Выбрать главу

— А мы здолеем яго зрабіць?

— Гэта ўжо на зыхер[18]… Я ўсё абставіў — першы клас. Стапрацэнтна. Ты толькі не асаромся, — сказаў Ігнат.

Яны збочылі з шашы на палявую дарогу і каля дзясятай гадзіны вечара падышлі да комплексу пабудоваў. Іх сустрэў зацяты сабачы брэх. Прыяцелі падышлі да ўваходу на шырокі двор фальварка. З ганка адгукнуўся злосны, крыху ўстрывожаны голас:

— А хто там лазіць!!

— Свае. Янэк Нацэвіч з сябручком. Вітаем пана Баніфацыя.

— Ага! Зараз… Пачакайце!

Неўзабаве да веснічак наблізіўся высокі плячысты мужчына. На шворцы ён вёў сабаку. Ясь і Ігнат зайшлі на падворак і скіраваліся да дома. Іх суправаджаў канцэрт злых дварнякоў, што сядзелі на ланцугах у розных кутах пляцоўкі.

Яны ўвайшлі ў вялікі пануры дом. З сенцаў, якія дзялілі хату на дзве часткі, гаспадар правёў іх у чыстую палову, дзе ён жыў з жонкай. Служкі жылі ў чорнай палове. Прыяцелі апынуліся ў вялікім памяшканні, з якога ў іншыя пакоі вялі дзверы.

У святле газавай лямпы Ясь убачыў высокага, крыху згорбленага мужчыну. У яго была жорсткая рудая шчэць і маленькія шпаркія вочкі. Апрануты ён быў у саматканы суконны гарнітур.

Гаспадар з цікаўнасцю прыглядаўся да Яся.

— Дык гэта і ёсць той майстар? — спытаў ён, крызу здзіўлены хлопцавай маладосцю.

— Ён і ёсць. Нічога, што малады. Затое разумны за нас абодвух. Я ўжо паказваў вам яго работу. Лепш і ў Амерыцы не зробяць. А заўтра ён махане ўзорчык. Каб вы, пане, самі ўбачылі, што гэта за інтэрас. Мільёны можна зарабіць!

— Ну, добра, — пацёр рукі гаспадар. — Вы, напэўна, без вячэры. Але што я вам дам есці?

— Вы за гэта не перажывайце, — супакоіў яго Ігнат. — У нас з сабою і кілбаса, і тры бляшанкі шпротаў і кмінаўкі пляшка ёсць. У нас не тое, што ў вас: дзень папрацуем — і тысяча даляраў у кішэні. Пачатак ужо ёсць, а што далей — ад вас залежыць. Можам супольна папрацаваць, усім хопіць. Месца ў вас пэўнае, гэта дакладна.

Мінулым разам Ігнась, робячы папярэднія захады да інтарэсу, прадставіў справу так: у Менск прыехаў малады хімік, які працаваў у Пецярбургу на «Монетном Дворе» і дасканала ведае тэхніку друкавання грошай. Уцякаючы ад бальшавікоў, ён апынуўся тут ні з чым. Ігнат з ім пазнаёміўся, і хімік прапанаваў яму выраб фальшывых, а так насамрэч сапраўдных грошай, бо справа тут у тым, што кожная банкнота настолькі насычаная фарбамі, што з яе можна зрабіць — адцягнуўшы частку фарбаў — яшчэ адну банкноту. Такім чынам са старублёўкі можна мець яшчэ адну старублёўку, выкарыстоўваючы адпаведныя хімічныя сродкі. Паколькі курс царскіх грошай цяпер быў нізкі, планавалася рабіць адбіткі даляравых банкнот. Цяжкасць была ў тым, што малатыражная вытворчасць не аплачвалася, а для вялікага тыражу патрэбна было шмат аўтэнтычных купюр. Ігнат ужо папярэдне даў пану Баніфацыю новенькую двухдаляравую банкноту як узор працы пецярбургскага тэхніка. Яе злёгку прамачылі гваздзіковым маслам.

Пан Баніфацый уважліва агледзеў банкноту і, хаваючы раздражненне, сказаў:

— Гэта ж, пане Ігнацый, вялікія грошы зрабіць можна.

— Вядома, — адказаў ігнат. — Толькі нельга справу расцягваць, бо хімікаты рэдкія. Іх тут цяжка знайсці. Таму трэба адным разам махануць вялікую колькасць банкнот. З гэтай мэтай трэба купіць на чорным рынку як мага больш амерыканскіх купюр вялікага наміналу, мінімум пяцідаляравых, а пажадана большых. На гэта трэба шмат грошай, таму я акурат шукаю чалавека, які мог бы гэта фінансаваць. Прыбытак мы б падзялілі так: хіміку за работу 40 адсоткаў, я за пасярэдніцтва і дапамогу ў працы — 20 адсоткаў, а той, хто дастане сапраўдныя купюры, таксама атрымае 40 адсоткаў прыбытку.

Пан Баніфацый, сквапна гледзячы на банкноту перад сабой, сказаў:

— А па іх не пазнаюць, што яны фальшывыя?

— Ды дзе там! Зрэшты, вазьміце самі гэтую купюру і абмяняйце ў банку або ў мянялаў. Без праблем. Такія банкноты зусім не фальшывыя. Хіба толькі ў будучым выявіцца, што пад адным нумарам дзве купюры. Але калі тое будзе?.. Праз шмат гадоў а можа, і ніколі.

Пан Баніфацый на момант задумаўся.

— А гэты ваш хімік не падмане?

Ігнат рассмяяўся.

— Бачу, што вы ўсур’ёз задумаліся. Купюра ляжыць на стале, што той бык. У нас было няшмат грошай, таму я купіў дзве па два даляры і дзве па пяць. Вы, пане, думаеце, што я дурны? Мяне б ён не правёў. Я сам прысутнічаў на праверачным запуску. Гэта доўгая і цяжкая праца. Я бачыў кожную драбніцу. З усім дапамагаў. Пасля размяняў у адным банку двухдаляравую, у іншым — пяцідаляравую. Якія могуць быць сумневы. У мяне засталіся гэтыя два даляры, якія вы тут бачыце, ды яшчэ пяць ёсць.

вернуться

18

Зыхер — пэўна, дакладна.