3
Каля нас вельмі цешыліся, што пасля марознай зімы неяк скора пагінуў снег, і думалі, што ўжо будзе цёпла. Бо ў гэтым годзе зіма хоць не вельмі была доўгая, але добра далася ў знакі. Мала таго што парадна пражыў мароз, але пасля сухога лета вада павыбіралася ў калодзежах і яе трэба было вазіць — як сабе, так і скацінцы — за некалькі вёрст. Цяпер затое вады ўжо маем даволі, але таго цяпла, якога ўсе спадзяваліся, дык нешта нямашака, бо насталі нейкія золкія і слотныя дні, часта праходзіць дождж са снегам, а гразі ані вылезці, хутчэй да восені, чым да вясны, падобна. Без пары загінула дарога, і хто астаўся без дроў і без сена, спадзеючыся, што яшчэ будзе мець на гэта часу, цяпер за благой дарогай гэтага зрабіць не можа [58].
4
У нашай старане народ вельмі любіць суды, але яшчэ больш любяць гэта нашы адвакацікі сваёй гадоўлі, каторых завялося ў нас парадна, і іншыя такія мудрыя, што хоць ты стой ды дзівуйся, як яны ёмка абрабляюць свае справы. Завядуцца з сабой браты ці суседзі або ўздумаюць дзяльбу, зараз да адваката. А яго доўга шукаць не трэба. Кожную нядзельку і чацвер іх можна знайсці ў карчме на покуці. Там яны разглядаюць закон, падбіраюць стацці, каторыя трэба «апаласкаць», і тады ўжо адвакацік бярэцца за дзела, каторае іншы раз вядзе з двух канцоў: за аднаго ставіцца ў судзе, а другому піша прашэнні. Бывае часам і так: другому нельга даступіцца да адвакаціка, бо ўжо з ім засеў той, з каторым судзіцца, дык трэба ісці да яго дахаты і занесці парадны сувісцель. А ў судзе часам усяляк бывае, і найчасцей выйграе толькі… адзін адвакацік!
Нядаўна з бліжэйшых нашых вёсак дзяліліся два браты, і, як гэта з давён вядзецца, пры дзяльбе прадзёўб адзін другому галаву. Той падаў у суд, і ўездны член прыкінуў гэнаму тры месяцы адсідкі. Гэны незадаволены і перадаўся ў акружны суд, і там яму зменшылі кару на адзін месяц. Добра і гэта, але ўсё ж трэба сядзець, а тут рабочы час — сяўба. Вось ён ідзе да адваката параіцца, як тут зрабіць, каб адбыць кару пасля сяўбы. Адвакат узяўся за нітачку і, намахаўшы прашэнне, сказаў занесці ў воласць пасведчыць подпіс, бо ён быў непісьменны. У воласці як прачыталі тое прашэнне, дык сталі ўсе рагатаць, бо там было гэтак напісана: «Ён незадаволен гэным судом і просіць прадоўжыць кару». Выходзіла так, што заместа аднаго месяца ён сам сабе прасіў тры! I добра яшчэ, што пісар быў добры чалавек і загадаў свайму памочніку напісаць прашэнне па-людску, а то, чаго добрага, гатовы былі да аднаго месяца далажыць яшчэ два. Быў і я ў той час у воласці і пытаюся: «Сколькі ж, ваша, даў адвакату за гэткае прашэнне?» А ён мне адказаў: «Гатоўкі не даваў, але гэтак, па-суседску, шкалікаў з чатыры апаражнілі» [59].
1913 год
1
Гэтымі днямі каля нас было некалькі нешчаслівых здарэнняў. У вёсцы Жураўцах налажыў на сябе рукі адзін малады чалавек. Ён пагнаўся на пасаг, ажаніўся ў мясаедзе, бо яму цесць абяцаў дзве дзесяціны зямлі пасагу. Тым часам, як у нас кажуць, «абяцанка — цацанка, а дурному радасць». Гэтак было і тут: жонку ён дастаў няўдалую, з той зямлёй парадку яшчэ не было, а тут, як на злосць, маладзёж у вочы лезе. Дык ён, налізаўшыся ў Валожыне парадна манаполькі, пайшоў дамоў, насыпаў паўрукі пораху, шроту і наверх кулю ў стрэльбу, выйшаў за гумно і ўляпіў сабе ў грудзі.
А ў вёсцы Замасцянах быў вялікі пажар, згарэла 22 хаты з усімі будынкамі. I хоць вёска Замасцяны ляжыць на самым беразе ракі Бярозы, але ў гэту суш ды пры такой праклятай шнуравой гаспадарцы не можна было даць ніякага ратунку, і агонь тады толькі ўняўся, як прыпёрся да прагонкі. А яшчэ, як на бяду, мужчын не было дома, бо цяпер у нас правяць дарогі, дык усіх гоняць на дарогу. Да агню кінуліся ўсе, хто толькі мог, адны ратаваць, а другія для цікавасці, от як гэта і заўсягды пры пажарах у нас. Дык гэтаксама і з вёскі Крыжына ўзялі людзі перабірацца на чаўнах праз раку да пажару, і ў адзін човен села трое дзяўчат і адзін хлапец, але чаўнок быў невялікі, не мог утрымаць на вадзе ўсяго цяжару і пачаў сёрбаць ваду, а ў палавіне ракі пачаў тануць. Пачуўся крык і лямант, і пакуль даспелі іх ратаваць, дык хлапец выплыў, двух дзяўчат выратавалі, а трэцюю, 19 гадоў дзяўчыну, дасталі ўжо нежывую. Трудна апісаць гора бедных пагарэльцаў і гора нешчаслівых бацькоў дзяўчыны! Зразумее гэта кожны селянін, што значыць бацькам свая дачка работніца! Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа [60].
60
1. «Наша ніва», 1913, 31 мая. Допіс надрукаваны пад загалоўкам «Што чуваць каля Валожына Ашмянскага павета».