Ігнась выцягнуў партманэ і паклаў на стол яшчэ пяць даляраў. Навюткая купюра пахла, як і тая, гваздзіковым маслам. Пан Баніфацый уважліва агледзеў і яе таксама.
— А нічога, што яна смярдзіць?
— Глупства. Пакласці на некалькі гадзін у цёплую духоўку — і выпарыцца, — адказаў Ігнат. — 3 тымі я так і зрабіў.
Пан Баніфацый прыглядаўся то да Ігната, то да банкнот і штосьці абдумваў. Урэшце ён прымружыў левае вока і хітра сказаў:
— А што калі мы таго тэхніка ці хіміка ў лапці абуем? Тады можна яго долю між намі падзяліць. Вам было б ажно шэсцьдзесят адсоткаў, а рэшта — мая.
— Я не разумею, што вы маеце на ўвазе, — Ігнат прыкінуўся здзіўленым.
— Ну, вы яму дапамагалі і, як вы гаворыце, бачылі, як усё гэта робіцца, дык нашто ён нам?
Гэтым разам Ігнат удаў абурэнне:
— Але гэта ж не ганарова! Як так можна!
— Не ганарова, затое здарова! Хе-хе-хе! — прарыпеў пан Баніфацый.
— Я на такое не згодны, — урачыста абвясціў Ігнат. — Калі вы, пане, інакш не жадаеце, то я буду вымушаны пашукаць іншага кампаньёна.
Пан Баніфацый няшчыра рассмяяўся:
— Я проста жартаваў… Хацеў паглядзець, як вы да гэтага паставіцеся.
— Хай сабе і пажартавалі, — сказаў Ігнат, — Зрэшты, без яго не абыдзешся, бо я ведаю толькі ход працы. А што за растворы і куды там што мазаць, то я ўяўлення не маю… Я хацеў спачатку знайсці кампаньёна ў горадзе. А пасля згадаў вас. Вы маеце знаёмствы сярод купцоў. Вам лёгка сабраць ці пазычыць любую суму. Чым больш, тым лепш. Пасля работы ім можна вярнуць тыя самыя грошы.
Спыніліся на тым, што Ігнат павінен быў запрасіць хіміка з усімі прыладамі, каб супольна параіцца аб правядзенні работы.
Цяпер акурат яны прыйшлі да пана Баніфацыя, каб усё вырашыць. Калегі дасталі з заплечніка пляшку гарэлкі, шпроты і кілбасу.
— Хлеба ж вы нам ужо дасце, — сказаў Ігнат.
Пан Баніфацый, якога распаліла перспектыва вялікіх прыбыткаў, прыдушыў у сабе скупасць і вырашыў накрыць урачыстую вячэру. З суседняга пакоя ён паклікаў жонку:
— Марыся!
У пакой увайшла маладая, прыгожая, фігурыстая жанчына. Ігнат перабольшыў з яе маладосцю. Ёй магло быць каля дваццаці гадоў. Яна была вельмі нясмелая. Не падымаючы вачэй, яна прывіталася з гасцямі.
— Марыся! Зробіш нам вячэру. Да гарэлачкі перш за ўсё яечню. Яек не шкадуй, сала таксама. Дасі гуркоў і грыбоў. Там ёсць рыжыкі салёныя. І не марудзь.
— А мы тым часам вып’ем пад шпроты, — сказаў Ігнат, выбіваючы рукой корак з пляшкі.
Неўзабаве бутэлька была пустая. Пан Баніфацый разахвоціўся і дастаў з кішэні звязку ключоў.
— Пачастую вас гарэліцай уласнага вырабу. Пярцоўкай.
У хуткім часе ён прынёс літровую пляшку самагону і закрасіў яго вішнёвым сокам. Яны пілі далей. Неўзабаве Марыся падала на стол яечню і закускі. Ясь, якому кабета вельмі спадабалася, запрасіў яе за стол.
— Нядобра, пане Баніфацый, каб мы пілі, а ваша жонка нам прыслужвала, як кухарка.
І ён стаў зацята піць за яе здароўе, заахвочваючы жанчыну ўздымаць кілішак. Настрой паляпшаўся, Пан Баніфацый прынёс яшчэ літр самагону. Ён хутка напіўся і недарэчна балбатаў. Ясь разышоўся і пачаў пад сталом штурхаць Марысю нагой. А пасля злавіў на сабе яе шальмоўскі позірк і ўсмешку. Гэта зусім вывела яго з раўнавагі. Ён пачаў сачыць за жанчынай. Знайшоў зручны выпадак, калі яна выйшла ў кухню, каб схапіць яе ў сенцах. Ён моцна абхапіў яе і прагна цалаваў. Марыся палала.
— Пусці, мілы, пусці! Стары мяне заб’е.
— А калі я не магу… Я не засну…
Праз момант Марыся пачала шаптаць:
— Яны хай п’юць… Ты шмат не пі… Як сябар засне, вылазь у акно і прыходзь да мяне… акно наступнае… Будзе адчынена… Цяпер ідзі хутчэй, бо стары ачомаецца…
Марыся вярнулася ў кухню, а Ясь зноў, быццам з падворка вярнуўшыся, далучыўся да хаўруснікаў. Падахвочваў іх піць, а сам спрытна прапускаў тосты.
Толькі цяпер пан Баніфацый пазбыўся скупасці. На стале апынулася пляшка фірмовай рабінаўкі, пасля каньяк. З’явіліся сухія кілбасы, вяндліна, масла.
Папоўначы Ігнат і гаспадар дома былі зусім п’яныя. Кулікоўскі спяваў «Сто лят…» у гонар гаспадара. Пан Баніфацый хваліўся багаццем…
— Ты думаеш, што калі я ў даматканым хаджу, то ў мяне на добрае адзенне няма?.. Га?.. Ды мне пляваць!.. Як захачу, то цэлую вуліцу ў Менску куплю!.. Фабрыку пастаўлю… Што захачу, то і зраблю!.. Вось так!..
Ігнат яму падтакваў. Ясь даліваў ім у кілішкі і час ад часу шматзначна паглядаў на Марысю, якой некалькі выпітых чарак кінуліся агнём на твар, запаліўшы і без таго прыгожыя вочы…