Перш чым паехаць на мора, мы нанялі танную невялікую кватэру ў паўночным Кембрыджы. Я называю гэты раён «паўночным Кембрыджам», хоць фармальна, па адрасе, дом знаходзіўся ў межах горада Сомэрвіла. Катэдж, што, як казала Джэні, быў у «перадразвальным стане», праектавалі на дзве сям'і, але потым перарабілі ў чатырохкватэрны. Узялі з нас нашмат болей за сапраўдны кошт гэтага «таннага» жытла. Але што зробіш? На гэтым рынку дыктуюць прадаўцы.
— Паслухай, Ол, як ты думаеш, чаму пажарныя не павесілі замок на гэтай халупе? — спыталася Джэні.
— Мабыць, пабаяліся падысці, — адказаў я.
— І мне крыху страшна.
— У чэрвені ты была смялейшая. (Размова адбывалася ў верасні, калі мы вярнуліся ў Кембрыдж.)
— Тады я яшчэ не была замужам. А цяпер як замужняя жанчына лічу, што гэтая будыніна небяспечная для жыцця.
— І што ты думаеш зрабіць?
— Пагаварыць з мужам, — адказала яна. — Ён штось прыдумае.
— Паслухай, твой муж — гэта я.
— Сапраўды? Дакажы гэта.
— Як? — папытаўся я, падумаўшы: «Не, толькі не на вуліцы».
— Перанясі мяне цераз ганак.
— Джэні, няўжо ты верыш ва ўсю гэтую лухту?
— Ты перанясі, а потым я ўжо вырашу.
О'кэй. Я падхапіў яе на рукі і, пераадолеўшы шэсць прыступак, унёс на ганак.
— Чаму запыніўся? — спыталася яна.
— Хіба гэта не ганак?
— Не ганак, не ганак.
— Тут на дзвярах нашыя імёны.
— Ну і што? Гэта не сапраўдны ганак. Марш наверх, гультай!
Да «сапраўднага ганка» было дваццаць чатыры прыступкі, і мне прыйшлося спыніцца на паўдарозе, каб перавесці дух.
— Чаму ты такая цяжкая?
— А ты не падумаў, што я магла зацяжараць?
Ад такога пытання дыханне ў мяне раўнейшым не стала.
— Ты што, сур'ёзна? — нарэшце спытаўся я.
— Што, спалохаўся?
— Зусім не спалохаўся.
— Не ганяй вецер, падрыхтунчык.
— Ну, прызнаюся: было крыху. Але ненадоўга.
Я перанёс яе цераз наш ганак. Гэта былі рэдкія і каштоўныя імгненні, да якіх слова «эканомія» не мела аніякага дачынення.
Маё гучнае імя дазваляла нам атрымаць крэдыт у прадуктовым магазіне, крэдыт, які звычайна студэнтам не давалі. Аднак яно ж сыграла супраць нас там, дзе я меней за ўсё чакаў: у прыватнай школе, куды ўладкавалася настаўніцай Джэні.
— Вядома, у сэнсе заробку нам цяжка раўняцца з дзяржаўнымі школамі, — сказала маёй жонцы міс Эн Мілер Уітмэн, дырэктар школы, і адразу дадала, што для Барэтаў «гэты аспект» наўрад ці можа мець якое значэнне.
Джэні паспрабавала нешта растлумачыць наконт гэтых ілюзій, але ўсё, чаго нябозе ўдалося дабіцца звыш трох з паловаю тысяч долараў у год, былі — хвіліны на дзве — усмешкі ды «хо-хо-хо» дырэктаркі. Ёй здалася вельмі дасціпнай заўвага Джэні наконт таго, што Барэты мусяць плаціць за жытло гэтаксама, як і ўсе астатнія людзі.
Калі Джэні перадала мне ўсё гэта, я выказаў некалькі даволі арыгінальных прапаноў наконт таго, як міс Уітмэн магла скарыстаць яе — хо-хо-хо — тры з паловаю тысячы долараў. Але тут Джэні папыталася, ці не мог бы я кінуць свае заняткі правам, каб утрымліваць яе да тае пары, пакуль яна не набудзе кваліфікацыю, неабходную для паступлення на працу ў дзяржаўную школу. Змарнаваўшы якіясьці дзве секунды на асэнсаванне прапановы, я зрабіў дакладную і сціслую выснову:
— Лухта!
— Дужа красамоўна, — сказала мая жонка.
— А што, па-твойму, я мусіў сказаць? «Хо-хо-хо»?
— Не. Але табе прыйдзецца палюбіць спагеці.
І я палюбіў спагеці. Я навучыўся любіць іх, а Джэні навучылася ўсялякімі мажлівымі дый немажлівымі спосабамі маскіраваць спагеці пад што-небудзь іншае. Мы сёе-тое сабралі ўлетку, Джэні атрымлівала зарплату, я разлічваў зарабіць начамі на пошце ў час каляднае мітусні — словам, усё было як мае быць. Вядома, мы прапускалі багата новых фільмаў (а Джэні яшчэ і канцэртаў), аднак, у рэшце рэшт, канцы з канцамі неяк зводзілі.
Жыццё нашае дужа перамянілася яшчэ з аднаго боку. Я маю на ўвазе кантактаванне з людзьмі. Мы па-ранейшаму жылі ў Кембрыджы, і, у прынцыпе, Джэні магла бачыцца з сваімі калегамі па музычных занятках. Але яна не мела на гэта часу. З школы яна прыходзіла спляжаная, а яшчэ ж трэба было згатаваць абед (палуднаваць у кавярне было для нас недасягальнай раскошаю). Што ж да маіх сяброў, дык гэта былі людзі дастаткова тактоўныя — яны не турбавалі нас і не запрашалі да сябе, каб не змушаць Барэтаў запрашаць да сябе іх…