— У кічы сядзеў?
— Сядзеў раз за балею, раз за мяшок аўса…
Адгукнуўся Моркаўка:
— Гэта такі варуга, што на сметнік «скокае», а шухерны яго крысом прыкрывае.
— Але здаровы, як конь, — дадаў Мангол.
Кася была абураная і доўга не магла супакоіцца. Ну, заваліўся, халера! Як казёл у агарод!
— І атрымаў, як казёл, — сказаў Свабода. — Пры сацыялістычным ладзе такіх тыпаў сярод нас не будзе.
Жаба крыва ўсміхнуўся:
— Так. Кіраваць будуць чрэзвычайкі. Толькі тады яны выплывуць.
Перапыненая забава гладка пайшла далей. Настрой ані ў кога не сапсаваўся. Толькі Філіпу непрыемна было згадваць намёкі на ягоную лысіну.
Тым часам Ісай гнаў, што шалёны, па Камароўцы, па Лагойскім і Барысаўскім тракце. З учорашняга крадзяжу ў яго засталося яшчэ шмат грошай, і цяпер ён валодаў саліднай сумай.
Сябрукоў сваіх ён застаў абсалютна п’янымі. Ісай сказаў, што спердаўскія злодзеі зневажалі іх усіх і пагражалі ім. Гетман заклікаў помсціць. Горача прамаўляў. Наймацней хіліў да таго, што злодзеі баламуцяць дзяўчат з іх раёна. І гэта — разам з алкаголем — падзейнічала пераканаўча. Чацвёра Ісаевых сябрукоў вырашылі не даваць сябе ў крыўду. Узброеныя многімі літрамі гарэлкі на кожнага і клятвай, што пасля расправы з ворагамі яны вып’юць яшчэ, камароўскія хуліганы рушылі ў прадмесце вербаваць за гарэлку сваіх давераных дружбакоў, каб помсціць за зняважаную годнасць раёна. Дамовіліся, што разам з завербаванымі ўсе сустрэнуцца ў Бондараўскім завулку. Хуліганы ахвотна рушылі збіраць баявыя групы.
Праз гадзіну Бондараўскім завулкам шпацыравала некалькі груп. Чакалі Ісая. Урэшце, ён з’явіўся: потны, расхрыстаны, ужо амаль цвярозы. З ім прыйшло шасцёра. Разам сабралося сямнаццаць камароўскіх хуліганаў. Некаторых не засталі дома. Але палічылі, што і тых, хто ёсць, будзе дастаткова. Тым больш што ўсе мелі кіі і збіраліся застаць гасцей Кацярыны Сперды знянацку.
Ісай павёў сваю банду на ставок непадалёк. Кожны атрымаў па бутэльцы гарэлкі. Усе пачалі піць, закусваючы кавалкамі кілбасы. Пасля Ісай падняўся і, ікаючы, пачаў урачыстую прамову:
— Браты! Вы ведаеце мяне, а я — вас… Ну, нічога… Жывём як жывём, але свае са сваімі… Так ці не?.. А тут раптам улазяць гэтыя хойракі і жыць не даюць… Каб гэта былі свае, камароўскія… А то навалач з усяго свету… усіх дзяўчат збаламуцяць… Нам адныя шлюндры засталіся… Усе лепшыя работы забралі. Так ці не?..
Раздаліся галасы:
— Ну так…
— Правільна з гэтымі ксютамі. За імі не дабярэшся.
— Нашы бабы — для нас…
Ісай вёў далей:
— Заўжды нас зневажаюць… Паўсюль заступаюць дарогу… Ёсць нагода парадак у іх навесці.
— Добра!.. Хораша!.. Цудоўна! — захапляўся Вугор, вядомы сваёй любоўю да боек.
— Уціхамірым гэтых жыганоў! — змрочна сказаў Бузыга, чорны, як камель старога дрэва.
— Хай яны нас шпанюгамі не называюць! — дадаваў імпэту Стасік Свістала, таксама былы мяснік.
Словам, таварыства для гэтай акцыі сабралася адпаведнае Ісаю. Гарэлка ўзняла іх баявы дух. Таму ўсе пачалі пагражаць злодзеям, да якіх амаль у кожнага былі прэтэнзіі.
Рушылі да кватэры Кацярыны Сперды. На падыходзе пачулі гукі полечкі. Госці пакуль не танчылі. Гэта граў Парадак, карыстаючыся тым, што з’явіўся ўрэшце гарманіст Папугай, яшчэ асавелы з папярэдняй палойкі. Нават сон яго не падмацаваў. Таму Парадак хацеў яго разварушыць. У белых нагавіцах і зялёным пінжаку Папугай выглядаў камічна. Ён быў абсалютным антыподам панурага скрыпача.
Каля дома Ісай затрымаў дружбакоў.
— Чацвёра са мной унутр, а рэшта чакае ў сенцах і пад вокнамі. Як трэба будзе біць, то біць! Жыганоў не шкадаваць!
І ў таварыстве чатырох хуліганаў ён увайшоў у сенцы Спердзінай кватэры. Уваліўся ў пакой і сказаў Парадку:
— Граць перастань, бо не ўмееш: пачнеш полечкай, а скончыш абэркам.
Пасля падышоў да стала і сказаў Ядзі:
— Выходзь адсюль! Хутка! Вы, Афрыканкі, таксама. Бо зараз мы тут парадак зробім!
Кася Залатая Труба падарвалася з месца:
— Пойдзеш ты адсюль ці не, мярзотнік?!
Злодзеі, убачыўшы, што за Ісаем ідзе яшчэ некалькі чалавек і збіраецца на скандал, пачалі ўставаць з-за стала.
Кася гарланіла:
— Нашто ты мне забаву псуеш?!
— Я табе дам забаву, шлюха! — зароў Ісай.
Ён схапіў вазон з фікусам і кінуў яго аб стол. Раздаўся трэск. Зазвінела шкло. Палопаліся пляшкі. А Ісай кідаў наступныя гаршкі з кветкамі. Яго схапілі за рукі. Тады Ісаевы дружбакі падскочылі на дапамогу.
— Ого, вечарынка з кветкамі! — крыкнуў Янка Залаты Зуб, сіфонам з содавай ён садануў у башку бамбізаватага Бузыгу, які зваліў з ног Моркаўку і схапіў за горла Пецьку Быка.