Ясь распрануў і паклаў спаць абсалютна п’янага спадарожніка, пасля адчыніў акно, што выходзіла ў сад. З суседняга пакоя даносіўся гучны храп Баніфацыя, які ўжо чвэрць гадзіны таму пайшоў спаць. З наступнага пакоя праз яшчэ зачыненае Марысіна, як Ясь здагадваўся, акно падаў у сад доўгі прастакутнік святла. Ясь паціху вылез у сад і падышоў да акна. У святле лямпы ён убачыў Марысю, якая мылася ў пастаўленай на ўслончык мядніцы, павярнуўшыся да яго бокам. Ясь з асалодай назіраў за аголенай прыгожай жанчынай, якая, не падазраючы, што за ёй назіраюць, паводзіла сябе абсалютна свабодна.
Гэта яшчэ больш павялічыла прывабнасць яе фігуры. «Хай бы яна адчыніла акно! — думаў Ясь. — Калі не адчыніць, пагрукаю». Жанчына выцерлася ручніком і паставіла лямпу так, каб выразна бачыць сваю фігуру ў люстры. Ён убачыў, што Марыся дастала з шуфлядкі маленькую пляшачку і коркам датыкалася твару, грудзей і плячэй. «Парфуміцца», — падумаў Ясь і згадаў Марусю Лобаву, сваю першую каханку. Цяпер Ясь быў упэўнены, што акно адчыніцца. Марыся ўважліва агледзелася з усіх бакоў у люстры. Яся гэта раздражняла. «Чаго ж яна марудзіць?»
Урэшце, пасля даўжэйшага агляду зброі перад люстэркам, Марыся надзела начную кашулю і расчасала валасы. Потым яна падышла да акна і адчыніла яго. Ясь знянацку схапіў жанчыну за руку, а пасля жвава забраўся ў пакой. Ён пачаў цалаваць Марысю. Тая ахвотна прымала яго пяшчоты. Неспадзявана яна сказала:
— Ідзі да сябе… Распраніся, пасля вяртайся… Каб тут не было тваіх рэчаў. І замкні дзверы на ключ…
Ясь вярнуўся ў свой пакой. Спешна распрануўся і вярнуўся да Марысі.
З раніцы, пасля сняданку, таварышы наладзілі ліпавую лабараторыю. Ход дзеяння быў прадуманы і абмеркаваны ў горадзе. Галоўную ролю ў сённяшняй рэпетыцыі гралі дзве двухдаляравыя, амаль новыя, купюры. У горадзе іх намачылі, склалі разам і адпрасавалі, каб загіны былі аднолькавыя. Яны былі з ідэнтычнымі нумарамі. Для гэтага з вялікай колькасці купюр у знаёмага мянялы былі выбраныя дзве найбольш падобныя адна да адной нумарамі. Розніцу ў лічбах выправілі з дапамогай тушы, пераўтварыўшы на адной з купюр тройку ў васьмёрку, чацвёрку ў адзінку і дзявятку ў нуль. І крыху паскробшы лязом. Даляр з аўтэнтычнай нумарацыяй уклалі між двух кавалкаў чыстай паперы такога ж памеру.
Ясь загадаў пану Баніфацыю распаліць агонь, каб духоўка была цёплая. Пасля загрузіў туды купюру, размешчаную паміж дзвюма жалезнымі пласцінкамі з паперай.
— Гэта павінна ляжаць у цяпле дзве гадзіны, — сказаў Ясь, зірнуўшы на гадзіннік.
Цяпер хлопец дырыжыраваў працай, а Ігнат паслухмяна і старанна выконваў яго загады. Пан Баніфацый быў усхваляваны незвычайнымі дзеяннямі, якія адбываліся на ягоных вачах, і ўрачыстымі тварамі калег.
— Шкада, што няма больш купюр, — сказаў Ясь. — Не люблю пустых запускаў. У мяне замала некаторых сродкаў.
— Таму не трэба іх пераводзіць, — сказаў пан Баніфацый.
— Я толькі хачу паказаць вам прынцыпы маёй працы, каб вы маглі мне давяраць.
— Ніякіх сумненняў, — адказаў гаспадар. — Я ж бачыў вынікі.
— Добра, — сказаў Ясь. — Часу ў нас шмат, зробім невялікі пробны запуск. Зрэшты, я хачу паспрабаваць, наколькі моцны новы сродак. Ці ёсць у вас нейкая навейшая царская купюра?
— Вядома, ёсць.
Пан Баніфацый адразу ж прынёс Ясю некалькі банкнот. Ясь выбраў з іх дзесяцірублёвую і ўзяўся за працу. Ягоная лабараторыя выглядала імпазантна. Розныя бутэлечкі з каляровымі вадкасцямі, пэндзлі, валкі, шкляныя і металічныя пласцінкі, нажы і нажнічкі, ніткі, вата і г. д. Пачэснае месца займала бляшаная скрынка з двума валкамі. Менавіта гэта і была цудоўная машынка.
Праца «на машынку» выконвалася розным чынам, у залежнасці ад наяўных прыладаў і вынаходлівасці аферыстаў. Агульны прынцып быў толькі адзін: выбіраўся «цёплы» кліент, якому прапаноўвалі рабіць грошы, даводзячы, што з адной купюры можна атрымаць дзве. Сэнс у тым, што ахвяра павінна назбіраць як мага больш купюр. Пасля з імі праводзяцца разнастайныя маніпуляцыі так, каб гэта рабіла ўражанне: іх круцяць у машынцы, мажуць, абкладаюць паперай. Напрыканцы акцыі аферысты звычайна знікаюць, пакідаючы ахвяру з наказам пільнаваць машынку. А часам загружаюць падрыхтаваны для справы пачак у духоўку або печ. Потым іх ахоплівае трывога: гадзіннік спыніўся і пачак задоўга трымалі ў печы. Як мага хутчэй яны дастаюць усё і знаходзяць унутры попел. Аферысты лаяцца, сварацца, адчайваюцца, і, здараецца, сам пацярпелы шкадуе іх, а часам прапануе паўтарыць спробу. Так кліента «стрыгуць» двойчы.