Выбрать главу

Накшталт гэтага чатырохрадкоўя:

Слоўца адно, а часам другое, Сказана мудра, у пору, Душу адсвежыць, мысль заспакоіць, Як бы адверне з плеч гору.

Жывучы сярод народа і з народам, Стары Улас бачыў сацыяльную няроўнасць, сялянскую галечу, нішчымніцу. Для яго самога не ў навіну была сітуацыя, калі

Часамі хлеба ні крупінкі, Ані ўламаць, ані уліць, А тут яшчэ і для скацінкі, Бывае, трэба прыкупіць. Хаця красуюць кветкі густа, Пяе пяўцоў крылаты хор, Але… сумна, калі ў клеці пуста Ды у гумне свісціць віхор!

(«Каму што»)

Ці ўсведамляў паэт, чаму так дзеецца і што трэба зрабіць, каб палепшыць жыццё? 3 аднаго боку, у яго ёсць разуменне, што «ў нашым краі дрэнь, брат, парадкі» («Цярплівы нябожчык»), што мужык «гаруе век свой на другіх», а на яго «пазірае ізвысока Духоўнік, пан, чыноўнік, жыд, Хоць з яго працы будзе сыт» («Пра паноў»), заклікае багатых скінуць «атласы і ядвабы, шубу з сабалямі», пакінуць пыху і «разам працаваць на кавалак хлеба» («3 Новым годам»). Аднак гэта разуменне, так сказаць, стыхійна класавае, своеасаблівая, пачатая беларускай літаратурай яшчэ ў XIX стагоддзі «гутарка аб усім чыста, што баліць, але чаму баліць — не ведаем». Не ведаў і Стары Улас рэальнай прычыны тагачаснага народнага болю, не мог знаць, як гэтага болю пазбыцца. Далекаваты ён быў ад ідэалаў рэвалюцыйных дэмакратаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча… Тым больш далёка — ад памкненняў пісьменнікаў-рэвалюцыянераў з сацыялістычнай арыентацыяй: Цёткі, Алеся Гаруна, Цішкі Гартнага… Чалавек глыбока рэлігійны, які ва ўсіх жыццёвых сітуацыях звычайна кіраваўся пастулатамі дзесяці запаведзяў, ён стараўся не ўмешвацца ў палітыку, жыць па законах агульначалавечай маралі. Як у жыцці — гэтак і ў творчасці. На вяку Старога Уласа ўлада мянялася каля дзесяці разоў. Пражыўшы большую палову жыцця пры цары, паэт з’явіўся сведкам Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 года, акупацыі беларускіх зямель войскамі кайзераўскай Германіі, легіянерамі Пілсудскага, дажываў век у міжваеннай Польшчы, перад самаю смерцю сустрэў прыход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь… Здавалася б, колькі тэм для паэта-патрыёта! Аднак у вершах Старога Уласа — нават напісаных для «хатняга ўжытку», не друкаваных — мы не знойдзем прамога водгаласу ніводнай з гэтых падзей.

Чым жа тады жывілася творчасць паэта-самавука? Чым яна можа прывабіць нас сёння?

Найперш — сцвярджэннем здаровай народнай маралі, маральных прынцыпаў чалавека-працаўніка. А таксама — шчырай любоўю да роднага краю, беларускага селяніна, акварэльнымі малюнкамі беларускай прыроды, непаўторнымі краявідамі роднай зямлі.

Стары Улас услаўляў працу як аснову людскога агульнажыцця і чалавечага дабрабыту («Год беларуса», «Не спанатрыў»). 3 мяккім гумарам, а то і са здзеклівай іроніяй ён выкрываў асобныя людскія заганы: гультайства («Спрытны адказ»), п’янства сялян («Прыгавор»), іх залішнюю даверлівасць («Праўда»), казнакрадства аканомаў, пісараў і іншых дробных службоўцаў («Гдзе бярозы расахаты…»), непатрэбныя сваркі паміж суседзямі, хабарніцтва судовых работнікаў («Суд»), самадурства паноў («Іголка»), сквапнасць ксяндзоў («Легенда і праўда»), ілжывасць папоў («Патрапіла каса на камень»). Выказаўся ён і на адвечную тэму ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей («3 кутка праўды»). Пры гэтым не падтрымаў нараканні бацькоў на дзяцей, бо калісьці, у маладосці, на думку паэта, бацькі былі такія ж, як іхнія дзеці, а можа, яшчэ і горшыя. Не прымаў Стары Улас і вайны як сродку вырашэння канфліктаў паміж чалавечымі супольнасцямі («3 Новым годам»).

Часам паэт звяртаўся да народных легенд, паданняў. Але і тут яго цікавілі не легендарныя падзеі самі па сабе, а іх маральная падаснова. Так, у «Кумавых Магілах» апавядаецца пра тое, як на кумоў, што везлі ў санях толькі што ахрышчанае дзіця, напалі ваўкі. Каб самім уратавацца ад лютых звяроў, кумы кінулі ім дзіця. Ды ваўкі не звярнулі на яго ўвагі, а дагналі хрышчоных бацькоў і разарвалі. Аднак гэта яшчэ не ўсё пакаранне за такое антычалавечае злачынства: роўна трыста гадоў душы двух грэшнікаў вымушаны лётаць над месцам, празваным у народзе Кумавы Магілы, палохаючы падарожных. Вось як караецца чалавечы эгаізм, жаданне выратаваць сваё жыццё за кошт іншага! — гаворыць нам паэт сваім творам у поўнай згодзе і з народнай мараллю, і са сваім светаразуменнем.