Выбрать главу

— Твой бацька таксама любіць цябе, — сказала яна ні з таго ні з сяго. — Ён любіць цябе гэтаксама, як ты будзеш любіць Боза. Але вы, Барэты, з вашым клятым гонарам ды самалюбствам, вы зможаце ўсё жыццё пражыць ва ўпэўненасці, што ненавідзіце адзін аднаго.

— Вядома, калі б у нас не было цябе, — вырашыў я аджартавацца.

— Так, — сур'ёзна сказала яна.

— Годзе, закрылі праблему, — паставіў кропку я.

Я ж быў усё-такі мужам і гаспадаром у доме. Я зноў пачаў чытаць «справу Пэрсіваля», а Джэні ўстала. Ды раптам заявіла:

— Дык як наконт «эрэсвэпэ»?

Тады я сказаў, што выпускніца Рэдкліфа можа напісаць кароткую пачцівую адмову і без дапамогі спецыяліста.

— Олівэр, — сказала яна, — магчыма, я не заўсёды кажу праўду, аднак я ніколі нікому не рабіла балюча наўмысна…

Вядома, калі не лічыць таго, што ў гэты момант яна рабіла балюча мне. Я вельмі цёпла папрасіў яе напісаць адмову ў любой, якая ёй даспадобы, форме, абы з адказу было ясна відаць: хутчэй у пекле ўдараць маразы, чым мы прыедзем на дзень нараджэння майго бацькі. І зноў вярнуўся да «справы Пэрсіваля».

— Які ў вас нумар? — вельмі ціха папыталася Джэні, падышоўшы да тэлефона.

— Ты не можаш проста паслаць запіску?

— Яшчэ секунда, і ў мяне не вытрымаюць нервы. Нумар?

Я назваў нумар і адразу паглыбіўся ў чытанне апеляцыі Персіваля ў Вярхоўны суд. Я не прыслухоўваўся да таго, што гаварыла Джэні. Дакладней, стараўся не прыслухоўвацца — усё ж такі мы былі ў адным пакоі.

— Добры вечар, сэр, — сказала яна.

Што, Сукін Сын сам падышоў да тэлефона? Хіба буднімі днямі ён не ў Вашынгтоне? Пра гэта нядаўна паведамляла «Ню-Ёрк Таймс». Цяпер журналістам нельга верыць аніколі.

Цікава, колькі ж трэба часу, каб сказаць «не»? Мне здалося, што яго прайшло ўжо нашмат болей, ніж патрабуецца, каб прамовіць гэтае простае слова.

— Олі! — крыкнула яна, прыкрыўшы слухаўку далоняю. — Ты настойваеш, каб я адмовілася?

Я кіўнуў галавою: настойваю — і нецярплівым узмахам рукі даў зразумець: паспяшайся.

— Мне страшэнна шкада, — сказала яна ціха ў слухаўку, — дакладней, нам страшэнна шкада, сэр…

Нам? Навошта ж мяне сюды ўплятаць? Ну чаму, чаму яна не можа паставіць кропку і павесіць слухаўку?

— Олівэр! — Яна зноў прыкрыла слухаўку рукою і вельмі цвёрда сказала мне: — Яму балюча, Олівэр! Прашу цябе: перастань мучыць свайго бацьку! У яго ж сэрца крывёю сцякае!

Калі б яна не была такая ўсхваляваная, я мог бы растлумачыць ёй, што камяні не сцякаюць крывёю і што яна памыляецца, праецыруючы свае італійска-міжземнаморскія паняцці на Рашморскія скалы. Але Джэні, усхваляваная, усё даймала мяне.

— Олівэр! — умольвала яна. — Ну скажы яму хоць што-небудзь!

Яму? Мабыць, яна з глузду з'ехала!

— Ну хоць прывітанне перадай! — Джэні працягвала мне тэлефонную слухаўку. Было відаць, што яна ледзь стрымлівалася, каб не заплакаць.

— Я ніколі не буду гаварыць з ім. Ніколі. — Я ж быў абсалютна спакойны.

І тут яна заплакала. Нячутна, не ўсхліпваючы — адно слёзы каціліся па шчаках. А потым — потым зноў пачала ўмольваць мяне:

— Дзеля мяне, Олівэр! Я ніколі ні аб чым цябе не прасіла. Ну калі ласка!

Нас было трое ў гэтым пакоі (мне здалося, што бацька таксама тут). І ўсе трое чагосьці чакалі. Чаго? Каб я перасіліў сябе?

Але я не мог гэтага зрабіць.

Няўжо Джэні не разумела, што патрабуе ад мяне немагчымага? Што я зрабіў бы дзеля яе ўсё, што яна ні захацела б, толькі не гэта? Я ўтупіўся ў падлогу і зацята круціў галавою: «Не».

— Ты проста бяздушны нягоднік, — раз'юшана кінула мне раптам Джэні нейкім прыглушаным шэптам, потым сказала ў слухаўку: — Містэр Барэт, Олівэр хоча сказаць вам, што па-свойму ён… — Тут яна запынілася, каб перавесці дыханне. Гэта далося ёй нялёгка, бо яна ўсё яшчэ плакала. Я быў такі збянтэжаны, што не перапыніў яе, а моўчкі чакаў заканчэння «майго» паслання.

— Олівэр вельмі вас любіць, — хутка прагаварыла яна і кінула слухаўку.

Немагчыма растлумачыць тое, што я зрабіў у наступнае імгненне. Прыступ вар'яцтва — адзінае апраўданне. Ды не: няма мне ніякага апраўдання. Нельга дараваць мне таго, што я зрабіў.

Я вырваў у яе тэлефон і ў шале шпурнуў яго цераз увесь пакой.

— Хто табе даў права лезці ў маё жыццё! — ажно зароў я. — Не дапякай мяне!

Я замёр на месцы, дыхаючы як звер, у якога я раптам перакінуўся. Божа, што гэта са мною робіцца?!. Я павярнуўся да Джэні.