Выбрать главу

Чэсік балесна паморшчыўся:

— Таварыш, вы мяне зусім не разумееце! Я кажу пра тыя часы, калі не трэба будзе красці. Калі…

Свабода разводзіў пальцамі ў паветры, бо раптам яму не хапіла аргументаў. На дапамогу прыйшоў Янка Залаты Зуб:

— Ленін і ягоны швагер Маркс сюды гэтую машыну прывязуць, што з саломы і дрэва сальцісоны робіць.

Гэтая з’едлівасць не збіла Свабоду з панталыку. Ён казаў далей, толькі крыху цішэй.

— Файны хлапчына, — заўважыў Янка, звяртаючыся да Касі. — Залатыя рукі, характэрны. Толькі з гэтым камунізмам крыху ўчадзеў.

— Перамудруюць і яго, — неахвотна адгукнуўся Жаба. — Для разумнага гэта ўсё задурное і застарое будзе. Зрэшты, што там шпагат добрага прыдумае? Толькі турмы, войны і рэвалюцыі… Калі б усе менш балбаталі, а больш рабілі, то і без агітацыі і без рэвалюцыі галеча б знікла. Атак, сволачы, толькі круцяць, забіваюць, а самі тым часам вялікімі панамі робяцца! Добра жаруць, раздаюць загады і ў славе сыцеюць!

— І вось вераць ім, — заўважыў Янка Залаты Зуб.

— Вераць, бо кожны шчасця хоча, — задуменна і быццам бы са смуткам сказаў Жаба.

— А дзе ж яно… шчасце? — далучылася Кася, думаючы пра што іншае: «Чаму ж яны так паволі збіраюцца?»

— Шчасце тут, — Жаба паклаў руку на грудзі. — Толькі ў сабе! — сказаў ён сур’ёзна, з сілай і ўпэўненасцю. — І ніхто нам яго не дасць!

У вялікім пакоі раптам нібы святлей зрабілася. Гэта ўвайшлі разам тры маладыя і прыгожыя дзяўчыны. Убраныя ў ліловае сёстры Анка і Янка Афрыканкі і маладзенькая, на выгляд зусім падлетак, шапенфельдэрка Лёля Ландыш, уся ў ружовым.

Следам за імі з’явіліся Мангол (Баран), Моркаўка і Паніч (Ясь). Мангол адразу далучыўся да тузоў і шчасліва-зіхоткай ад іх таварыства Касі Залатой Трубы. Моркаўка стаў ахвярай агітацыі Чэсіка Свабоды, якога слухачы проста трывалі. А Ясь, хаваючы збянтэжанасць за ўдаванай свабодай і рассыпаючыся ў кампліментах, думаў, да каторай з дзяўчат варта падваліцца. Найцікавейшай была Лёля Ландыш: смелая, зграбная, але занадта худая і дзяцінная, як на ўтылітарны густ Паніча.

Неўзабаве з’явіўся Кулямёт — кароль менскіх даліншчыкаў, у Варшаве празваны «Сячкарняй» за дзіўную манеру гаварыць.

— Пані Кацяры… ну… ну… ві… ві…

— Ой, не напружвайся, — перапыніў яго Янка, — віншую — і канец.

Кулямёт махнуў рукой і засмяяўся.

— Ты лепш не гавары, а заспявай… — параіў яму Мангол.

Кулямёт таксама апынуўся ў тузовым таварыстве каля Касі як яе непераўзыдзены настаўнік кішэнных аперацый.

Найлепш падала сябе Тоська Сарока. Яна прыйшла ў элегантнай вечаровай сукенцы, пашытай — пасля нарады з арыстакратычнай Сабінай — адмыслова для гэтага прыёму. У Сабіны яна пазычыла пару дробязяў з упрыгожанняў, зрабіла ў цырульні элегантную прычоску і была, са сваёй свабодай у паводзінах, добрымі манерамі і прыгожымі выглядам, асобай выключна цікавай. Яны сардэчна расцалаваліся з Касяй. Паважліва і абаяльна Тоська прывіталася з рэштай таварыства і далучылася да тузоў. Ясь ніколі не бачыў Сарокі такой прыгожай, як сёння. «Такую б каханку мець!» — падумаў ён, памятаючы, аднак, што Тоська да хлопцаў не лезе, зрэшты, як жанчына яна была ў не ягоным гусце.

Да Касі падышоў Пецька Бык. Асцярожна, на пальчыках, ён наблізіўся да гурта тузоў, у якім каралявала радасная да чырвані на твары і поту на ілбе, шчаслівая, як ніколі, Кася Залатая Труба.

— Ну, чаго ты?! — гыркнула на Быка каханка.

— Кацярына пытаецца… можа, таго… ужо даваць… Ну? — быццам жаваў шкло Бык.

— Паспееш набрацца! — адрэзала Кася і кінула позірк на суразмоўцаў: «Бачыце, так я яго трымаю!»

Бык зусім збянтэжыўся.

— Як хочаш, — ён і счэз і збарвянеў, — я ж нічога…

— Зрэшты, яшчэ ж не ўсе, — крыху лагодней працадзіла Кася.

— А каго няма? — зацікавіўся Янка Залаты Зуб.

— Філіпа Лысага, — салодка праспявала Кася.

— Не варта чакаць. Гэты заўжды спазняецца, — вынес свой прысуд Жаба.

— У мяне таксама часу няма, — дадаў Мангол.

Пачалі сядаць за стол. Цяпер усе ўважліва прыглядаліся адно да аднаго, асабліва да незнаёмых. Звычайна і мужчыны, і жанчыны найбольш цікавяцца жанчынамі, ацэньваюць іх і вывучаюць. Толькі прырода іх цікаўнасці розная. Мужчына шукае ў жанчыне добрыя якасці, жанчына — недахопы.

Кася, усё больш пацеючы, рассадзіла гасцей. Месцы на чале стала занялі тузы, між імі, быццам дарагія камяні, управілі Касю Залатую Трубу, Тоську Сароку і Ландыш. Падчас рассадкі прыйшла Ядзя Рудая, прывабная дзяўчына з пышнай хваляй медных валасоў і прыгожым колерам скуры. Яе пасадзілі поруч з Янкам Залатым Зубам. Ясь апынуўся паміж Моркаўкам і Пецькам Быком.