Выбрать главу

ПАТРАПІЛА КАСА НА КАМЕНЬ

Знаная рэч на свеце, што калі збяруцца Двое роўных, заўсёды, як каты, дзяруцца. Ды калі чорна ў роце альбо прутка ў лапе, Будзе так, як з касой, што на камень трапе. Гэтака ёсць прымаўка ў нашым народзе. Быў сабе поп сярдзіты у адным прыходзе. Меў жонку маладую, гладкую худобу, Косы саўсім рудыя і глядзеў з-пад лобу. А такія прыкметы ўсім знаны вельмі: Руды, крывы, вугнявы — то напэўна шэльмы. Вота ж ён так, як баша [22], на сваім хвальварку Жыў раскошна без гора і вёў гаспадарку. Як кожны з іх брата, меў таку патугу: Галіў сваіх «авечак» і маліўся Богу. А ў суседстве за рэчкай, гдзе млынок вясковы, Шумеў, стоячы здаўна, цёмны бор хваёвы. У тым баку, гдзе дарогі сходзяцца у вілкі, Быў узгорак і на ім старыя магілкі. А што вельмі старыя, можна па тым знаці, Што растучых там хвояў удвух не абняці. Бор той, як гаварылі, аддаўна быў дворны. I як поп быў увесь рыжы, так ляснічы — чорны, Шпаркі ён быў без меры, гарачы ваяка, I казалі другія, быццам «аўстрыяка». Ды, мусіць, была праўда, бо як настаў знова, Саўсім мовы нашай ён не знаў ні слова. Вота ж гэны ляснічы здумаў лес рубаці Каля гэных могілак, а поп — не даваці. Зрабіўся крык і гоман на увесь бярэзнік: Ляснічы крычаў «каўтун», поп крычаў «мяцежнік». Думалі, што з крыку пэўна драка будзе, Але і пасля крыку было «дзела» ў судзе. Бо поп, нядоўга ждаўшы, напісаў прашэнне I за «самаўпраўства» і за «аскарбленне». Суд як суд: завёў «дзела», паслаў па павестцы, Што будзе гэту справу разглядаць на месцы, I як для вінавацтва, так для абароны, Каб былі ў час на месцы сведкі і староны. Ляснічы сабраў стражу, узяў «прававеда», А поп — дзяка, старасту і старога дзеда I так іх наўчае: «Юрка і Васілі, Глядзеце ж, каб вы гэтак усе гаварылі, Што тут яшчэ нядаўна ўсе крыжы стаялі, Што на гэтых могілках вы бацькоў хавалі, Што ўрэшце і сягоння ёсць такая мода Хаваць тут нехрышчоных з усяго прыхода». Сабраліся ўсе разам на той бугор спорны: Земскі, сведкі, поп рыжы і ляснічы чорны. Зноў спрэчкі пачаліся, старыя рахубы [23]: Адзін глядзіць з-пад лобу, другі скаліць зубы. А земскі, пры медалі, ўрэчы на шнурочку, Пачаў пытацца сведкаў, але ў адзіночку. Дык правіць адзін гэта, а другі не тое, Той гаворыць да дзела, іншы што другое. Як спытаў старога: «Што ты знаеш гэтак?» «Мы тут, — кажа, — хавалі і бацькоў і дзетак». «Добра, — земскі гаворыць, — а пакажы ж, мілы, Гдзе будуць твайго бацькі і маткі магілы?» А стары, знаць, забыўся, што гаварыць мае, Паскрабаўшы за вухам, кажа: «Чорт іх знае!» Ну дык з гэтакіх сведак, як з лазовых лісцяў, Не меў «бацька» для дзела вялікай карысці. Бо судзіцца — трэ ведаць і сказаць, не жарты, Гэта будзе ўсё роўна, што іграць у карты. Вота ж з гэнага дзіва, як прыйшло да скутку, Выйграў «бацюшка» гэны на касцеле дудку. I здалося б, што трэба аб гэтым забыцца, Але поп наш задумаў, каб на кім памсціцца I спагнаць сваю злобу на кім нязгледным: На дворным чалавеку, на лесніку бедным. Той, сказаць, дурнаваты, для Бога угодну Прыйшоў да баці споведзь адбываць велікодну. А папу таго трэба, і каб больш пранюхаць, Ён сказаў сваёй дзеўцы, каб прыйшла падслухаць I выцягнуў, вужака, з таго панямножку, Што той, быўшы на судзе, мусіць, прылгаў трошку I як відзіш з даносам узяўся, як за ветку, Сваю дзеўку у «дзела» пасунуў за сведку. I пайшла цяганіна, бачыў гэта кожны — Пракукор, следавацель, после суд акружны. А на судзе, вядома, зараз адвакаты Цягнулі з чалавека апошнія шматы. I па ўсім па гэтым, як кажуць, нарэшце Бедны ляснік адсядзеў восем дзён урэшце! А з гэтага карысці не было нікому, Вось хіба адвакату ды папу рудому.
вернуться

22

Баша — паша.

вернуться

23

Рахубы (польск.) — рахункі.