А вось Маруся Лобава ўвесь час дасылала Ясю перадачы. Што праўда, на гэта даваў грошы, хай сабе і няшмат, дзядзька Жардонь, але ўся праца была на ёй. Баран ніколі не галадаў, бо блатныя жылі камунай, але яго зневажаў сам факт таго, што ён, фірмовы злодзей, у якога ёсць каханка, не атрымлівае ад яе дапамогі. Гэта проста атручвала яму жыццё.
Позна ўначы ў іх камеры сціхлі размовы. Вязні заснулі. Толькі Алік яшчэ доўга не спаў.
Назаўтра наглядчык адамкнуў камеру і выклікаў на калідор таго самага вязня, на імя якога са свабоды павінны былі перадаць хлеб і сыр — знак, што немцы пакідаюць горад. Гэта быў дужы мужык, спакойны і просты. Ён зусім не ведаў, што перадача на яго імя павінна выклікаць у турме такія сур’ёзныя падзеі. Не ведаў нават, хто гэта так пра яго паклапаціўся. Калі яго выклікалі з камеры, блатныя перазірнуліся. Позіркі гэтыя не патрабавалі слоў. Злодзеі чакалі вяртання фраера з калідора, бо выклікаць яго маглі і з іншай нагоды. Але неўзабаве мужык вярнуўся. Ён нёс вялікі бохан хлеба, парэзаны пры даглядзе лустамі, а на ім ляжала, таксама парэзаная на кавалкі, вялікая галава вясковага сыру.
«Немцы пакідаюць горад».
У камеры запанавала цішыня.
Мужык нягегла расклаў на стале лусты хлеба з кавалкамі сыру паўзверх. Ён намагаўся падзяліць ежу на столькі порцый, колькі было людзей. Пасля ён павярнуўся да сукамернікаў з нясмелай усмешкай — не ведаў, што сказаць. Яны былі добрыя з ім. Не крыўдзілі. Часта нават дзяліліся харчамі, калі ў саміх было.
— Частуйцеся, хлопцы… Што маю…
Усе няспешна падыходзілі да стала і бралі ежу. Селяніну пакінулі найбольшы кавалак хлеба і сыра. Ён узяў яго і сумна еў.
— Калі ж гэта чалавек на свабоду трапіць? — скабаў ён з ціхай роспаччу ў голасе.
— Сёння! — кінуў яму з кута камеры Янка Залаты Зуб.
Мужык толькі махнуў рукой.
— Э, ды дзе там… Зжаруць мяне гэтыя муры…
У камеры зноў запанавала цішыня.
Гэта было а дзясятай ранку. Згодна з планам, уцёкі павінны былі пачацца падчас першай раздачы ежы — пасля знаку са свабоды. Гэты знак атрымалі і спажывалі. А абед звычайна быў а дванаццатай гадзіне. Да пачатку акцыі заставалася дзве гадзіны.
З суседняй камеры далятала песня:
Уся сёмая маўчала. Слухала. А песня падала і нарастала, каб урэшце выбухнуць смелым пратэстам:
І гэтыя бліскавіцы набліжаліся да турмы, каб ударыць у яе… Акурат з-пад чырвонага штандара… Мала хто гэта разумеў.
ЧАС СВАБОДЫ
У камерах панаваў спакой, але сэрцы біліся ў іншым рытме. Сярэдні калідор замёр. Чакаў. Стары злодзей-калідорны, Зубіла, абыходзіў камеры. Адхіляў чорныя застаўкі на вочках і зазіраў у камеры. Калі падыходзіў свой хлопец, ён каротка кідаў яму:
— Ёсць цынк.
Было вядома, пра што вядзецца. Але пра гэта не казалі. Толькі настрой у камеры адразу змяняўся. Наглядчыкі заўважылі гэтую змену, аднак прычыны не ведалі. Дапускалі, што гэта звязана з няпэўнай палітычнай сітуацыяй. Самі яны таксама былі занепакоеныя хуткай зменай улады ў горадзе.
Грыб, вялікі, пануры наглядчык, у той дзень дзяжурыў у сярэднім калідоры. Наглядчыкам ён працаваў дваццаць з гакам гадоў. Вязняў Грыб ведаў добра, і мала было таямніц, якіх ён не выкрыў, працуючы ў менскай вязніцы. Вязнямі наогул ён пагарджаў, але блатныя былі ў яго ў пашане. Некаторых з іх ён баяўся больш за начальства. Блатнога Грыб ніколі не пакрыўдзіў. Блатныя пра гэта ведалі і шанавалі свайго панурага вартаўніка. Хлопцы з сёмай шкадавалі, што ўцёкі выпалі на ягонае дзяжурства. Яны ведалі, што адказнасць ляжа на яго, а крыўдзіць Грыба было шкада.
У сямёрцы абмяркоўвалі ўжо распрацаваны план. Баран, Кулікоўскі, Янка Залаты Зуб, Шчупак, Варлам і Кнот сядзелі на падаконні і на козлах. Размаўлялі яны ціха. Менавіта яны павінны былі захапіць сярэдні калідор і пачаць акцыю. Трэба было абяззброіць і абясшкодзіць Грыба.
— Я яго «на хамут» вазьму, — сказаў Варлам, канакрад, вядомы сваёй вялікай фізічнай сілай.
— Не, — запратэставаў Баран. — Ты станеш ззаду. Я з ім спраўлюся. А калі захоча «хай» узняць, тады бяры «на хамут», а я рулю забяру.