Каля Лебедзева пярун спаліў два засценкі; у фальварку Батурах у гумне пасэсара Вайсборда пярун аглушыў трох мужчын і адну бабу; мужчыны ў скорасці адышлі, а баба яшчэ хварэе: ёй заняло мову.
Каля нас цяпер бадзяюцца шалёныя сабакі. Нядаўна гэтакі сабака пакусаў у ляснічага пана Праневіча ўсіх свіней, і немаведама, ці яны не пашалеюць. Хоць у нас і дае ад гэтага нейкія зёлкі Грышка М., але яны не кожын раз памагаюць. Трэба бадзячых сабак сцерагчыся і зніштажаць, бо могуць нарабіць шмат бяды [33].
6
27 юля (ліпня) ізноў быў у нас пажар. Згарэла 10 яўрэйскіх дамоў; праўда, што блізка ўсе яны багатыя, але гэтакае няшчасце, як пажар, трудна перанесці кожнаму. Дамы былі застрахованы, але дабытак дамовы ўвесь прапаў, бо каб гэта было ўдзень, дык скарэй чалавек хопіцца ратаваць, і напачатку шмат лягчэй агонь утушыць; але запалілася ў самы глухі сон, а 2-ой гадзіне ночы. Пакуль людзі сабраліся, агонь ужо добра разгуляўся і трудна было даступіцца. Найбольш страты меў фельчар I. Шварц, бо каля яго пачало гарэць; бадай усё згарэла, а шкода, бо гэта добры чалавек і прытым небагаты. Пажар пачаўся ад хлева купца А. Поляка. Кажуць, што нехта падпаліў, бо ў тым гаду ён два разы запальваўся. Ёсць такія подлыя людзі-зверы, што для свайго інтарэсу так страшна губяць другіх. Пажарная дружына слаба памагала, няма ніякага парадку: усе камандуюць, а ніхто не слухае [34].
7
У наша мястэчка ўжо трэці раз даведуецца пажар. Гэтым разам згарэла «на далу» 5 яўрэйскіх дамоў з усімі прыбудоўкамі і сяліба гаспадара Марціна Карабана, але не ўся, бо ў яго асталіся гумно і хата, а хлявы і свіран пайшлі з дымам — і гэта ўсё з рукі благога чалавека. Але гэтым разам, здаецца, не павінна ўвайсціся за штуку, бо злавілі аднаго малайца з сяла Бурнейкі Міхася Палешчука, як ён, падсмаліўшы хлеў у далавога яўрэя, уцякаў у поле. Гэта малады хлапец, і яму трэба было сёлета станавіцца на прызыў; быў у Пецярбурзе і там, мусіць, навучыўся гэтай штукі; ён цяпер сядзіць у Ашмянах у клетцы і бадай што ўжо адтуль яго не выпусцяць.
Нядаўна людзі добрай волі рабілі тэатр на бяднейшых пагарэльцаў, і адбываўся ён у скарбовым свірне праз два вечары. Сабралі шмат грошай, бо кожны ішоў паглядзець не столькі з цікавасці, сколькі з ахвяры.
У гэтым часе быў у сваім маёнтку Валожын дзядзічны пан граф Тышкевіч, і да яго прыходзілі з просьбамі ўсе пагарэльцы, і ён кожнаму памог патроху. Добры гэта пан, не такі, як другія. Толькі кажуць, што яго справы дрэнна стаяць, быццам яго «лападэнты» ўвялі ў кабалу, з каторай яму трудна выкруціцца. Цяпер ён намагае ўсё лесам, але і лес ужо вельмі перапаласкаўся. Цяпер то яшчэ ёсць уволю і дроў, і бярвення, але, паждаўшы, не будзе ані з чаго будаваць хатаў, ані тапіць чым у печах. Хіба будзем ставіць будынкі з гліны, а тапіць торфам, бо гэтага багацця каля нас уволю, толькі трэба ўмець, як за яго ўзяцца [35].
8
Лета ў нас было вельмі дажджлівае, і людзі баяліся неўраджаю, а некаторыя варажылі голад. Але пад канец стала пагода і ўсё збожжа добра пазбіралі — як жыта, так і аўсы, ячмені і льны. Бульбу цяпер капаць дык надта добра, бо яна сухая, без пяску, не так, як у мокрую восень, калі яе трэба выбіраць з гразі дый яшчэ студзіць у кулакі, бо часам бывае і мокра, і холадна. Хоць, праўду кажучы, каля нас на бульбу завідны год, у адных яе процьма, а ў другіх саўсім няма, а гэта дзеля таго, што адзін садзіў яе па высокіх месцах, дык таму і ўрадзіла, а другі па нізкіх, то ў яго і прапала. Збожжа то, каб не зграшыць, было добрае, сена маем зялёнае, і многа яго, канюшына толькі рэдка ў каго ёсць, бо яна нешта з зімы кепска павыходзіла. У нас усё наракалі, што кепскае насенне было, бо каля нас яе на насенне мала кідаюць, а купляюць па таргах, дык другі, купіўшы якой травы, рад, што танна, а тым часам после вырасце адзін верабейнік.
Хоць каля нас і ўраджай, але скаціна саўсім танная, затое дык мяса ў цане: фунт сала свінога 12 капеек, бараніны 10 капеек, масла 30 капеек, а гэта ж мястэчка![36]
9
10 вёрст ад Валожына ёсць вялікае сяло Дубіна, і чутно аб ім далёка-далёка. Мае яно, мусіць, са 300 хат, ёсць там і манаполька, і карчма. Народ вельмі паганы, самыя п’яніцы і зладзеі: не то што на дварэ нічога не пакінь, але і з будынку павыцягваюць. У прошлым гаду дык выцягнулі ў Янука Палоўскага з пуні сячкарню, дык яна і прапала. У кудраўскага лесніка Максіма пазнімалі калёсы з восяў. А пабіць каго, дык гэта ў іх нават мода: няхай будзе толькі хто на каго злы або другі папросіць, дык нападуць ці на полі, ці на дарозе і забіваюць да паўсмерці. Трэба каго абараць, пабіць або і падсмаліць — ідзі ў Дубіну, там усё гэта знойдзеш. Але няма чаго дзівіцца: яны маюць вучыцеля, каторы не дае ім добрага прыкладу.