Гэтая размова адбывалася ў кватэры Ігната Кулікоўскага на Ніжняй Ляхаўцы. Грамадзянін прынёс туды рэчы, купленыя ў розных крамах на замову Яся згодна з падказкамі Ігната. Яны рыхтаваліся да працы «на машынку». Тады гэты від аферы быў яшчэ невядомы.
Ясь, які пасля апошніх справаў меў шмат гатоўкі, даў Грамадзяніну 500 рублёў за турботы.
— Не трэба так шмат, — пратэставаў Грамадзянін. — Я нішто сабе жыву. Не галадаю.
Грамадзянін скіраваўся ў трушчобу[12] Цыпы, дзе яго чакаў Філіп Лысы. З цягам часу Грамадзянін стаў неад’емным сябрам брацтва з-пад знаку шабера. Злодзеі прызвычаіліся і палюбілі яго. Ён змог заваяваць іх давер і дапамагаў вырашаць розныя дробныя справы. Пісаў лісты, насіў малявы, а часам і «статкі»[13], але яго ніколі не бралі на аніякую, нават найдрабнейшую работу. Злодзеі адчувалі, што яму было б непрыемна… Грамадзянін паступова спазнаваў і паглыбляўся ў жыццё злачынцаў. Ён браў з яго тыпажы для свайго рамана. Гэта шкодзіла канструкцыі твора, але было карысна з гледзішча фактуры.
У суседнім пакоі Ігнатава сястра, Міла, напявала песеньку:
Міла была вельмі прыгожая. Ёй было ўсяго сямнаццаць. Ясь ведаў, што дзяўчына жыве з братам як з каханкам. Зрэшты, яны зусім гэтага не хавалі. Ігнась казаў: «Я кахаю Мілу, а яна мяне. А што людзі балбочуць, то мне ўсё адно. Нашто мне з дрыздай абы-якой паскудзіцца. Мне яна больш падабаецца. А што сястра, то што з гэтага? Таксама жанчына, не каза ж. Праўда ж?!.»
Гэтая іх смеласць імпанавала Ясю. Калісьці, крыху пад чаркай, ён спытаў Ігната, як гэта адбылося ўпершыню. Ігнась задумаўся, а пасля паволі сказаў:
— Мне самому дзіўна… Я на Мілку ніколі ўвагі не звяртаў… Бабай не лічыў… А неяк заходжу да яе. Бачу — мыецца ў мядніцы. Кашулю ўніз спусціла. Я праходзячы, вось так сабе, пляснуў яе па азадку. Яна як вызверыцца, і вадою — плясь мне ў твар… Я яе за гэта яшчэ мацней стукнуў. А яна мяне кулаком у грудзі. Схапіў яе і сам не ведаю, як мы на ложку апынуліся… Я, напэўна, лютаваў. Яна крычыць: «Што ты робіш, паскуднік?!» Адыграцца хацеў, але яна ўжо маўчала і сама мяне за шыю рукамі трымала… З таго часу і пайшло ў нас… Такія справы… Кахаем адно аднаго… Лепш яна, чым сто іншых…
Ясь не дачакаўся вяртання Ігната з горада. Пра сустрэчу яны не дамаўляліся, таму ён не крыўдаваў на сябра. Сказаў Мілцы, каб брат чакаў яго заўтра ўвечары дома, а сам выправіўся ў цэнтр.
На Камароўцы, быццам дзве ракі, зліваюцца два тракты: Барысаўскі і Лагойскі. Іх вусце раскінулася ля канца Захар'еўскай вуліцы, што рассякае на дзве часткі амаль увесь горад.
Камароўка — рай для паточнікаў. А паточніцтва — базавая школка для злодзеяў-пачаткоўцаў. Гэта найпрасцейшы спосаб крадзяжу, для якога непатрэбныя аніякія інструменты і адмысловыя веды. На «патоку» працуюць нават дзеці. Ёсць, аднак, злодзеі, якія амаль усё жыццё «ходзяць на паток». Старыя паточнікі ў справе сваёй звычайна карыстаюцца падлеткамі.