць нешта рамантычнае, дык вы памыляецеся… Памятаеце славутае рубаі Амара Хаяма пра тое, як гэта прыемна — ляжаць у цяньку пад разгалістым дрэвам, з томікам вершаў, лустаю хлеба ды збанком віна? Дык вось, замяніце томік вершаў на «Трэсты» Скота і паспрабуйце ўмаляваць мяне ў гэтую ідылічную карціну. Райскае жыццё, ці ж не так?.. Я мучыўся б усё тымі ж пытаннямі: колькі каштуюць гэтыя самыя «Трэсты» (і ці можна набыць іх у букініста), дзе купіць па меншай цане хлеба ды віна і, нарэшце, дзе дастаць потым грошай, каб расплаціцца з пазыкамі?
Вось як мяняецца жыццё. Цяпер нават сама сціплы праект даводзілася выносіць на скрупулёзны разгляд бюджэтнай камісіі, пастаянна прысутнай у маёй галаве на сваіх няспынных пасяджэннях.
— Олівэр, давай сходзім увечары на Бекета?
— Паслухай, гэта ж тры долары.
— Як?..
— Паўтара долары — твой білет, і паўтара — мой.
— Дык «так» ці «не»?
— І не так, і не гэтак. Гэта значыць тры долары.
Мядовы месяц мы прабавілі на яхце. Разам з двума дзесяткамі дзяцей. Інакш кажучы, з сямі гадзін раніцы і пакуль не надакучыць юным пасажырам, я кіраваў яхтаю, а Джэні тым часам наглядала за дзяцьмі. Нас наняў яхт-клуб «Пекод» у Дэніс-Порце… Клуб меў лодачную станцыю, вялікі гатэль і некалькі дзесяткаў летніх домікаў для здачы ўнаймы. На адным з сама нягеглых бунгала я прымацаваў у думках мемарыяльную шыльду: «Тут спалі Олівэр і Джэні — калі не займаліся каханнем». Трэба аддаць належнае нам абаім — пасля доўгага дня, на працягу якога мы стараліся быць як мага больш уважлівымі да нашых кліентаў (бо велізарную долю нашых даходаў складалі іх чаявыя), у нас яшчэ хапала часу быць як мага больш уважлівымі адно да аднаго. Я кажу проста: «быць… уважлівымі», бо не знаходжу слоў, каб выказаць, які гэта цуд — кахаць Джэні Кавілеры і быць каханым ёю. Выбачайце, я хацеў сказаць — Джэні Барэт.