Я хацеў глядзець і глядзець на яе, хацеў ніколі не адрывацца ад яе вачыма, але ўсё-такі апусціў іх. Мне было сорамна, што Джэні так лёгка чытае мае думкі.
— Паслухай, гэта адзінае, аб чым я цябе прашу, Олі. А так, я ўпэўнена, усё ў цябе будзе о'кэй.
У мяне зноў захрас камяк у горле, і я не змог нават сказаць у адказ «о'кэй». Я моўчкі глядзеў на Джэні.
— К чорту Парыж! — сказала яна раптам.
— Што?
— К чорту Парыж, к чорту музыку, к чорту ўсю гэтую лухту! Думаеш, ты што-небудзь украў у мяне? Мне пляваць на ўсё гэта, чуеш, сукін ты сын! Можаш ты ў гэта паверыць?
— Не, — шчыра прызнаўся я.
— Тады ідзі адсюль прэч! Я не хачу, каб ты сядзеў ля майго клятага ложка і глядзеў, як я аддаю канцы!
Яна не жартавала. Я заўсёды адчуваў, калі яна гаварыла ўсур'ёз. І я купіў хлуснёю дазвол застацца:
— Я табе веру.
— Так лепш, — сказала яна. — А зараз, можна я цябе аб чымсьці папрашу?
Усярэдзіне ў мяне ўсё зноў здрыганулася ад невыноснага жадання заплакаць. Але я пераадолеў яго. Я не заплачу. Я толькі скажу Джэніфэр, адным кіўком галавы скажу, што буду шчаслівы зрабіць усё, што яна папросіць.
— Мілы, абдымі мяне моцна-моцна, — сказала яна.
Я паклаў ёй руку на плячо — Божа, такое худзенечкае! — і сціснуў яго — слаба-слаба.
— Не, Олівэр, — сказала яна, — абдымі мяне па-сапраўднаму. Ляж побач са мною.
Я быў вельмі, вельмі асцярожлівы — з-за гэтых трубак і ўсялякіх іншых клятых прычындалаў. Лёг побач з ёю і абняў па-сапраўднаму.
— Дзякуй, Олі.
Гэта былі яе апошнія словы.
22
Калі я выйшаў, Філ паліў у салярыі невядома якую па ліку цыгару.
— Філ! — ціха сказаў я.
— Што? — ён узняў вочы, і мне здалося, што ён ужо ўсё ведае.
Я зразумеў, як яму трэба цяпер якое-небудзь суцяшэнне. Я падышоў да яго і паклаў руку яму на плячо. Я баяўся, што ён заплача. Сам я быў упэўнены, што стрымаюся. Я проста не мог не стрымацца…
Філ паклаў сваю руку на маю.
— Шкада, — прамармытаў ён, — шкада, што я… — Ён запнуўся. Я чакаў. Куды цяпер было спяшацца?..
— Шкада, што я паабяцаў Джэні быць моцным дзеля цябе. — І, усё роўна як выконваючы сваё слова, ціхенька паляпаў мяне па плячы.
А цяпер мне трэба было пабыць аднаму. Глынуць свежага паветра. Можа, прайсціся.
У чакальні было ціха-ціха. Адно што чуўся стук маіх абцасаў па лінолеуме.
— Олівэр!
Я спыніўся — і ўбачыў свайго бацьку.
Мы былі адны тут, калі не лічыць дзяжурнае сястры ў рэгістратуры.
Але я не мог гаварыць цяпер з ім і накіраваўся да дзвярэй на вуліцу. Праз нейкае імгненне ён дагнаў мяне.
— Олівэр! Ты павінен быў сказаць мне.
Было вельмі холадна. Але гэта мне, можна сказаць, падабалася, бо я ўсё роўна як здранцвеў і хацеў хоць што-небудзь адчуваць. Бацька ўсё гаварыў і гаварыў, а я моўчкі стаяў, падставіўшы твар парывам сцюдзёнага ветру.
— Я адразу прымчаўся сюды, як толькі даведаўся.
Я забыўся надзець паліто. Праз холад у мяне ажно твар пачаў застываць. Добра… Добра…
— Олівэр, — настойліва паўтарыў бацька, — я хачу табе дапамагчы.
— Джэні памерла, — сказаў я.
— О Божа!.. Як мне шкада, — узрушана прашаптаў ён.
Не ведаю чаму, але тут я згадаў словы, сказаныя мне вельмі даўно адной цудоўнай дзяўчынай, якое ўжо не было.
— «Каханне — гэта калі ні аб чым не трэба шкадаваць», — паўтарыў я іх.
А потым зрабіў тое, чаго ніколі не рабіў пры бацьку, тым больш — у яго на грудзях.
Я заплакаў.