Давідка сядзеў на акне і спяваў зладзейскую песеньку.
Балерон, Зыхер і Ясь размаўлялі, седзячы на падаконні. Ясь пераказваў ім навіны са свабоды і Следчага камітэта. Хоць турма і падтрымлівае заўжды кантакт са свабодай і ведае, што там адбываецца, але Ясь ведаў усё глыбей і падрабязней… Змрок ахутаў камеры. Усім было сумна. Гэтыя вечаровыя гадзіны падсоўвалі розныя думкі і ўспаміны. Уласна кажучы, на свабодзе зладзейскае жыццё пачынаецца ўвечары.
Урэшце на сярэднім калідоры пачалася пераклічка. Вязні сталі шэрагам — ад дзвярэй уздоўж камер. Стараста дакладваў пра колькасць вязняў у камеры. Іх пералічвалі. Нядбала правяралі краты ля двух акенцаў. Пасля трэба было чакаць, пакуль праверка абыдзе ўсё аддзяленне. Толькі тады апускалі легематы, абапіраючы іх аб козлы, і ўкладваліся спаць.
Гэты вечаровы час быў найлепшы. Надыходзіла доўгая ноч. У сне вязень мог пакінуць турэмныя муры і… жыць…
У турме ведалі, што на горад насоўваецца бальшавіцкі фронт. Немцы хутчэй без бою пакідалі ўсход і адступалі з горада. Большасць арыштаваных з нецярпеннем чакала прыходу бальшавікоў. Верылі ў тое, што яны выпусцяць зняволеных або прынамсі правядуць маштабную амністыю. Памяталі таксама, што пасля рэвалюцыі, на пачатку 1917 года, выпускалі ўсіх вязняў. Толькі старыя, фірмовыя злодзеі не давяралі «таварышам».
У сёмай камеры, дзе сядзеў Баран, было найбольш тузоў падпольнага жыцця. Пачуўшы, што набліжаюцца бальшавікі, яны адразу ж усталявалі рэгулярную, бесперабойную сувязь са свабодай. Рэч была ў тым, каб ведаць дзень, калі немцы пакінуць горад. Было дамоўлена, што ў гэты дзень аднаму з вязняў з іх камеры перададуць вялікую галаву белага сыра і вялікі бохан хлеба. Вязень той быў з вёскі, а загарадным зняволеным, якія не маглі рэгулярна атрымліваць харчовыя перадачкі, можна было перадаваць прадукты ў любы час дня.
Сёмая камера сярэдняга калідора стала рыхтаваць масавыя ўцёкі… Злодзеі вырашылі не чакаць бальшавікоў, а здабыць свабоду ўласнымі сіламі. Паміж камерамі, сярод сваіх хлопцаў, закружылі малявы. Фраераў у гэтыя справы не ўводзілі. Ім не верылі. А вось блатныя ўсяго сярэдняга калідора ведалі, што рыхтуюцца ўцёкі. Пра гэта размаўлялі так, каб іншыя вязні не пачулі. Але, нягледзячы на гэта, адчувалася, што збіраецца штосьці важнае.
Тым часам на рабоце трапіліся разам Янка Залаты Зуб і Ігнат Кулікоўскі. Іх скіравалі ў сярэдні калідор, у сёмую камеру. Гэта была камера, прызначаная амаль выключна для вядомых турэмнай адміністрацыі рэцыдывістаў. Лічылі за лепшае трымаць іх разам — навідавоку. Часам туды падсаджвалі і капорнікаў — для назірання. Але доўга яны там не затрымліваліся. Злодзеі ўмелі пазбаўляцца ад такіх. Затое сумленных хлопцаў прымалі.
У камеры нумар 7 на пятнаццаць чалавек было адзінаццаць злодзеяў. У тым ліку Баран, Ігнат і Янка Залаты Зуб. З’яўленне калег са свабоды канчаткова вырашыла справу запланаваных уцёкаў. Быў распрацаваны наступны план пераняцця кантролю над турмой.
Падчас раздачы ежы — гэта адбывалася тры разы на дзень — наглядчык аддзялення выпускаў з камер чатырох вязняў на дапамогу двум калідорным. Разам яны ішлі ўніз на кухню і прыносілі суп або — з раніцы — кіпень. Згодна з завядзёнкай, калідорныя заўжды ўказвалі на памагатых у камерах. І звычайна гэта былі блатныя. Адначасова спрытна вырашалася процьма іншых справаў: абмен рэчаў на тытунь, адсылка і атрыманне маляваў. Малявы дасылалі нават у жаночую турму на Грушаўскую. Наглядчыкі ведалі, што дапамога злодзеяў на раздачы — справа не бескарыслівая, але прымалі яе для захавання спакою. Калі для гэтых абавязкаў бралі фраераў, падчас раздачы ежы адразу ж успыхвалі сваркі і непаразуменні. А злодзеі, даючы лепшы суп сваім хлопцам, і паміж фраерамі дзялілі яго абсалютна справядліва. І не было ніякіх пытанняў, бо скардзіцца фраеры не наважваліся.
Першае аддзяленне (ніжняе) з другім злучала жалезная лесвіца. Ля яе пачатку былі ўсталяваныя вялізныя зашклёныя краты, а ў іх — дзверы. Гэтаксама другое аддзяленне злучалася з верхнім. Згодна з дамоўленасцю, як толькі са свабоды дадуць знак, што немцы пакінулі горад, калідорныя выпусцяць з сёмай камеры чатырох хлопцаў, якія разам з наглядчыкам спусцяцца на кухню. Там ушасцёх яны забяруць ключы ў наглядчыкаў, звяжуць іх, заб’юць кляпамі раты і пойдуць у першае аддзяленне. Там абясшкодзяць наглядчыка з першага аддзялення і ўсіх трох пасадзяць у карцар. Пасля панясуць цэбры з ежай у трэцяе аддзяленне. Гэтаксама абясшкодзяць там чацвёртага наглядчыка. Такім чынам уся турма пяройдзе пад іх кантроль. Пасля заняцця турмы з яе маглі лёгка выйсці каля дзесяці вязняў. Звычайна пасля сняданку, абеду і вячэры ў двор да лазні выносілі цэбры для мыцця. Там іх шаравалі два адмыслова прыстаўленыя да гэтага абавязку вязні. На іх не звярталі ўвагі, бо тых, каго наглядчык выпускаў з будынка на працу, лічылі бяспечнымі. Наступнай задачай было абясшкодзіць наглядчыка ля пральні і лазні, што можна было лёгка зрабіць, зазірнуўшы пад нейкай вымоўкай у гэтыя памяшканні, звычайна адчыненыя цягам дня. Горш было з абходчыкам. Але і гэта можна было зрабіць, бо ён заўжды падышоў бы да вязняў, калі б тыя паклікалі яго да наглядчыка ў пральні. Гэты будынак не праглядаўся з вокнаў канцылярыі, што спрашчала справу.