Аднак выдавала на тое, што настрою прадоўжыць наш дыялог суддзя не меў. Ён пад'ехаў да судзейскага століка, пракрычаў: «Нумар сем, дзве хвіліны!» — і паказаў рукамі, за што менавіта выдаляе мяне.
Я крыху паспрачаўся — такая ўжо завядзёнка. Якое б грубае ні было парушэнне, заўзятары чакаюць пратэстаў. Але суддзя адмахнуўся ад мяне, і я, перапоўнены абурэннем, пакаціўся да лавы штрафнікоў. Сеў на месца, звякнуўшы канькамі аб падлогу, і пачуў, як дынамікі гаркнулі на ўсю залу: «Олівэр Барэт, каманда Гарварда, выдалены на дзве хвіліны за затрымку суперніка». Трыбуны незадаволена загудзелі. Некалькі гарвардскіх заўзюкоў зараўлі, выказваючы сумленне ў добрым зроку ды справядлівасці арбітраў. Спрабуючы аддыхацца, я апусціў галаву і нават краем вока не глядзеў на лёд, дзе Дартмут мясіў нашых.
— Ты чаму тут адседжваешся, калі твае таварышы гуляюць? — пачуў я раптам голас Джэні.
Аднак не адказаў і пачаў падтрымліваць сваіх:
— Трымайцеся, хлопцы, спакайней!
— Чым ты правініўся?
Я азірнуўся і адказаў — усё ж такі Джэні прыйшла на матч дзеля мяне.
— Перастараўся крыху, — кінуў я і зноў прыліп вачыма да пляцоўкі, назіраючы за тым, як нашы спрабуюць стрымаць нападніка Дартмута.
— Гэта ганьба табе?
— Джэні, прашу цябе, мне трэба сабрацца.
— Сабрацца?
— Каб змяць гэтага казла, калі выйду на лёд, — кіўнуў я на лепшага нападніка Дартмута і зноў пачаў назіраць за гульнёю, ірвучыся ў чаканы бой.
— Ты любіш брудную гульню?
Погляд мой быў прыкуты да нашае брамкі, вакол якой так і кішэлі зялёныя казлы. Не было ўжо болей сілы чакаць выхаду на лёд. Але Джэні ўпарцілася:
— Можа, ты і мяне калі-небудзь захочаш «змяць»?
— Зараз жа, калі не змоўкнеш.
— Вось як? Бывай.
Калі я азірнуўся, яна ўжо знікла. Я падняўся, шукаючы яе вачыма, але пачуў у гэты момант, што скончыліся дзве мае штрафныя хвіліны, перамахнуў цераз борт і выскачыў на лёд.
Трыбуны гучна віталі маё вяртанне: з Барэтам гульня заладзіцца. Дзе б ні была цяпер Джэні, усё адно пачуе, як ажылі заўзятары пасля майго выхаду. А раз так, дык каго хвалюе, дзе яна цяпер?
Але дзе ж яна!..
Нападнік дартмутцаў зрабіў гарматны кідок, але наш варатар адбіў шайбу — і адбіў у бок нашага абаронцы, які кінуў яе ўперад мне на ход. Ірвануўшы за шайбай, я вырашыў, што ў мяне ёсць доля секунды, каб зірнуць на трыбуны і адшукаць Джэні. Так я і зрабіў. І адразу ўбачыў яе. Яна засталася.
У наступны ж момант я пляснуўся на лёд: двое зялёных бамбізаў урэзаліся ў мяне. Я ехаў задам па лёдзе і — Божа! — не ведаў, куды дзецца ад сораму: мяне так танна завалілі!.. Гарвардскія заўзятары стагналі ад крыўды, дартмуцкія раўлі: «Душы іх! Душы іх!»
Што яна там думае?!
Дартмут зноў прывёў шайбу да нашае брамкі. Наш варатар зноў адбіў шчаўчок, і абаронца пракінуў шайбу мне. Фаны аж шалелі. Трэба забіваць! Я падхапіў шайбу і на ўсёй хуткасці ўварваўся ў зону Дартмута. Абаронцы рушылі на мяне.
— Уперад, Олівэр, уперад! Урэж ім па чарапах! — перакрыў роў трыбун пранізлівы, нават ваяўнічы енк Джэні.
Я ўхіліўся ад аднаго абаронцы, садануў другога так, што ён ажно задыхнуўся, і потым, замест таго каб кінуць у падзенні, што было найбольш верагодным маім ходам, аддаў пас Дэйві Джонстану, які накатваўся справа, — і ён увагнаў шайбу ў сетку. Гарвард павёў!!!
Мы адразу кінуліся абдымацца — я, Джонстан, астатнія хлопцы. Ціскалі адзін аднаго, ляпалі па спіне, цалаваліся і падскоквалі. Нашы заўзятары зайшліся ад рову. А дартмуцкі абаронца, той самы, якога я збіў з ног, усё яшчэ не мог адклеіць зад ад лёду. Заўзятары кідалі на лёд праграмкі. Гэты ўдар літаральна пераламаў зялёным хрыбет…
У выніку мы размалацілі іх — 7:0.
Калі б я быў сентыментальны і захацеў павесіць на сцяну фатаграфію на памяць аб Гарвардзе, дык гэта была б не Царква Памінання, не якісьці іншы славуты будынак, а Дзілан-Філд-Хаўс. Калі і было ў Гарвардзе месца, дзе я адчуваў сябе як дома, дык гэта ў Дзілан-Філд-Хаўсе, нашым спарткомплексе. І няхай у мяне адбяруць за гэтае прызнанне дыплом, але Ўайднераўская, нашая, бібліятэка значыць для мяне нашмат меней за Дзілан. Кожнага вечара, усе мае ўніверсітэцкія гады, я ўваходзіў пад ягоны дах, вітаў прыяцеляў моцнымі слоўцамі, скідаў з сябе шалупінне цывілізацыі і ператвараўся ў байца. Як гэта было выдатна — нацягнуць шчыткі і кашулю з нумарам «7» (тады я марыў, што яго аддадуць мне навечна — аднак марна), устаць на канькі і нязграбна пасунуцца па калідоры на Ўатсан Рынк-пляцоўку.
Яшчэ прыямней было вяртацца ў Дзілан з гульні: здымаеш з сябе мокрую ад поту амуніцыю і тупаеш голы да століка з чыстымі ручнікамі.