— Дык ён жа заняты чалавек! Яму ж трэба кіраваць усімі гэтымі банкамі і Бог яго ведае што яшчэ рабіць!
— Джэні, ты, уласна, на чыім баку?
— А гэта што, вайна? — спыталася яна.
— Вайна, — адказаў я.
— Гэта ж смешна, Олівэр.
Выдавала на тое, што яна сапраўды не магла мяне зразумець. Тады я і западозрыў, што мы па-рознаму глядзім на жыццё. Вядома, мае тры з паловаю гады ў Гарвардзе і яе ў Рэдкліфе ператварылі нас абаіх у самаўпэўненых інтэлектуалаў — традыцыйны прадукт гэтых устаноў. Аднак на гэтым падабенства канчалася. Згадзіцца з тым, што ў майго бацькі каменнае сэрца, яна не магла: заміналі, мабыць, нейкія атавістычныя італійска-міжземнаморскія паняцці накшталт «падрэ любіць сваіх бамбіні» — толькі так і не інакш.
Тады я паспрабаваў прывесці наглядны прыклад. Наша дурная «антыразмова» з бацькам пасля гульні ў Корнэле. Гэта відавочна ўразіла яе. Але няхай мне так добра будзе, калі ўразіла гэтак, як я разлічваў.
— Дык ён прыехаў з Бостана ў Ітаку дзеля нейкага няшчаснага хакейнага матча?
Я паспрабаваў растлумачыць ёй, што мой бацька — гэта выключна адна форма і аніякага зместу. Але яе проста асляпіла тое, што ён пусціўся ў такую далёкую дарогу, каб толькі папрысутнічаць на (адносна) пасрэднай спартовай гульні.
— Годзе, Джэні, давай закончым гэтую тэму?
— Ведаеш, — сказала яна, — я нават рада, што ты так зацыкліўся на сваім бацьку. Гэта азначае, што ты зусім яшчэ не дасканалы.
— Ты хочаш сказаць, ты — дасканалая?
— Божа барані, падрыхтунчык. Хіба я стала б тады сустракацца з табою?
Яна зноў была ў сваім стылі.
5
Хацеў бы ўжо сказаць колькі слоў пра нашы інтымныя адносіны.
Надзіва доўга іх не было ўвогуле. Інакш кажучы, нічога больш сур'ёзнага за тыя некалькі згаданых ужо мною пацалункаў (дагатуль памятаю іх усе да драбніц). Сітуацыя для мяне незвычайная: з прыроды я гарачы, нецярплівы і прадпрымальны. Калі б хто-небудзь сказаў любой з добрага тузіна дзяўчат у Таўэр-Корт, Уэлэслі, што Олівэр Барэт IV штодня сустракаецца з дзяўчынаю, але ні разу не спаў з ёю, яна пэўна засмяялася б і дужа засумнявалася ў вабнасці сяброўкі, пра якую ідзе гаворка. Аднак, вядома, справа была не ў гэтым.
Я проста не ведаў, як дзейнічаць.
Толькі не трэба разумець мяне залішне літаральна. Я ведаў усе мажлівыя хады. Але ніяк не мог пераадолець няўпэўненасці. Джэні была вельмі разумная, і я баяўся, што яна проста пасмяецца з таго, што я прызвычаіўся лічыць вытанчана-рамантычным (і непераможным) стылем Олівэра Барэта IV. Але я баяўся, што яна адштурхне мяне. А калі не адштурхне, дык з прычын, ад кахання далёкіх. Усімі гэтымі блытанымі тлумачэннямі я хачу сказаць адно: мае пачуцці да Джэні былі адрозныя ад тых, што я меў раней да іншых дзяўчат. Я не ведаў, як сказаць ёй пра гэта, і не было ў каго спытаць рады. («Трэба было папытацца ў мяне!» — скажа яна потым.) Я ведаў толькі, што яна патрэбная мне. Уся.
— Олівэр, ты заваліш іспыт.
Мы сядзелі ў мяне ў пакоі і чыталі. Была нядзеля, другая палова дня.
— Олівэр, калі ты будзеш адно глядзець, як вучу я, дык абавязкова правалішся.
— Ды не гляджу я на цябе. Я чытаю.
— Лухта. Ты разглядваеш мае ногі.
— Хіба што зрэдку. На пачатку кожнага раздзела.
— Нешта ўжо вельмі кароткія раздзелы ў тваёй кнізе.
— Слухай, самаўлюбёніца! Не такая ты ўжо і паглядная.
— Я ведаю. Але што я магу зрабіць, калі для цябе я «такая ўжо».
Я адсунуў кнігу, устаў і падышоў да яе.
— Джэні, ну зразумей ты: як я магу чытаць Джона Сцюарта Міля, калі кожную секунду паміраю ад жадання апынуцца з табою ў ложку!
Яна нахмурылася:
— Олівэр, прашу цябе!
Я прысеў на кукішкі побач з яе крэслам. Яна зноў уткнулася ў кнігу.
— Джэні…
Яна ціха загарнула кнігу, адсунула яе і паклала рукі мне на плечы.
— Олівэр, прашу цябе…
І тады гэта ўсё здарылася. Усё здарылася.
Наша першая фізічная блізкасць была цалкам процілеглая нашай першай размове. Мы былі такія нетаропкія, такія ласкавыя, такія пяшчотныя… Я і не здагадваўся, што сапраўдная Джэні была менавіта такая — ласкавая Джэні, што дотыкі яе такія лёгкія і пяшчотныя. Але нашмат болей здзівіўся я з самога сябе. Я таксама быў ласкавы. І пяшчотны. Няўжо гэта і быў сапраўдны Олівэр Барэт IV?
Я ні разу не бачыў, каб кофтачка Джэні была расшпіленая хоць на адзін гузік. І таму здзівіўся, калі ўбачыў у яе на шыі маленькі залаты крыжык. Ланцужок быў запаяны наглуха, і калі мы займаліся каханнем, крыжык заставаўся на ёй. У той цудоўны вечар, у хвілю адпачынку, калі здаецца, нічога іншага не мае значэння і адначасна ўсё значэннем поўніцца, я дакрануўся да крыжыка і запытаўся, што сказаў бы яе святар, калі б даведаўся, што мы з ёю апынуліся ў адным ложку. Але яна адказала, што ў яе няма святара.