Мы перасталі хадзіць нават на футбол.
Як сябра спартовага таварыства Гарварда — Варсіці-клуба, я меў права сядзець на гасцявой трыбуне — на выдатных месцах, якраз насупраць цэнтра поля. Аднак білет туды каштаваў шэсць долараў, значыцца, два — дванаццаць.
— Ды не, — спрачалася са мною Джэні, — гэта не дванаццаць, а шэсць долараў. Ты ж можаш хадзіць і без мяне. Я ўсё роўна нічога не разумею ў гэтай гульні. Чую адно, што заходзяцца: «Улупіце ім!» Табе гэта дужа даспадобы, вось і хадзі на свой футбол.
— Усё, пытанне закрытае, — адказаў я цвёрда, як сама сапраўдны муж і гаспадар дома. — Будзе хоць час займацца вучобаю.
Аднак усё роўна я бавіў суботнія вечары, прыпадаючы вухам да транзістара — слухаў роў заўзятараў, якія, хоць і знаходзіліся цяпер за нейкую мілю ад мяне, належалі ўжо да іншага свету.
І ўсё-такі я карыстаўся сваімі прывілеямі сябры клуба, купляючы білеты на гульні з удзелам ейльскай каманды Робі Ўолду, таварышу па Юрыдычнай школе. Калі, не адзін раз падзякаваўшы мне, Робі выходзіў ад нас, Джэні кожны раз прасіла растлумачыць ёй, хто мае права на гасцявыя месцы Варсіці-клуба, і я зноў паўтараў — усе тыя, хто, незалежна ад узросту, фізічных дадзеных і сацыяльнага статусу, множылі славу Гарварда на спартовых арэнах.
— У тым ліку і на водных? — папыталася яна.
— Спартсмен ёсць спартсмен, сухі ён ці мокры, — адказаў я.
— Цябе гэта не датычыць, — сказала яна. — Ты зледзянелы.
Я змоўчаў, вырашыўшы, што гэта яе звычайныя кпіны. Мне не хацелася больш думаць, што ў яе пытаннях пра спартовыя традыцыі Гарварда быў нейкі затоены сэнс. Як, да прыкладу, у яе заўвазе адносна таго, што, хоць стадыён Солджэрс-Філд і ўмяшчае сорак пяць тысяч заўзятараў, усе былыя спартсмены сядзяць на той самай гасцявой трыбуне. Усе. Старыя і маладыя. Мокрыя, сухія — і нават зледзянелыя. І, можа, я не хадзіў на стадыён па суботах не толькі дзеля таго, каб зэканоміць шэсць долараў?
Але калі Джэні і праўда мела на ўвазе штосьці адрознае ад эканоміі, дык я проста не жадаў пра гэта гаварыць.
13
«Містэр і місіс Олівэр Барэт III запрашаюць Вас на абед з нагоды шасцідзесяцігоддзя містэра Барэта — у суботу 6 сакавіка а сёмай гадзіне вечара ў Доўвэр-Хаўзе, Іпсвіч, Масачусэтс. R.s.v.p.[10]».
— Ну, што ты на гэта скажаш? — папыталася Джэніфэр.
— Магла б і не пытацца, — адказаў я.
Я ўважліва чытаў тым часам «справу Пэрсіваля» — важнейшы прэцэдэнт у амерыканскім крымінальным праве.
— А па-мойму, даўно пара. — Усё роўна як дражнячы мяне, Джэні памахвала запрашэннем у мяне перад носам.
— Даўно пара — што?
— Ты выдатна ведаеш што, — адказала яна. — Ты хочаш, каб ён прыпоўз да цябе на каленях?
Я не адрываўся ад кнігі, а яна ўсё апрацоўвала мяне.
— Олі, ён працягвае табе руку.
— Лухта. Адрас на канверце напісаны маткаю.
— Ты ж сказаў, што нават не зірнуў на яго? — лічы што крыкнула Джэні.
Ну, няхай будзе так. Дапусцім, зірнуў краем вока. А потым забыўся. Урэшце, маю галаву, над якою навіс чарговы іспыт, цалкам займала «справа Пэрсіваля». Але Джэні ўжо не магла спыніцца.
— Олі, падумай, — ушчувала яна мяне. — Яму ж ужо шэсцьдзесят гадоў! І няма ніякай гарантыі, што ён дажыве да таго дня, калі ты даспееш да прымірэння.
Я паспрабаваў як мага прасцей растлумачыць Джэніфэр, што прымірэння не будзе ніколі, і папрасіў яе не замінаць мне засвойваць такі рэдкі прэцэдэнт у амерыканскай юрыспрудэнцыі, як «справа Пэрсіваля». Джэніфэр моўчкі села каля мяне на краі падушкі, на якой ляжалі мае ногі. І хоць Джэні і слова не сказала, я ўвесь час адчуваў, што яна пільна глядзіць на мяне. Я ўзняў вочы.
— Аднойчы, — сказала яна, — калі Олівэр пяты гэтаксама наплюе на цябе…
— Яго не будуць зваць Олівэр, можаш быць пэўная, — рэзка кінуў я.
Але яна не ўзвысіла голас, як заўсёды рабіла гэта пасля таго, як я павышаў тон.
— Паслухай, Ол, нават калі мы назавём яго Боза-Клоўн[11], ён усё роўна зненавідзіць цябе за тое, што ты быў знакамітым гарвардскім спартсменам. А калі ён стане паўналетнім, ты ўжо, мажліва, будзеш засядаць у Вярхоўным судзе.
Я сказаў ёй, што мой сын ніколі не зненавідзіць мяне. Чаму ты так у гэтым упэўнены, папыталася яна. Гэтага я растлумачыць не мог. Проста я ведаў, што наш сын не зненавідзіць мяне ніколі. А чаму — сказаць не мог.