«Неблагі артыкул. І праўда неблагі», — паўтарыў некалькі разоў наш старшы рэдактар Джоэл Флайшман.
Шчыра кажучы, я чакаў ад яго лепшага камплімента… Але я так і не пачуў ад Флайшмана нічога больш… Затое Джэні сказала, што артыкул «глыбокі, разумны і сапраўды добра напісаны». Няўжо ён так мала ўразіў Флайшмана, што той не мог сказаць чагосьці лепшага?..
— Флайшман лічыць, што артыкул неблагі, Джэн.
— Што?!. І дзеля таго каб пачуць гэта, я чакала цябе начамі? — Джэні была проста збянтэжаная. — Ён што, нічога не сказаў пра твой метад даследавання, стыль ці яшчэ пра што?
— Не, Джэн. Ён сказаў: «Артыкул неблагі» — і ўсё.
— Тады чаму ты так затрымаўся сёння?
— Я мусіў прагледзець сякія-такія матэрыялы з Бэлай Ландаў, — адказаў я ёй, падміргнуўшы.
— Вось як?
Я не зразумеў яе тону.
— Ты раўнуеш?..
— Не. Ногі ў мяне нашмат прыгажэйшыя.
— А ты можаш падрыхтаваць справу да слухання ў судзе?
— А яна можа згатаваць піцу?
— Можа, — адказаў я. — Якраз сёння ўвечары частавала ёю нас у рэдакцыі. І ўсе сказалі, што яе піца такая ж добрая, як твае ногі.
— Вядома, — кіўнула Джэні.
— Ну і што ты на гэта скажаш?
— Бэла Ландаў плаціць за тваю кватэру?
— Чорт! — усклікнуў я. — Ну чаму я не магу спыніцца, калі лік у маю карысць?
— Таму, падрыхтунчык, — сказала закаханая ў мяне жонка, — што такога ніколі не бывае!
15
На фініш мы прыйшлі ў тым самым парадку.
Інакш кажучы, Эрвіна, Бэлу і мяне прызналі трыма найлепшымі студэнтамі выпускнога курса. Блізіўся час трыумфу. Запрашэнні на службу… Выдатныя запрашэнні. Куды ні глянь, з усіх бакоў мне махалі сцягамі з надпісам: «Прыходзьце да нас, Барэт!»
Аднак мяне вабілі толькі зялёныя сцягі[12].
Вядома, я не быў такім ужо зацятым прагматыкам, але я адразу адкінуў прэстыжныя варыянты — накшталт пасады сакратара суддзі альбо службы, скажам, у Міністэрстве юстыцыі, — адкінуў дзеля месца, якое дазволіла б выкінуць з нашага з Джэні лексікону гнюснае слова «эканомія».
Хоць я і быў трэцім, у барацьбе за месца пад сонцам я меў адну неацэнную перавагу. У нашай першай дзесятцы выпускнікоў я адзін не быў жыдом. Дурань той, хто скажа, што гэта не мае значэння. Прысягаю вам, што дзесяткі фірмаў расцалуюць у задніцу любога стоадсоткавага амерыканца, які ледзь-ледзь здаў экзамен на адваката. А цяпер гляньце на вашага сціплага слугу: тут вам і Гарвард, і хакейная слава, і «Юрыдычны агляд», і, самі разумееце, татуля-мільянер. Карацей, багата хто пачаў сама сапраўдную бойку за права атрымаць мяне разам з маім іменем і рэпутацыяй у свой офіс. Я адчуваў сябе дзіцянём-рэкардыстам — і меў асалоду з кожнае хвілі гэтага адчування.
Асабліва вабную прапанову зрабіла мне адна лос-анджэлеская фірма. Яе вярбоўшчык, містэр Х (імя называць не хачу: яшчэ на судовай лаве апынуся), не пераставаў паўтараць мне:
— Барэт, хлопчык ты мой даражэнькі, у нашых краёх мы атрымліваем гэта ўвесь час. І ўдзень, і ўначы. Павер мне, можна нават запатрабаваць, каб прынеслі ў кантору!
Не тое што нас с Джэні асабліва цягнула ў Каліфорнію, але нам Бог ведае як хацелася ўведаць, што ж усё-такі мае на ўвазе містэр X. Мы гадалі й гадалі, і здагадкі нашыя былі ўжо сама вар'яцкія, толькі, відаць, для Лос-Анджэлеса такімі яны не з'яўляліся. (Урэшце, каб містэр Х адчапіўся ад мяне, я быў змушаны сказаць яму, што мяне зусім не цікавіць ягонае загадкавае «гэта». Ён быў дужа засмучаны.)
Словам, мы вырашылі застацца на ўсходнім узбярэжжы. У нас былі дзесяткі фантастычных прапаноў з Бостана, Ню-Ёрка і Вашынгтона. Пэўны час Джэні аддавала перавагу сталіцы: «Ты б мог прымерацца да Белага дома, Олі», — але мяне вабіў Ню-Ёрк. І, урэшце, з жончынага блаславення, я сказаў «згодны» самавітай фірме Джонаса і Марша (апошні быў колісь, дарэчы, Генеральным пракурорам) з моцнай арыентацыяй на абарону грамадзянскіх правоў. «Можна рабіць дабро і нажываць яго адначасна», — пракаменціравала гэты факт Джэні. І потым, яны вельмі ўжо доўга ўгаворвалі мяне. Стары Джонас сам прыехаў у Бостан, пачаставаў нас абедам у шыкоўнай рэстарацыі, а назаўтра прыслаў Джэні велізарны букет кветак.
Джэні потым ажно тыдзень хадзіла і напявала песеньку з усяго толькі трох слоў: «Джонас, Марш і Барэт». Я параіў ёй крыху зменшыць імпэт, але яна і слухаць мяне не стала, сказаўшы, што ў думках я сам няйначай ёй падпяваю. Наўрад ці мне трэба казаць вам, што яна не памылялася.