Выбрать главу

Калі праз пару дзён англічане, згодна з дамовай, павінны былі засяліцца ў палац, яны былі здзіўленыя, што там усё па-старому. Купец сустрэў іх вельмі прыязна, здагадваючыся, што гэта тыя самыя англічане, якія наведвалі яго палац. Але паразумецца між сабой яны не маглі. Гаспадар зноў правёў іх па палацы і запрасіў на абед… Склалася няёмкая сітуацыя. Купец дзівіўся, чаму гэтыя англічане такія надакучлівыя. Англічане не разумелі, чаму не выконвалася дамова.

Справа праяснілася. Паліцыя пачала актыўныя пошукі аферыстаў — натуральна, безвынікова. Імаверна, расейскі ўрад вярнуў англічанам страчаныя грошы…

Ясь ужо чуў расповед пра гэтую аферу, толькі пакупнікамі былі не англічане, а прамысловец з поўдня Расеі, а прадавалі палац нейкага князя.

Наступная, яшчэ цікавейшая афера праварочвалася ў Маскве. Неяк хтосьці з аферыстаў убачыў мужыка, што вёз на кірмаш дровы. Гэты мужык кагосьці яму да жудасці нагадваў. Крыху падумаўшы, аферыст зарыентаваўся, што мужык вельмі падобны да вядомага ў Маскве мітрапаліта. Яму прыйшло ў галаву, што гэтым падабенствам можна скарыстацца. І работу сваю ён пачаў з таго, што купіў у мужыка дровы і загадаў яму прыехаць у Маскву на службу, за якую б яму плацілі 100 рублёў у месяц. Мужык радасна пагадзіўся, бо сума для яго была вялізная. Аферыст даў яму трыццаць рублёў задатку і загадаў прыехаць праз тыдзень.

Як толькі мужык прыехаў у горад на зусім, яго ўзялі ў абарот. Працы для яго амаль не было, але яму пашылі духоўную адзежу і вучылі маліцца. Гэта было крыху дзіўна, але гаспадары ягоныя былі такія мудрыя і шчодрыя, так выдатна кармілі і паілі яго, што дзядзька ані пра што не пытаўся. «Яны, відаць, лепш за мяне, цёмнага мужыка, ведаюць, што і як. Трэба рабіць, што кажуць».

Пасля доўгай дрэсіроўкі і падрыхтоўкі было агульна прызнана, што кліент даспеў… І вось неяк да адной з вялікіх крам на Кузнецкім мосце пад’ехаў вядомы ў Маскве экіпаж мітрапаліта. З экіпажа выйшаў сам бацюшка, пад руку яго з шанаваннем падтрымліваў хтосьці з духоўных ніжэйшага рангу. У суправаджэнні цывільнага чыноўніка з тэчкай яны скіраваліся ў краму. Ад гасцей такога ўзроўню ўласнік поўніўся гонарам і чакаў даручэнняў. Сакратар звярнуўся да ўладальніка крамы:

— Яго Праасвяшчэнства жадае набыць для некалькіх манастыроў і новых цэркваў на Поўначы вялікую колькасць царкоўнага начыння.

— Можна зрабіць на замову.

— На гэта няма часу, бо заўтра мы будзем на інспекцыі. Пакажыце, што ў вас ёсць.

На прылаўках з’явілася шмат каштоўнага царкоўнага посуду і крыжоў. Пачалі выбіраць неабходныя рэчы. Сакратар пазіраў у спісы і называў колькасць патрэбных рэчаў. Протаіерэй выбіраў. Урэшце з пакупкамі скончылі. Сакратар падаў уладальніку крамы валізку і загадаў усё туды скласці. Пасля ён папрасіў рахунак. Праверыў суму і звярнуўся да «мітрапаліта»:

— Ваша Праасвяшчэнства, можа, вы пачакаеце крыху ў краме, нашто вам турбавацца, а мы тым часам забяром грошы з банка і аплацім рахунак.

— Добра, — флегматычна адказаў «мітрапаліт».

І аферысты з’ехалі экіпажам, забраўшы з сабою вялікую частку золата і каштоўных камянёў. Былі там і рэчы меншай вартасці, якія бралі ў камплект, каб не ўзбуджаць падазрэнняў.

Мітрапаліт сядзеў у крэсле, паклаўшы рукі на калені, і моўчкі цярпліва чакаў вяртання сваіх карміцеляў… Міналі гадзіны. Набліжаўся час закрыцця крамаў, а экіпаж не вяртаўся. Уласнік пачаў непакоіцца. Урэшце ў яго з’явілася адчуванне, быццам штосьці тут не так. Ён з ніжэйшымі выбачэннямі звярнуўся да мітрапаліта і спытаўся, ці не сталася дарогаю з яго суправаджэннем штось кепскае, бо іх адсутнасць зацягнулася. Адказ быў дзіўны і, як на асобу такога высокага рангу, дурнаваты. Гэта скіравала падазрэнні ювеліра ў іншы бок: ён стаў ахвярай ашуканцаў. Ужо смялей ён звярнуўся да ганаровага кліента з пытаннямі і адразу ж зразумеў, што гэта зусім не мітрапаліт. Адразу ж выклікалі паліцыю. Мужыка арыштавалі і дапыталі. Ён, як умеў, расказаў, што ведаў пра ўсю гэту справу. Але аферыстаў не знайшлі.

Такім чынам Сабіна расказвала пра многія аферы свайго мужа. І не сцісла — як я тут пішу, — а разгорнута, смакуючы падрабязнасці, каментуючы і падкрэсліваючы пэўныя факты, каб звярнуць на іх асаблівую ўвагу.

Пад уплывам Сабініных аповедаў Ясю прыйшла ў галаву адна ідэя, і ён пачаў абдумваць яе ажыццяўленне. Неўзабаве ён меў гатовы план дзеяння і заняўся падрыхтоўчымі працамі. Кожныя два-тры дні ён заходзіў у элітную краму тытунёвых вырабаў на Захар’еўскай вуліцы, уласнікам якой быў немалады, але прыстойны з выгляду армянін, жанаты з багатай, маладой і прыгожай рускай. Яны займаліся крамай самі, адначасова або папераменна. Гэта было няцяжка, бо праца ў краме вялікіх высілкаў не патрабавала. Рэдка калі пакупкі трэба было пакаваць, кліенты пераважна адразу ж клалі іх у кішэнь. Ясь ведаў, што сям’я гэтая вельмі заможная, паколькі, акрамя даходу з крамы, яны мелі таксама вялізныя прыбыткі з гандлю валютай, золатам і ювелірнымі вырабамі.