Ясь уваходзіў у краму заўжды элегантна апрануты і купляў толькі найлепшыя цыгарэты і цыгары. Аднойчы ён прапанаваў армяніну купіць дваццаць даляраў (нібыта не ведаў, дзе іх прадаць, а яму патрэбная была гатоўка). Іншым разам ён прынёс на продаж вялікі пярсцёнак з сапфірам (сам адмыслова набыў яго з гэтай мэтай). Пры абмеркаванні кошту Ясь паказаў абсалютную незарыентаванасць у вартасці пярсцёнка, папрасіўшы няпоўную траціну ад яго сапраўднай цаны.
Армянін усё больш зычліва прымаў свайго кліента, і між імі завязалася своеасаблівае сяброўства. Ясь мімаходзь згадваў, што мае пад Барысавам вялікі маёнтак, што з прычыны вайны яго бацькі не вярнуліся з-за мяжы, а ён з найбольш каштоўнымі рэчамі пераехаў з маёнтка ў Менск, баючыся бандытаў. Тут ён чакае канца вайны.
Для такой аферы Ясю быў патрэбны супольнік. Ён лічыў, што гэта павінен быць чалавек немалады, добра апрануты, усім сваім выглядам варты даверу. Пасля доўгіх роздумаў ён спыніў выбар на Філіпе Лысым. Былі хлопцы мудрэйшыя і спрытнейшыя за яго, але знешні выгляд і элегантнасць Філіпа Лысага, несумнеўна, рабілі яго найбольш адпаведным кампаньёнам. Ясь дамовіўся з Філіпам.
— Чаму ты не правернеш гэты інтэрас, як раней, з Хамам? — пазяхнуў Філіп, маючы на ўвазе сталага Ясевага супольніка, Барана.
— Хам не пасуе… Тут, разумееш, выгляд патрэбны… Такога арыстакрата, знаўцы мастацтва… Ну, і багатага пана, што называецца.
Шырока пазяхаючы, Філіп замаскіраваў задавальненне і сказаў:
— Ты, гэта… Высока лётаць пачынаеш…
Але на работу пагадзіўся. Ясь агульна апісаў яму ўсю справу і падрабязна патлумачыў амаль удвая старэйшаму калегу ягоную ролю.
Цяпер Ясь заняўся наведваннем антыкварных салонаў, крамак і латкоў з рознай старызнай. Яму было досыць цяжка знайсці неабходныя рэчы. Урэшце на Нізкім рынку яму трапіўся пабіты жыццём партрэт старой, зроблены алейнымі фарбамі. Паверхню карціны перасякала сетка расколін. У некалькіх месцах палатно працерлася. Рама таксама была ў вельмі кепскім стане. Ясь прывёў партрэт да ладу і набыў для яго іншую раму. Акрамя таго, у куце карціны, унізе, ён паставіў амаль нябачную літару, канец подпісу мастака. Пачатак губляўся на краі палатна.
Калі ўсё было падрыхтавана, Ясь загарнуў партрэт у два аркушы ўпаковачнай паперы і пайшоў з ім у горад. На Захар’еўскай ён зайшоў у тытунёвую краму і купіў пачак цыгарэт. Як звычайна, загаварыў з армянінам, а ў пэўны момант сказаў:
— Я хачу пакінуць у вас гэты партрэт. Я нёс яго на ацэнку аднаму знаўцу такіх рэчаў, які скупляе тут карціны для нямецкіх музеяў і галерэй. Калі б цана была добрая, я б прадаў яго. Але скупшчыка дома я не застаў. Ён з’ехаў на некалькі дзён. Я не хачу несці партрэт назад. Лепш, калі ён вернецца, забяру партрэт у вас, тут блізка.
— Ды калі ласка, — ахвотна пагадзіўся армянін. — Хай стаіць тут, колькі трэба. Месца хопіць.
Ясь клапатліва паставіў карціну ля сцяны за прылаўкам так, каб яна не замінала на праходзе, але і так, каб яе было відаць з крамы. Упаковачная папера ў адным месцы адмыслова была падраная, і праз дзірку віднелася частка партрэта. Ясь яшчэ трохі пагутарыў з армянінам. Сярод іншага ён згадаў, што партрэт з’яўляецца сямейнай рэліквіяй і, праўдападобна, досыць дарагі, але яму ён не падабаецца, і цяпер, у складанай сітуацыі, лепш прадаць гэтую карціну, чым іншыя каштоўныя рэчы.
Ужо некаторы час у тытунёвую краму рэгулярна завітваў высокі, элегантны, інтэлігентнага выгляду мужчына і купляў дарагія цыгары. Ён быў негаваркі, абыякавы да ўсяго і быццам бы крыху рассеяны. Армянін заўважыў, што наведнік мае залаты гадзіннік і вялікі пярсцёнак з гербам.
— Гэты то напэўна нейкі граф або князь, — сказаў уладальнік крамы жонцы.
— А можа, нейкі царскі міністр, які даў сюды драпака ад бальшавікоў, — выказала здагадку тая.
Армяніну карцела завязаць размову з высокай асобай. Але ад «міністра» біў такі холад і так патыхала важнасцю, што крамнік не наважваўся. Тым больш што госць заўжды быў негаваркі. Не вітаўся, не развітваўся. Уваходзіў з пагардліва надзьмутымі вуснамі. Каротка кідаў «цыгары» і называў марку. Пасля: «Колькі з мяне?» — і выходзіў, незгінальны, халодны, урачысты. Грошы ён вымаў са шчыльна набітага партманэ, быццам бы гідзячыся імі. Глядзеў граф не ў вочы, а скрозь іх. Філіп праявіў не абы-які акцёрскі талент. Ясь нават не ўяўляў сабе, як дасканала ягоны кампаньён выконвае сваю ролю.