Выбрать главу

1909 год

1

Чытаючы аб тым, што людзі маюць мала зямлі, бярэ ахвота сказаць аб Валожынскай воласці. У нашай воласці вялікая зямельная цесната. У нас мужыцкі надзел быў ад 8 да 12 дзесяцін, а цяпер многа людзей падзялілася на 6, 8, 10 і 16 часцей, не гаворачы аб трацінках і чацвярцінках. У Валожынскай воласці жыве 13 тысяч душ, хат усяго 2062; з іх 673 хаты маюць менш адной дзесяціны, 833 хаты маюць па дзве дзесяціны, 377 хат ад двух да трох дзесяцін і толькі 178 хат маюць больш трох дзесяцін. На душу наогул выходзіць трохі больш як палавіна дзесяціны — з усіх валасцей павета Валожынская найбяднейшая.

У нашым двары прадаецца зямля па 100 рублёў дзесяціна, а банк дасць 40–50 рублёў, дык багаты купляе зямлю, бо можа далажыць, а бедны не мае сілы купіць. Так і гінем ад малазямелля; хто можа, пераязджае ў Амерыку, Пецярбург і другія месцы [29].

2

Валожын (Віленскай губерні Ашмянскага павета) — гэта звычайнае беларускае мястэчка, якіх многа ёсць у нашым краю; дзве часці яўрэяў, а трэцяя часць хрысціянаў, больш праваслаўных; калісь было больш католікаў, а рэшта уніяты, але пазней касцёл забралі на цэркву, і зрабілася больш праваслаўных. У нас жыве земскі, следавацель; ёсць воласць, аптэка, дзве манаполькі; ёсць 4 вучылішчы, у тым валасное рамеснае, гдзе вучаць плесці кошыкі. Гарэлку ў нас смаляць усё больш і больш. Нядаўна адзін мужык быў у гасцях у свайго брата, парабка ў фальварку Шапавалы, ды так нарэзаўся спірту, што і дамоў не даехаў: дарогай памёр.

На свята быў сход, хочуць адкрыць сельскі банчок. Рэч вельмі добрая [30].

3

У чацвер 11 юня ў нас была вялікая навальніца з грымотамі, і быў па каліву град; паводка папсавала гароды і пожні, а на полі, дзе крыху па ўзгорках, пазносіла пасевы і вельмі паразмывала нівы. Пярун забіў каля сяла Забрэззе двух чалавек, а ў нашым мястэчку ў гаспадара Васіля Мышлёна двое коні; у засценку Руднікі спаліў хату Янука Каляды, а ў вёсцы Рачаняты — дык тры гумны і свіран, і гэта ўсё ў адзін дзень. Хоць пажар і можна было ўгасіць, бо як ліў вялікі дождж, дык вада ляцела рэчкай і не трэба было яе ані насіць, ані вазіць, як гэта часта робіцца пры пажарах, але што ж, калі ў нас гэта праклятая цемната! Кажуць так: калі ўжо пярун запаліў хату, дык гасіць не можна; і стаяць, пазбіраўшыся, ды прыглядаюцца, як агонь скача з адной будыніны на другую. А іншыя кінуліся выносіць свае лахамоткі, хоць у тую старану і ветру не было. Адно толькі шчасце, што дождж, дык стрэхі былі мокрыя, а то ўся вёска пайшла б з дымам. Цяпер трудна будзе як пагарэльцам, так і гэтаму, што коні падбіла, бо ўсе яны бедныя. Хіба добрыя людзі памогуць…[31]

4

Ужо трэцяя нядзеля, як пайшоў дождж, і кожны дзень ён усё сыпле, а вельмі патрэба пагоды, бо ўжо каля нас многа травы людзі панакашывалі, і яна мокне ў вадзе, а некаторую дык і зусім вада панесла. Найбольш накошана ў маёнтку Вішнева графа Храптовіча-Буценева; ва ўрочышчы Улавіна скошана дзесяцін са 300, ды ўсё на вялікай нізіне, і калі яшчэ гэтак будзе, дык усё прападзе.

Уночы з 23 на 24 юня быў пажар і згарэла тры дамы яўрэйскія і адзін хрысціянскі; казённая манаполька тры разы загаралася, але яе неяк загасілі, толькі гарэлка вельмі паглумілася, бо яе шмат патаўклі, а рэшту немаведама куды павыносілі. Яно бы, мусіць, гэтым не кончылася, бо надта вялікая гушча будынкаў, і быў добры вецер, але шчасце, што сажалка была пад носам з вадой, і людзі хутка сабраліся і вельмі добра ратавалі. Агонь пачаўся з хлева разніка Перскага з невядомай прычыны — кажуць, нехта падпаліў [32].

5

Сёлетняе лета не скупіцца бурамі і грымотамі, каторыя нам робяць надта вялікую шкоду. Не забыліся мы яшчэ той навальніцы, каторая была 11 юня, аж тут якраз цераз месяц, 11 юля, у суботу пад вечар, ізноў праняслася страшэнная хмара з маланкамі і перунамі, каторыя білі разпораз, не перастаючы; людзі папалохаліся да паўсмерці і думалі, што ўжо настаў канец свету. Адзін пярун ударыў у валожынскую каталіцкую капліцу і па дроце ад званка ўляцеў усярэдзіну, дзе выдзер кусок сцяны і пайшоў у зямлю. Другі — ударыў у рабінаў дом, праз комін упаў у хату, рассадзіў там печ і, разбіўшы акно, вылецеў на двор, нікога не зачапіўшы. Трэці пярун спаліў у вёсцы Літве гаспадара Антона Карташэвіча, а ў вёсках Бітуці і Пяшкуры забіў па кані.

вернуться

29

1. «Наша ніва», 1909, 7 мая. Гэты допіс, як і ўсе наступныя (за выключэннем асоба агавораных), пачынаецца з указання месца падзеі: м. Валожын Віленскай губерні Ашмянскага павета; усюды подпіс — Стары Улас.

вернуться

30

2. «Наша ніва», 1909, 16 красавіка.

вернуться

31

3. «Наша ніва», 1909, 25 чэрвеня.

вернуться

32

4. «Наша ніва», 1909, 16 ліпеня.