Выбрать главу

Блатныя пачалі паспешліва пакідаць камеры. Яны спускаліся ўніз і збіраліся каля ўваходных дзвярэй. Фраераў спусцілася мала. Можа, дзясятая частка. Рэшта, напалоханая тым, што адбываецца, засталася на месцы. Некаторыя дрыжалі ад страху, іншыя маліліся. А ўнізе паспешліва рыхтавалі цэбры, з якімі хлопцы збіраліся выходзіць з будынка да пральні. Падзеі павінны былі разгарнуцца цягам некалькіх хвілін. Усе разумелі, што гэтыя хвіліны вырашаць пытанне іх свабоды. Панавала цішыня.

3 трэцяга аддзялення адны дзверы вялі ў царкву. Іх адчынялі пераважна на набажэнствы. Захопліваючы аддзяленне, блатныя не звярнулі на іх увагі. Але ўнутры акурат быў наглядчык, які выконваў таксама функцыі царкоўнага старасты. Ён наводзіў парадак у невялікім пакойчыку. Спачатку стараста не звяртаў увагі на тое, што адбываецца ў калідоры. Думаў, гэта звычайны рух у аддзяленні. Аднак у пэўны момант яго здзівіў тупат і сцішаныя галасы. Ён хацеў выйсці ў калідор і зірнуць, што там адбываецца. Падышоў да дзвярэй, нейкі момант прыслухоўваўся. Гэтага яму хапіла, каб зразумець, што вязні выбраліся з камер і гаспадараць у турме. Наглядчыка апанаваў страх. Дрыжачымі рукамі ён знутры зачыніў дзверы на засаўку. Ён ведаў, што ў царкве ёсць выхад на дах. Выхад гэты быў зачынены на вісячы замок, ключа ад якога ў яго не было. У яго сышло шмат часу на тое, каб выламаць даволі моцны прабой. Наглядчык выбраўся на дах. Здалёк ён бачыў вуліцу, але крычаць не стаў, бо пабойваўся, што вязні пачуюць яго хутчэй, чым адміністрацыя, і змогуць дабрацца да яго і забіць. Падумаўшы, ён пачаў распранацца. Зняў з сябе кашулю і зноў апрануў мундзір, а пасля з цяжкасцю забраўся на высокі комін. Там стаў і роспачна пачаў размахваць кашуляй. Сігналы няхутка, але заўважылі. Нейкі сталы спадар з жонкай ішлі па супрацьлеглым баку Серпухаўскай вуліцы. Яны спыніліся, каб з цікаўнасці паглядзець на турму. Раптам жонка сказала мужу:

— Глядзі, глядзі!.. Там на даху… Што гэта, вар’ят?!

Муж прыгледзеўся.

— І праўда што… Але ж гэта турма, а не дом вар’ятаў!

Паступова яны даўмеліся, што ўсё гэта не дарэмна. Што чалавек з даху намагаецца папярэдзіць пра штосьці людзей звонку.

— А можа, гэта вязні ўцякаюць? — выказаў здагадку муж. — Трэба зірнуць… Сказаць…

Ён скіраваўся да зачыненай турэмнай брамы.

— Не хадзі. Заб’юць яшчэ! — спыняла яго жонка.

— Усё адно… Калі яны выберуцца, то ўвесь горад могуць перарэзаць… Гэта ж крымінальнікі!.. Мой абавязак як грамадзяніна…

Ён скіраваўся да брамы, і пагрукаў у акенца. За некалькі секунд канцылярыя зарыентавалася ў сітуацыі. Схапіліся за зброю. Браму з боку двара наглуха замкнулі. Зазваніў тэлефон.

Немцы пакуль не пакінулі горад. Большая частка гарнізона выйшла, але шмат вайскоўцаў яшчэ засталося. А бальшавікі не спяшаліся займаць Менск. Праз колькі хвілін пасля трывогі да брамы пад’ехалі дзве бронемашыны з некалькімі дзясяткамі нямецкіх салдат. Цяжкая брама адчынілася, і машыны паволі запаўзлі ў турэмны двор. Тым часам муры акружыў узброены нямецкі атрад, які прывезлі сюды грузавікамі.

У самой турме насупраць уваходных дзвярэй у калідоры і на лесвіцы сабралася больш за сотню вязняў. Яны рыхтаваліся выходзіць з будынка ў двор, каб захапіць канцылярыю. Цэбры ўжо вынеслі. Размаўлялі сцішанымі галасамі. Тыя, хто выходзіў пазней, стаялі ў калідоры ля сцен, каб не перагароджваць праход.

І раптам звонку раздаўся гул матораў. Усё замёрла. Цішыня.

— Шухер! — кінуў хтосьці.

— Падстава! — працадзіў Варлам і дастаў з-за пояса рэвальвер.

Неспадзявана звонку весела затарахцеў аўтамат, і серыя куль пяшчотна абрасіла муры. Узнікла паніка. Вязні пачалі прапіхвацца ў глыб калідораў, хавацца па камерах. Унізе застаўся толькі з дзясятак блатных. Баран шпарка замкнуў адчыненыя дзверы на замок і магутныя засовы.

Зноў адгукнуўся аўтамат.

Блатныя пачалі раіцца, што рабіць.

Ігнат Кулікоўскі, малы і задзірысты, раззлаваны, але з агнём уваччу, горача пераконваў:

— Хлопцы, будзем абараняцца! Забарыкадуем дзверы мяхамі з мукой. У нас некалькі рэвальвераў. Харчоў хопіць і на тыдзень. Хай паспрабуюць нас узяць… Хай фраеры зубы паламаюць!

— І што з гэтага будзе? — панура спытаў Шчупак.

— Нічога мы тут не абаронім. Мы ж у турме, — дадаў Кнот.

Варлам панура маўчаў. Баран уважліва сачыў за тварамі таварышаў.

Янка Залаты Зуб сказаў:

— Я б і адзін абараняўся, але навошта?

— Для таго, каб нас не катавалі пасля. І справы ўсім пашыюць! — запаляўся Ігнат.

— Нас зашмат, — адгукнуўся Кнот. — Вялікай справы не зробяць. І ў косці не атрымаем, калі падпарадкуемся самі.