— Ты будзеш вясёлым і зараз прысягнеш мне ў гэтым! Я хачу, каб ты быў вясёлым. О'кэй?
— О'кэй.
— О'кэй.
Гэта здарылася прыкладна праз месяц, пасля абеду. Джэні, як і раней, гатавала сама, бо настойвала на гэтым. Праўда, урэшце я пераканаў яе дазволіць мне прыбіраць са стала (хоць кожны раз яна даводзіла мне, што гэта не «мужчынская праца»), я прыбіраў посуд, а Джэні грала Шапэна ў суседнім пакоі. Раптам музыка абарвалася. Я адразу зазірнуў у гасцёўню…
— Ты ў парадку, Джэн? — спытаўся я, маючы, вядома, на ўвазе — адносна ў парадку.
— Ці дастаткова ты багаты, каб заплаціць за таксоўку? — адказала яна пытаннем.
— Што за размова! — усміхнуўся я. — Куды ты хацела б паехаць?
— Здаецца, у бальніцу, — адказала яна.
Пачаліся таропкія зборы, і ў гэтай мітусні да мяне раптам дайшло: вось яно… надышло… Зараз Джэні выйдзе з гэтага пакоя і ніколі ўжо сюды не вернецца. Яна сядзела ў фатэлі, а я клаў ёй у валізку сякія-такія рэчы. Пра што яна цяпер думала, апошні раз акідваючы позіркам наш пакой? Што хацела запомніць?
Нічога. Яна сядзела нерухома, вочы яе ўтаропіліся ў нейкую пустату.
— Эй, — сказаў я ёй. — Хочаш узяць з сабою што-небудзь асаблівае?
— Што?.. Не. — Яна пакруціла галавою, потым, быццам згадаўшы, сказала: — Цябе.
Злавіць таксоўку гэтым часам было дужа нялёгка: усе спяшаліся ў тэатры, яшчэ кудысь… Паліцэйскі з усяе сілы дзьмуў у свой свісток і размахваў рукамі, нібыта ашалелы хакейны суддзя. Джэні стаяла моўчкі, прытуліўшыся да мяне, а я дзесьці ў душы спадзяваўся, што таксоўкі не будзе і мая Джэні назаўжды застанецца стаяць, прытуліўшыся да мяне. Аднак таксоўка ўсё-такі з'явілася. Вадзіцель — нам пашанцавала — быў чалавек вясёлы. Пачуўшы, што нам трэба ў шпіталь Маўнт-Сінай і як мага хутчэй, ён выканаў цэлую праграму падтрымкі.
— Спакойна, дзеткі, вы ў вопытных руках. Мы з буслам займаемся гэтай справаю ўжо некалькі гадоў.
Джэні сядзела, прыціснуўшыся да мяне. Я цалаваў яе валасы.
— Гэта ў вас першы? — спытаўся наш весялун.
Джэні адчула, што зараз я гаркну на гэтага тыпа, і прашаптала:
— Будзь добры, Олівэр. Ён жа хоча як лепш.
— Але, сэр, — адказаў я шафёру. — Гэта ў нас першы, і мая жонка адчувае сябе не надта, так што давай праскочым пару разоў на чырвонае святло. Добра?
Ён дамчаў нас да бальніцы ўмомант. І праўда зрабіў усё як найлепш: выскачыў з машыны і адчыніў нам дзверцы. Ад'язджаючы, пажадаў шчасця і ўдачы. Джэні падзякавала яму.
Яна крыху пахіствалася, і я хацеў унесці яе ў бальніцу на руках, але Джэні не захацела.
— Цераз гэты ганак не трэба, падрыхтунчык, — сказала яна.
Мы ўвайшлі ў чакальню, дзе Джэні прыйшлося выцерпець пакутна нудную працэдуру рэгістрацыі.
— У вас ёсць медыцынская страхоўка?
— Не.
(Хто думаў пра такую лухту? Нас занадта займала купля посуду.)
Вядома, прыезд Джэні не быў нечаканым. Яго прадбачылі, і новую пацыентку адразу ўзяў пад нагляд доктар Бэрнард Акерман — слаўны чалавек, як казала Джэні, дарма што з Ейла.
— Ёй будуць даваць лейкацыты і трамбацыты, — сказаў ён. — Яны ёй цяпер больш за ўсё неабходныя. У антыметабалітах патрэбы няма.
— Што ўсё гэта значыць?
— Гэтае лячэнне запавольвае клетачны распад, — растлумачыў ён. — Аднак, і Джэні гэта ведае, магчымы пабочныя эфекты.
— Паслухайце, доктар, — пачаў я. — Вырашаць будзе Джэні. Як яна скажа, так і рабіце. І няхай вашыя людзі зробяць усё магчымае, каб яна не пакутавала.
— Можаце быць упэўненыя: усё будзе, як вы просіце.
— Мяне не хвалюе, колькі гэта будзе каштаваць. — Напэўна, тады я ўзняў голас.
— Гэта можа доўжыцца тыдні, нават месяцы, — сказаў ён.
— Мне пляваць на тое, колькі гэта будзе каштаваць! — амаль крыкнуў я.
Гэты чалавек быў дужа цярплівы са мною. Можа, я ўжо роў на яго.
— Я толькі хацеў растлумачыць, — сказаў Акерман, — што цяпер проста немажліва сказаць, колькі яшчэ пражыве ваша жонка.
— Памятайце, доктар, — не адставаў я ад яго, — памятайце, я хачу, каб у яе было ўсё сама лепшае. Асобная палата. Асобныя сёстры. Усё, што можна! Прашу вас. У мяне ёсць грошы.
20
Немагчыма даехаць ад Усходняй 63-й вуліцы ў Манхэтэне, Ню-Ёрк, да Бостана, Масачусэтс, хутчэй як за тры гадзіны дваццаць хвілін. Паверце мне, я праверыў гэта сам, калі гнаў па маршруце, і абсалютна перакананы, што ніводны аўтамабіль, наш ці замежны, нават калі за руль сядзе ас кшталту Грэма Хіла, не паб'е гэтага рэкорду. Выехаўшы на Масачусэтскую шашу, я разагнаў свой «МГ» да ста пяці міль у гадзіну.