І праца закіпела. Ясь і Ігнат рэзалі паперу па памеры даляравых купюр. Пасля Ясь пачаў рыхтаваць хімікаты. Надвячоркам усё было гатова. У машынцы ляжаў пахкі пачак паперы, сціснуты дзвюма дошкамі. Пан Баніфацый і не падазраваў, што другі пачак, ідэнтычны з тым, у якім былі даляры, у ягоную адсутнасць (кліента выправілі па воцатную эсэнцыю) быў схаваны пад падушкай на Ясевым ложку.
Была сёмая гадзіна вечара. Ясь сказаў:
— Гэта павінна ляжаць так цягам трох гадзін, а пасля мы пакладзём усё на 12 гадзін у духоўку.
Распалілі агонь, каб разагрэць духоўку, і прыняліся за вячэру, якую і гэтым разам шчодра залівалі алкаголем.
Пасля вячэры, а дзясятай вечара, Ігнат урачыста прынёс «машынку» і змясціў яе ў духоўку.
— Не загорача будзе? — спытаў ён у Яся.
Хлопец засунуў у духоўку руку.
— Не… у самы раз.
Ігнат звярнуўся да гаспадара:
— Добра было б, каб хтосьці з нас тут спаў. Самі разумееце, пане гаспадар, 23 000 даляраў… Гэта вам не пальцам пераківаць.
— Канешне, канешне… — сквапна падтакнуў пан Баніфацый. — Я акурат пра гэта думаў.
— Можна прынесці сюды ложак, — прапанаваў Ясь.
— Навошта, — сказаў пан Баніфацый, падстаўляючы да печы крэсла. — Я тут і так пасяджу. Мне спаць зусім не хочацца.
— Калі вы так лічыце, — адказаў Ясь. — Толькі, калі ласка, абудзіце нас да дзясятай. Або а дзясятай самі дастаньце ўсё з духоўкі.
— І ўжо будзе гатова?
— Дакладна, — адказаў Ясь.
— Дабранач, — сказаў пан Баніфацый.
Прыяцелі скіраваліся ў свой пакой, а пан Баніфацый застаўся вартаваць скарб і адчайна абдумваў, як бы яму аднаму завалодаць ім.
«Проста выкіну смаркачоў за дзверы і прыгражу паліцыяй», — вырашыў урэшце пан Баніфацый.
Тым часам калегі паціху вылезлі праз акно ў сад, а адтуль праз паркан выбраліся на дарогу да тракту. Яны неслі з сабой адзінаццаць з паловай тысяч даляраў. У дадатак Ясь нёс успаміны аб пяшчотах сваёй выпадковай каханкі.
А на хутары заставалася адчыненым акно Марысінага пакоя (яна не ведала, што Ясь сёння сыдзе), і сядзеў ля духоўкі пан Баніфацый, пільнуючы складзеныя ў «машынку» шматкі паперы.
КЛОПАТ ПАЎЦІ
І ЭТЫКА ТАМАША ХУРДЗІЧА
Вылітая ў твар вада прывяла Паўлінку ў прытомнасць. Яна расплюшчыла вочы і ў жаху глядзела на свайго каханка. Баран моцна перавязаў плячо, каб спыніць кроў, што цякла з глыбокай раны каля локця, пасля ручніком закруціў саму рану. Ён апрануў фрэнч, узяў шапку і, не зірнуўшы на Паўлінку, выйшаў з майстэрні.
Паўця нейкі час ляжала, мяркуючы, што Баран зараз вернецца, але, калі яго не было ўжо доўга, яна паднялася і пайшла ў свой пакой. Зірнула ў люстэрка і адступіла ў жаху. Твар, шыя і грудзі былі залітыя крывёю… Хутка, аднак, яна супакоілася, бо згадала, што гэта кроў палюбоўніка. Толькі вылаялася: «Пачакай у мяне, бандзюган, я табе гэтага не дарую! Успомніш у мяне!»
У той дзень Баран дадому не вярнуўся. Начаваць ён таксама не прыйшоў. Назаўтра Паўлінка, убачыўшы Яся, спытала ў таго пра Аліка, але хлопец нічога пра яго не ведаў.
На чацвёрты дзень з раніцы Паўлінка элегантна адзелася, апранула каракулевы палітончык і пайшла да Баляў. Дарогаю яна разважала, што рабіць. «Можа, Алік мяне кінуў? А можа, папаўся?.. Хутчэй, папаўся».
Паўлінка не хацела змірыцца з думкай, што Алік мог бы яе кінуць. У Баляў Паўця наслухалася шматлікіх захопленых водгукаў аб багацці і харастве свайго строя. Гэта яе вельмі пацешыла. Яна вярнулася дамоў позна. Аліка не было.
Уначы Паўлінка не спала. Разважала пра свой лёс і думала, што рабіць. Згадала Толіка, які быў для яе ўзорам выхаванасці і элегантнасці, і вырашыла пайсці да яго па раду. «Калі Алік не вернецца, то, можа, ён возьме мяне да сябе. Крыху грошай я назбірала, дарагіх рэчаў у мяне шмат. Мы б адкрылі большую цырульню. Мяне б яму саромецца не давялося. Я ж такая прыгожая. Алік па мне вар’яцеў. Чым я Толіку не пара… Я таксама магла б чытаць розныя кнігі і прыгожа гаварыць». Паўця расплылася ў мроях і заснула.
Назаўтра Паўлінка адзелася як найпрыгажэй і пайшла да Толіка. Праходзячы міма цырульні яна заўважыла, што кліентаў унутры няма, таму з мілай усмешкай і проста-такі ззяючы яна ўвайшла ў сярэдзіну.
— Толічак, каханы, даруй, што я так даўно ў цябе не была… Столькі справаў… — Паўця не паспела скончыць.
Толічак, які падчас уваходу Паўлінкі раскладваў у шафе сурвэткі, замёр на месцы. Перапуджанымі вачыма ён глядзеў на жанчыну. Урэшце ганарыста выпнуў грудзі, падняў угару падбароддзе і пагардліва ўказаў ёй пальцам на дзверы:
— Зрабіце ласку, шаноўная пані, вымятайцеся адсюль прэч! Зразумела?!