Ежа ў рэстарацыі была не лепшая ад нашае размовы, з адной хіба што розніцай: што булачкі будуць чэрствыя, я мог сказаць яшчэ да таго, як іх прынеслі, а вось угадаць, якую тэму будзе мець ласку прапанаваць мне бацька, мне ніколі не ўдаецца.
— Апрача таго, ты заўсёды можаш уступіць у Корпус Міру, — сказаў ён раптам ні з таго ні з сяго.
— Сэр? — Я не зусім зразумеў, што гэта — пытанне ці сцвярджэнне?
— Па-мойму, Корпус Міру — выдатная рэч. А ты як думаеш?
— Ну, — адказаў я, — ва ўсякім разе, гэта лепш за Корпус вайны.
Нічыя. Я не ведаў, што хацеў сказаць ён, і наадварот. Ці азначала гэта, што тэма вычарпаная і што зараз мы пяройдзем да абмеркавання іншых важных, сапраўды ўрадавых праграм? Не. Я зусім забыўся, што найгалоўнейшая наша тэма — гэта заўсёды мае планы.
— Я быў бы зусім не супраць, каб ты ўступіў у Корпус Міру, Олівэр.
— Я таксама, — сказаў я, не жадаючы ўступаць яму ў велікадушнасці.
Я ўпэўнены, што Стод ніколі мяне не слухае, і таму не здзівіўся, што ён ніяк не адрэагаваў на мой тонкі сарказм.
— А твае аднакашнікі, — прадоўжыў ён, — як да гэтага ставяцца?
— Сэр?
— Ці лічаць яны, што Корпус Міру мае нейкае значэнне ў іх жыцці?
Здаецца, слухаць фразу «але, сэр» майму бацьку гэтаксама неабходна, як рыбе знаходзіцца ў вадзе.
Яблычны пірог таксама быў чэрствы.
Каля паловы дванаццатай я правёў яго да машыны.
— Я што-небудзь магу зрабіць для цябе, сын?
— Не, сэр. Дабранач, сэр.
І ён паехаў.
Хоць паміж Бостанам і Ітакай, штат Ню-Ёрк, лётаюць самалёты, Олівэр Барэт III вырашыў ехаць на машыне. Не таму, што хацеў паказаць, што ён гатовы праседзець за рулём некалькі гадзін дзеля таго, каб убачыць сына. Проста ён любіць вадзіць машыну. Хутка ехаць. А ў такі позні час ды яшчэ на «Астан Марцін ДБС» можна несціся што чорт. Ён пэўна вырашыў пабіць свой уласны рэкорд хуткасці на адрэзку Ітака — Бостан, устаноўлены ім летась, пасля таго як мы перамаглі Корнэл і выйгралі першынство. Я не сумняваўся ў гэтым, бо бачыў, як ён зірнуў на гадзіннік перад ад'ездам.
Я вярнуўся ў матэль патэлефанаваць Джэні. Гэта была мая адзіная прыемная хвіліна за ўвесь вечар. Я расказаў Джэні пра бойку (не ўдакладняючы характару прычыны вайны), і магу сказаць, што гісторыя ёй спадабалася. Мала хто з яе вытанчаных сяброў-музыкантаў мог пахваліцца тым, што хоць раз у жыцці пускаў у ход кулакі.
— Але ж ты хоць даў як след таму корнэльцу, што цябе ўдарыў? — запыталася яна.
— Вядома, яшчэ як! Месца жывога на ім не пакінуў.
— Шкада, што я не бачыла. Можа, ты паб'еш каго-небудзь на матчы ў Ейлі?
— Абавязкова.
Я ўсміхнуўся. Як яна любіла простыя забавы!
4
— Джэні тэлефануе ўнізе, — сказала мне дзяўчына, што дзяжурыла на ўваходзе ў інтэрнат, хоць я і не паспеў назваць ні сябе, ні мэты свайго наведвання…
Я хутка зрабіў выснову, што гэта ачко на маю карысць. Дзяўчо пэўна чытае ўжо «Крымсан» і ведае, хто я такі. Ну, да славы нам не прывыкаць. Нашмат важней тое, што Джэні расказала тут, з кім яна сустракаецца.
— Дзякуй, — сказаў я. — Я пачакаю тут.
— Шкада, што ў Корнэле так выйшла, — загаварыла дзяўчо. — «Крымсан» піша, на цябе аж чацвёра накінуліся.
— Ага. І мяне яшчэ выдалілі. На пяць хвілін.
— Ого…
— Джэні яшчэ тэлефануе?
— Тэлефануе, — адказала яна, зірнуўшы на свой камутатар.
Цікава, што гэта за суразмоўца, якому ёй не шкада падарыць некалькі дарагіх хвілін нашага спаткання? Які-небудзь музыканцік? Я ведаў, што нейкі Марцін Дэвідсан, студэнт апошняга курса Адамс-каледжа і дырыжор аркестра Бахаўскага таварыства, прэтэндуе на выключную ўвагу Джэні. Праўда, у платанічным сэнсе. Не думаю, каб гэты маладзён мог падняць што-небудзь цяжэйшае за дырыжорскую палачку. Так ці інакш, я не пацярплю, каб у мяне адбіралі мой час.
— Дзе гэтая тэлефонная будка? — спытаўся я ў дзяжурнай.
— У холе, за рагом, — паказала яна рукою, куды ісці.
Я павольна ўвайшоў у прасторны хол і яшчэ здалёк убачыў Джэні. Дзверы будкі яна пакінула незачыненыя. Я ішоў павольна, гультаявата пазіраючы па баках, спадзеючыся, што яна заўважыць мяне, убачыць усе мае пластыры і, кінуўшы слухаўку, кінецца мне на шыю. Але я быў ужо побач з будкаю, і да мяне даляцелі абрыўкі размовы:
— Але. Ну, так. Абавязкова. О, я таксама, Філ. Я так цябе люблю!
Я ўсё роўна як здранцвеў. З кім яна гаворыць? Гэта быў не Дэвідсан — таго завуць не Філ. Я ўжо даўно разведаў пра яго ўсё, што мог, па ўніверсітэцкіх спісах: «Марцін Юджын Дэвідсан. Факультэт музыкі і мастацтваў. Хатні адрас: Ню-Ёрк, Рывэрсайд-драйв, 70. Вышэйшая школа музыкі і мастацтваў». Мяркуючы па фатаграфіі, гэта быў чуллівы і недурны хлопец, фунтаў на пяцьдзесят лягчэйшы за мяне. Але чаго гэта я раптам буду непакоіцца за Дэвідсана? І перада мною, і перад ім Джэніфэр аддае відавочную перавагу нейкаму Філу, якому (ну і ну!) пасылала цяпер пацалункі па тэлефоне.