– Ніякія лекі гэтага не вылекуюць, толькі нож.
– Але як?
– Атрута ўсмоктваецца павольна. Яна на некалькі гадзін застаецца ў ране.
– Значыць, яе можна прамыць і знішчыць яд?
– Не больш, чым пры змяіным укусе. Гэты яд занадта падступны і вядзе да смерці.
– Тады – выразаць рану?
– Толькі так. Калі рана на пальцы – трэба адрэзаць палец. Так заўсёды казаў мой бацька. Але калі падумаць, дзе гэтая рана і што гэта мая жонка! Гэта жудасна!
Але знаёмства з такімі суворымі справамі можа добра прытупіць чалавечае спачуванне. Для Дугласа Стоўна гэта быў ужо цікавы выпадак, і ён не звяртаў увагі на слабыя пярэчанні мужа.
– Або робім гэта, або нічога, – сказаў ён рэзка. – Лепш страціць губу, чым жыццё.
– Так, я разумею, Вы маеце рацыю. Значыць, такі лёс і трэба яго прыняць. Нас чакае экіпаж, Вы пойдзеце са мной і зробіце, што трэба.
Дуглас Стоўн дастаў з шуфляды сваю скрыню і паклаў яе ў кішэню разам з сувоем бінту і корпіяй для павязкі. Яму больш нельга было марнаваць час, калі ён хацеў пабачыцца з лэдзі Сэнакс.
– Я гатовы, – сказаў ён, нацягваючы паліто. – Ці не хочаце келіх віна перад тым, як выходзіць на холад?
Госць адхіснуўся, з пратэстам падняўшы руку.
– Вы забыліся, я мусульманін, прававерны паслядоўнік Прарока, – сказаў ён. – І скажыце, што гэта за зялёная шкляначка, якую Вы паклалі ў кішэню?
– Гэта хлараформ.
– Ой, гэта нам таксама забаронена. Там жа спірт, а нам нельга ўжываць такое.
– Што?! Вы дазволіце рабіць аперацыю вашай жонцы без абязбольвання?
– Ды яна ж, бядачка, нічога не адчуе. Яд ужо пачаў дзейнічаць, яна правалілася ў глыбокі сон. Да таго ж, я даў ёй нашага смірнскага опіюму. Пойдзем, сэр, ужо мінула гадзіна.
Калі яны выйшлі ў цемру, струмені дажджу лінулі ім у твар, і ў вітальні ад павеву ветру пагасла лямпа, якая звісала з рукі мармуровай карыятыды. Пім, дварэцкі, мажна наваліўся плячом на цяжкія дзверы, каб прытрымаць іх супраць ветру, у той час як двое мужчын вобмацкам рухаліся да жоўтага агеньчыка, які паказваў, дзе іх чакае кэб. Праз хвіліну яны грукацелі ў экіпажы па дарозе.
– Далёка ехаць? – спытаў Дуглас Стоўн.
– О не. Мы жывем у невялікім ціхім месцы за Юстан-роўд.
Хірург націснуў спружыну гадзінніка і пачуў звон. Было чвэрць на дзесятую. Ён вылічыў адлегласць і вырашыў, што яму спатрэбіцца няшмат часу на гэтую простую аперацыю. А дзесятай ён мусіў быць у лэдзі Сэнакс. Праз затуманеныя вокны ён бачыў, як мігцяць змазаныя агні ліхтароў і рэдкія ярка асветленыя вітрыны крамаў. Дождж барабаніў і грукатаў па скураным верху экіпажа, і колы расплёсквалі лужыны і гразь. Насупраць ледзь-ледзь свяціўся ў цемры белы турбан спадарожніка. Хірург намацваў і ўладкоўваў у сваіх кішэнях шпрыцы, павязкі і ангельскія шпількі, каб не марнаваць на гэта час па прыездзе. Ён нерваваўся ад нецярплівасці і барабаніў нагой па падлозе.
Урэшце экіпаж запаволіўся і спыніўся. Праз хвілю Дуглас Стоўн выскачыў, і адразу за ім выйшаў купец са Смірны.
– Чакайце, – сказаў ён кіроўцу.
Гэта быў убогі з выгляду дом на вузкай бруднай вуліцы. Хірург, які добра ведаў Лондан, кінуў хуткі позірк у вечаровы змрок, але навокал не было нічога асаблівага – ні крамаў, ніякага руху – нічога, толькі двайны шэраг панурых дамоў з плоскімі фасадамі, двайная паласа мокрых бетонных пліт, якія мігцелі ў святле ліхтароў, і двайны струмень вады ў канавах, што віраваў і булькацеў, ліючыся праз сцёкавую рашотку. Дзверы дома выцвілі і пакрыліся плямамі, і цьмянае святло ў вентыляцыйным акенцы над імі яшчэ больш падкрэслівала пыл і бруд, што пакрывалі яго. Вышэй, у адным з вокнаў спальні, віднелася тужлівае жоўтае мігценне. Купец гучна пагрукаў, і калі ён павярнуў цёмны твар да святла, Дуглас Стоўн мог заўважыць, што твар гэты азмрочаны нейкай трывогай. Засаўку адчынілі, і ў дзвярах з’явілася паджылая кабета са свечкай у руках, скурчанай рукой прыкрываючы тонкае полымя.
– Ну як? – задыхаючыся, спытаў купец.
– Яна такая ж, якой была, калі вы сышлі, сэр.
– Яна не размаўляла?
– Не, яна моцна спіць.
Гандляр зачыніў за сабой дзверы, і Дуглас Стоўн рушыў па вузкім калідоры, неяк здзіўлена пазіраючы на гаспадара. Тут не было ні лінолеуму, ні кіліма, ні вешалкі для капелюшоў. Вока паўсюдна натрапляла на густы шэры пыл і цяжкія гірлянды павуціння. Ён падымаўся па вітой лесвіцы следам за старой, і яго цвёрдая хада рэзка адгукалася рэхам у цішыні дома. Дываноў тут не было.
Спальня была на другім паверсе. Дуглас Стоўн ішоў туды за старой сядзелкай, следам рухаўся гандляр. Тут прынамсі была нейкая мэбля і нават больш за тое. Падлога была засмечаная, а куты заваленыя турэцкімі куфрамі, інкруставанымі сталамі, кальчугамі, дзіўнымі люлькамі і недарэчнай зброяй. На сцяне вісела адзінокая маленькая лямпа. Дуглас Стоўн зняў яе і, прабіраючыся сярод усялякай старызны, падышоў да ложка ў куце, на якім ляжала жанчына ў турэцкай вопратцы, у чадры і паранджы. Ніжняя частка твару была адкрытая, і хірург убачыў няроўны парэз зігзагам уздоўж ніжняй губы.