Выбрать главу

ВЕРШАВАНЫЯ АПАВЯДАННІ

ГОД БЕЛАРУСА

Край беларускі, край ты наш родны, Неураджайны ты і бязводны, Нечарназёмна твая зямліца: Глей, або гліна, ці камяніца. Дробны загоны і скібы тонкі, А замест межаў дык баразёнкі, Доўгія ніўкі і надты вузкі, Як быццам мотуз ад добрай стужкі… Кажуць старыя, калі даць веры, Што былі пушчы, лясы без меры, Пчол надта многа, мёду — як гліны, Птаства без ліку, процьма звярыны, Дзікоў, мядзведзяў, гусяў і лосяў… Цяпер жа нешта усё звялося… Народ наш ціхі, прытом нясмелы — Яго згубілі часты раздзелы. Акром бядоты у беларуса Добрае сэрца, хоць часам куса, Вось, як той кажа, і з імбывае, Ён дае раду, не наракае. Калі сашле Бог гадкі цяжкія, То вельмі мокры або сухія, Або паводка знясе, папсўе, Альбо нарэшце град адпітлюе, Альбо зладзеі абчысцяць скрынкі, Або пажарам змяце будынкі, Аставіць курсні і папялішчы, Або уб’ецца злая вяснішча… Тады бываеш рад і мякіне, Як няма есці сабе й скаціне, То ён прыкупіць, то прыпазычыць, Цяпла чакае, нядзелькі лічыць. А як Бог вышле лягчэйшу пору, Як пойдзе проста сонейка ўгору Ды снег растане, дык ужо скора Папрылятае вырай зза мора, Як цёплы ветрык знізу павее, Нашаму брату шмат палягчэе. Як скрозь абсохне, спадуць і рэчкі, Пойдуць у поле цёлкі, авечкі, Пастушкі сядуць там за палянкай. Надойдзе хмарка з громам, з маланкай, Казаў бы, дзеці будуць баяцца, Яны ж са смеху стануць куляцца. Дожджык пакропіць, сонца прыгрэе, Цвяце вярбіна, рунь зелянее, Сыпнула ўсюды ж з зямлі травіца, Зямля абсохла, блішчыць расіца. Вось жаварынка пяе дарэчы, Стары дзядуля вылез зза печы I сеў на сонцы зубы пагрэці. А там кацелку качаюць дзеці, За сметнік пеўні дзяруцца ёмка, Шпачок і дроздзік шчабечуць громка; А там, на дубе, буслы клякочуць, Гагаюць гускі, куркі сакочуць, Бляюць авечкі, бычкі бадуцца, Пастух іграе на новай дудцы; А там, у стадзе, волік бузуе, Зязюля ў белым садзе кукуе. Там салавейка, там і жаўтушка, Гудзіць і пчолка, звініць і мушка, Ідуць мурашкі, як сонца ўбачаць, Лятуць матылькі, і жабкі скачуць. Гай, што быў цёмны, зазеляніўся, Сад, што быў голы, ужо распусціўся, Зацвіла яблынь, сліва і груша, Зацвіла вішня і какалуша [15]. Ясць многа красак у лузе, ў дуброве. Травы даволі ў полі карове, Пойдзе скаціна ў «табар» рагата. Паедуць з коньмі хлопцы, дзяўчаты: Юрка, Тамашка, Міхаська, Янка, Сымон, Нікіпар, Змітрок, Раманка, Андрэй і Юзя, Астап з Кандратам; Як сабяруцца ды перад святам Або ў суботу перад нядзелькай, Валы прыгоняць Наста з Марселькай, Тэкля з Даротай, прыйдзе Раіна, Доіць карову і Кацярына. Уперад скацінку сваю агледзяць, Дояць кароўкі, малачко цэдзяць, Збанкі абвяжуць, у куст схаваюць, Ды ўсе пойдуць дроў назбіраюць, Ды як наложаць агонь вялікі!.. А з сваіх хлопцаў ёсць два музыкі: Адзін па струнах смыкам пілуе, Другі ў цымбалы ёмка пітлюе. Нашым дзяўчатам многа пацехі, Пачнуцца жарты, пачнуцца смехі, Пачнуць усе гуртам песенькі пеці,
вернуться

15

Какалуша (дыял.) — чаромха.