Выбрать главу
Гляну я ў аконца, пагляджу я ў фортку Крочаць злодзеі ў расклёшаных портках… Гальштукі модныя, выпрасаваныя, Боцікі новыя, лакіраваныя… Гэй, дыгу-дыгу! Гэй, дана-дана! Боцікі новыя, лакіраваныя…

— Ты б свае старыя, прынамсі, наваксаваў, — пагардліва, але крыху лагодней адгукнулася Кася, якая вельмі любіла спевы і музыку і магла расчуліцца ад зладзейскіх песень.

А Фіська — камароўскі салоўка — спяваў далей. Адчуваў зладзейскай інтуіцыяй, чым Касю ўзяць:

Пальцы дашчэнту ўсе ў дыяментах, У кожнага тростка — слановая костка! Гэй, дыгу-дыгу! Рэй, дана-дана! У кожнага тростка — слановая костка!

Следам за Фіськам прыйшоў падобны да распарадчыка пахаванняў або і да нябожчыка ў адпачынку, урачысты і сур’ёзны скрыпач Пятрок Парадак. Ён быў высокі, худы, але рукі меў неверагодна моцныя, чым зрэдку выхваляўся. Акрамя таго, ён быў вельмі хвацкі. Фіська казаў пра яго з захапленнем: «Нічога ў ім няма: скура, жыла і косць, а як шмайдане — ногі працягнеш! А самога ніхто права не мае крануць».

Парадак асцярожна паклаў на камоду скрыпку і ўрачыста павіншаваў Касю.

— А дзе Папугай? — спытала Кася, маючы на ўвазе гарманіста.

— Кірнуў сабе і спіць, — бездапаможна развёў жалезнымі рукамі скрыпач. — Я яго будзіў, будзіў… аніякім парадкам не ўстаў. Табакі яму ў нос напхаў. Таксама нічога… Як праспіцца, то прыйдзе. Ён любіць, такім парадкам, пад гарэлачку граць…

— Вельмі шкада, — расчаравана сказала Кася.

Пасля прыйшлі Жаба і Чэсік Свабода. Наогул Жаба не любіў Свабоду, якога падазраваў у сацыялізме, але неяк так складалася, што яны або жылі на тых самых малінах, або сядзелі ў тых самых турмах. Нават траплялі ў агульныя камеры. Пасля таго, як яго выкінулі з Польскай сацыялістычнай партыі і адседкі, Чэсік Свабода крыху зменшыў свой агітацыйны запал. Ён ведаў, што злодзеі ў сацыялістычных пытаннях чуйкай ветраць махлярства і абдурванне фраераў… Толькі цяпер, пасля прачытання вялікай колькасці нелегальных камуністычных выданняў, Свабода адчуў глебу пад нагамі. Проста знайшоў магчымасць выплысці з глыбінь зладзейскага існавання на паверхню нармальнага жыцця. Таму ён усляпую агітаваў за бальшавікоў, ажно пыл курэў… А вось Жаба, славуты варшаўскі злодзей, звонку быў тыпам такога буржуя, якога ўяўляюць сабе і малююць у карыкатурах бальшавікі.

Жабу Кася Залатая Труба прыняла з асаблівай пашанай. Негаваркі, сур’ёзны злодзей мімаходным, але ўчэпістым ацэначным позіркам акінуў абстаноўку і адразу ж прысеў у куце канапы. Кася села з ім поруч. Пачалі размаўляць напаўголасу пра важныя зладзейскія пытанні.

Тым часам Чэсік Свабода сабраў вакол сябе Пецьку Быка, Фіську і Парадка.

— Вось ты, напрыклад, — прамаўляў Свабода, тыцкаючы пальцам Фіську ў грудзі, — каб не буржуазія, не хадзіў бы ў рызняку (ён меў на ўвазе падранае адзенне паточніка).

— Ды ну?.. Што ты гаворыш? — падняў бровы ўгару Фіська і адначасова запытальна паглядзеў на Пецьку Быка.

— Так, так… Я табе кажу… Кожны павінен прынамсі тры строі мець.

Раптам з дзвярэй раздаўся голас:

— …Чырвоны, зялёны і белы…

Гэта прыйшоў Янка Залаты Зуб, які ўвесь час пакепліваў са Свабодавай агітацыйнай маніі. Кася Залатая Труба ажывілася: ужо два зладзейскія тузы ўшанавалі сваёй прысутнасцю яе прыём. Янка прывітаўся з прысутнымі і далучыўся да Жабы і Касі.

Тым часам Чэсік Свабода гнуў далей, а Бык, Фіська і Парадак вымушаныя былі слухаць, бо не мелі іншага занятку.

— …Адзін строй павінен быць працоўны, але добры. Другі штодзённы: першакласны, моцны і файны. Трэці, што называецца, святочны. Каб люстэрка ўсміхалася.

— Такім парадкам, — адгукнуўся скрыпач, — то святочнага і апрануць нельга.

— Чаму ж гэта? — здзівіўся Свабода.

— Калі ў іх святых няма, то якія ж святы?

— Іншыя святыя ёсць, — захацеў пахваліцца сваімі ведамі Бык. — Тыя ж самыя Ленін з Троцкім — гэт як Пётра з Паўлам. І іншых шмат. Хіба ж не? — звярнуўся ён да Свабоды з пытаннем.

— Гэта вы, таварышы, не так разумееце, — запаліўся Чэсік Свабода.

— Таварышы злодзеі… — паправіў яго з кута Янка Залаты Зуб, ён мімаходзь прыслухоўваўся і да іх размовы.

І Чэсік Свабода пусціўся ў блытаную лекцыю на тэму камуністычнай дактрыны. Слухачы ўважліва назіралі, цярпліва прымалі невядомыя сацыялістычныя тэрміны і, здавалася, добра разумелі. Раптам Фіська катэгарычна рубануў:

— Я на такое не згодны!

Чэсік вылупіў вочы.

— Чаму?!

— Ну на тры строі… Бо выходзіць так: працоўнае толькі для працы. Клёва. Другое… таксама файна… Ну а трэцяе, першай класы, зусім не падыходзіць… Як жа я «на паток» пайду? Мне во такое трэба… — І Фіська паматляў брудным крысом выцвілага пінжака. — Каб «за паток» брацца можна было.