Паточнікі крадуць з вазоў на тракце што толькі можна. У іх няма сталых метадаў працы. Яны крадуць зранку і ўвечары. Абкрадаюць тых, хто ўязджае ў горад, і тых, хто з яго выязджае. Падразаюць куфры або валізкі, ззаду прывязаныя да вазоў. Прабіраюцца ў заезныя дамы і, карыстаючыся разявацтвам або нядбальствам, а часам і п’янствам мужыкоў крадуць, што падвернецца. Здараецца, здымаюць нават вупраж з каня, а былі выпадкі, што забіралі і каня з возам. Наймілейшыя дні для паточнікаў — кірмашовыя. Некаторыя паточнікі выходзяць далёка за горад і там пільнуюць сваіх ахвяраў. Бывае так, што селянін выедзе рана з дому і задрэмле. Прачынаецца і бачыць, што няма тавару, які ён на рынак вёз. Але найчасцей бралі падарожных ля ўезду ў горад. Тут прасцей за ўсё адцягнуць увагу ахвяры.
Неяк мужык, некалькі разоў абчышчаны паточнікамі і даліншчыкамі, прадаў каня і паехаў дадому. Навучаны досведам, загарнуў грошы ў хустку і ўсеўся на іх з цвёрдым рашэннем не ўставаць, пакуль не апынецца за горадам. Даліншчык «пасвіў» яго даўно, пільнуючы, куды той схавае грошы. За возам пайшоў на Камароўку. Там сустрэўся са знаёмым фірмовым паточнікам і патлумачыў справу.
— Зробім яго капэлай? — спытаўся паточнік.
— Клёва.
І яны пайшлі далей, уважліва сочачы за мужыком. У нейкім месцы воз спыніўся. Мужык дастаў з кішэні дробныя грошы, гукнуў хлопца, што круціўся напаўбліз, і загадаў яму купіць цыгарэты і запалкі. Паточнік шапнуў колькі слоў даліншчыку і рашуча пайшоў да каня. Спакойна і абыякава пачаў выпрагаць яго з воза. Мужык ажно вочы вылупіў ад здзіўлення і проста аслупянеў. Толькі калі аглоблі ляжалі на зямлі, ён схапіў пугу і падскочыў:
— Ты што робіш?
Паточнік быццам бы са здзіўленнем зірнуў на селяніна:
— Халера! Я думаў, гэта швагер… Памыліўся.
Таго моманту, калі мужык падскочыў, хапіла, каб даліншчык прыбраў яму з-пад зада хустку з грашыма. А мужык, выехаўшы з горада, калі хацеў грошы дастаць, аніяк не мог уцяміць, як і калі іх скралі.
З пэўнага часу Ясь стаў частым госцем на Камароўцы. У яго было шмат прыяцеляў, і ён ведаў амаль усе маліны. Працуючы далей гуртом з Баранам і яго калегамі, якія былі элітай зладзейскага свету, ён ахвотна знаёміўся і з яго пралетарыятам. Некаторы час Ясь «хадзіў на паток» з Балеронам. Гэты від работы даваў яму малы прыбытак, але адкрываў яшчэ адны дзверы ў зладзейскія салоны горада. Цяпер ім кіравала не жаданне прыбытку, але неўтаймоўная цікавасць да свету і людзей. Ні ад якой працы ён не адмаўляўся. Часта сам высоўваў новыя канцэпцыі работы, якія на справе выяўляліся цудоўнымі. Гэта ўсё стварыла яму рэпутацыю характэрнага хлопца.
Ясь усё мацней урастаў у асяроддзе злодзеяў і з усіх бакоў спазнаваў іх жыццё і звычаі.
НА МАШЫНКУ
На захадзе ўсё палала. Там выбухнуў вулкан фарбаў і плынню колераў заліваў гарачы фон неба. Перамяняліся і перапляталіся ў панараме Прыроды немагчымыя для ўзнаўлення колеры. Пунсовы, залаты, фіялетавы, блакітны безупынна пераліваліся ў сотнях адценняў і тонаў… Урэшце, быццам стомленае гэтай феерыяй барваў, неба пачало блякнуць… Вечар яшчэ раз пачырваніў усю зямлю крывавым пурпурам, а пасля — пераходзячы ў ружовы і фіялетавы — згас.
Восеньская ноч нясмела, сарамліва пачала паказваць свае скарбы. Вось пачалі пералівацца на небасхіле першыя з іх, і ўрэшце ўсё неба шчыра і пераможна рассмяялася зоркамі.
Ясь і Ігнат паволі ішлі трактам на Радашковічы. З сабою яны неслі фанерную скрынку, куды склалі ўсе прылады для работы «на машынку».
У пэўны момант Ігнат пачаў гаварыць:
— Гэты гад цёпленькі[14]. Сармаку[15] ў яго поўныя касеты, а бліт[16] ён не штукамі лічыць, а на вагу. Хітры, што той ліс. Нават «шкельцы»[17] мае. А жыве, як свіння. Хатнія быццам п’яныя з голаду ходзяць. Адзежа ўся — рыззё. У жабракоў лепшая будзе. Дзве жонкі замарыў. А які пасаг за кожнай узяў! Цяпер трэці раз ажаніўся. Самому пад шэсцьдзесят, а шмару ўзяў сямнаццацігадовенькую. Дзедам ейным быць можа. Такога толькі і браць.
— Адкуль у яго такое багацце? — зацікавіўся Ясь.
— Ад першай жонкі яму застаўся млын і маёнтачак. Там ён добра нажыўся. Другая звар’яцела. І па ёй ён хапануў нямала. Пасля пастаўкі ў войска. Сам разумееш: гандаль-шмандаль, махлярства. І пайшло-паехала… І ведаеш, такі багацей, а крадзеных коней у старавераў купляў. Так я з ім і пазнаёміўся.