Такія справы звычайна праходзяць беспакарана, бо ахвяра баіцца нават паведаміць у паліцыю пра свае страты, панесеныя такім незвычайным чынам. Паколькі ўдзел у падробцы грошай неаспрэчны. Аферысты не заўжды працуюць такім прадуманым і дэталёвым чынам, як Ясь і Ігнат, якія хацелі зрабіць усё «на зыхер», бо «карась» быў «цёплы» і ўлоў меўся быць добры.
Ясь у прысутнасці пана Баніфацыя памазаў дзесяцірублёвую мікалаеўскую купюру гваздзіковым маслам. Пасля абклаў яе з двух бакоў чыстай паперай. Потым паклаў усё разам на стальную пласцінку і даволі доўга з сілай вадзіў па паперы цвёрдым валікам. Калі ён дастаў купюру, на паперы засталіся бледныя, але выразныя каляровыя сляды купюры ў люстраным адбітку.
— Бачыце, — сказаў Ясь. — Нават з дапамогай аднаго гэтага сродку, без далейшых маніпуляцый і прагравання, выразна відаць адбітак купюры. Пасля ў сярэдзіну кладзём паперу, падрыхтаваную для купюр, і ўсё зноў ідзе ў працу. Праца цяжкая і патрабуе цярплівасці, але вынік заўжды верны.
Далей Ясь патлумачыў, што даляры склейваюцца з двух адбіткаў, а ў сярэдзіну дадаюцца кавалачкі шаўковых, каляровых нітак. Водныя знакі робяцца адмысловым стальным валком пасля ўвільгатнення купюры адпаведным сродкам.
Пан Баніфацый быў зачараваны. У яго не было ніякіх сумневаў, і ён з захапленнем глядзеў на гэтага маладога чараўніка. Упершыню ў жыцці ён сустрэў чалавека, які яму імпанаваў. І гэта такі смаркач!
— Колькі купюр вам трэба? — пытаў ён у Яся.
— Як найбольш, бо раствораў у мяне мала… Некаторых нідзе і не знойдзеш… Мне няма розніцы, ці зрабіць адбітак адной купюры, ці ста, ці тысячы, бо вы ж разумееце… — і Ясь пачаў блытанае тлумачэнне тэхналогіі гэтай працы, у якой найважнейшую ролю граў сродак для замацавання колеру, якога было вельмі мала.
— Сродку для змякчэння колераў у мяне досыць… яшчэ на некалькі разоў. І для іх выцягвання таксама. Але найгорш-то з растворам для замацавання. Яго ў мяне во столькі.
Ясь паказаў пану Баніфацыю бутэлечку, у якой было крыху вадкасці бурштынавага колеру. Проста заварка ад гарбаты. Пан Баніфацый сказаў:
— Грошай у мяне ані рубля няма. Адны страты нясу. І слугі крадуць, і падаткі… Але на такі інтэрас магу пазычыць…
Ігнат шматзначна падміргнуў Ясю: рыбка клюнула!
Вырашылі, што пасля абеду пан Баніфацый з Ігнатам паедуць у горад, каб сабраць грошы і купіць як мага больш даляравых купюр. Вернуцца, як толькі вырашаць справы. Ігнат павінен быў дапамагчы скупаць купюры. Гаспадар распарадзіўся Марысі пра добры абед, а прыяцелі выйшлі ў сад па фруктовы дэсерт. Тым часам пан Баніфацый зашыўся ў сваім пакоі і замкнуў дзверы на ключ. З самых разнастайных сховаў ён даставаў куфэрачкі, скрынкі, рулоны і пачкі з каштоўнасцямі і грашыма. Пан Баніфацый мёў амаль тры тысячы даляраў купюрамі. Алё яго апанавала сквапнасць, і ён вырашыў купіць яшчэ як мага больш. Для гэтага трэба было прадаць трохі золата або брыльянтаў. З золатам пану Баніфацыю было асабліва цяжка расставацца. Ён вырашыў прадаваць брыльянты. Але ўзяў з сабой таксама шмат залатых мікалаеўскіх манет.
Пасля добрага абеду Ігнат і гаспадар паехалі ў горад на элегантнай брычцы. Ад’язджаючы, пан Баніфацый сказаў Марысі ў прысутнасці Яся:
— Глядзі, каб госцю ані ў чым нястачы не было, бо… скуру спушчу.
— Стараюся, як магу, — апусціўшы вочы, адказала жанчына.
Ясь усміхнуўся.
Увечары Ясь і Марыся павячэралі і вельмі рана пайшлі спаць. Успаміны пра пяшчоты мінулай ночы агарнулі іх новымі жаданнямі.
Калі яны ўжо былі разам, Ясь праз некаторы час спытаў:
— Чаму ж ты выйшла замуж за такога гідкага дзеда?
— Хіба я па добрай волі?.. Бацькі прымусілі… Я ўтапіцца хацела… А цяпер вырашыла ўцячы… У мяне брат у Гомлі… Жанаты. Машыніст на чыгунцы… Я яму пісала, як мне кепска… Брат мяне вельмі любіў… Напісаў, каб я прыязджала… Што жыве ён добра… За жонкай яму далі дом і сады, і ён задаволены… Хутка я туды паеду…
— Можа, даць табе грошай на дарогу?
— Не трэба… Я сабрала столькі, што мне хопіць… Як стары не пільнаваў, то я на чорны дзень пазбірала. Ведала, што доўга не вытрымаю… Ты чуў, што ён маці сваю з дому выгнаў? На жабрачым хлебе жыве… Такі жмінда!..
Мінуў яшчэ адзін дзень і трэцяя, поўная эмоцый, ноч. Ігнат і гаспадар вярнуліся толькі апоўдні. А па абедзе яны замкнуліся ў «лабараторыі» і ўзяліся за працу.
Гаспадар паклаў на стол тоўстую звязку купюр. Там было адзінаццаць тысяч пяцьсот даляраў.
— Вы зірніце, раптам тут ёсць нядобрыя?
Ясь агледзеў грошы і прыйшоў да высновы, што для работы падыходзяць усе.