Увесь час, пачынаючы з 1892 г., пісаў вершы, якіх сабралася шмат. Але ў час вайны многа іх панішчылася. У мяне захавалася нямала вершаў, напісаных пры розных акалічнасцях у 1932–1933 гг. (нумары ад 1013 да 1064)…
Я апекавалася бацькам да апошніх гадоў яго жыцця, а пасля смерці даглядала маці. Прывезла яе да сваякоў у Польшчу ў 1958 г.; памерла яна 6 чэрвеня 1964 г. ва ўзросце 94 год.
6. I.1966 г.
II
Мой бацька любіў беларускі край і беларускую мову. Сам у маладосці перажыў многа гора і бяды, таму меў чулае сэрца да ўсіх бедных сялян, якім у тую пару вельмі цяжка жылося. Сваю жыццёвую пазіцыю здабыў толькі сваімі здольнасцямі. Не ганарыўся перад бяднейшымі, а калі мог, памагаў ім добрай радай і ўсім, чым мог. Неаднойчы прасіў мяне напісаць упраўляючаму маёнткам ад імя ўдавы або пагарэльца і прасіць дрэва на хату ці якую іншую дапамогу.
Бацьку майго паважалі блізкія і дальнія сяляне. Бывалі такія дні, што ў нашай хаце было аж цесна ад сялян, якія прыходзілі радзіцца, і заўсёды выбіралі яго, калі трэба было бараніць іх інтарэсы.
Мы, родныя, добра помнім, як ён, сагнуўшыся над сталом, кожную свабодную мінутку, а часта і ў познюю ноч, пісаў вершы. Калі меў вольную часіну, то і чытаў іх нам. Многа часу для сям’і не меў: апрача службы ў графа апрацоўваў сваю зямлю. Сам араў і сеяў, а мы на полі і ў гумне яму дапамагалі. Жылі нашы бацькі згодна, і я не салгу, калі скажу, што не бачыла, каб яны сварыліся.
Мой бацька добра ведаў, як цяжка жыць без навукі. Ён аддаў палавіну сваёй хаты пад школу, дзе вучылася многа дзяцей.
Я надта шкадую, што ў час першай і другой войнаў загінула больш тысячы вершаў бацькі, а тое, што я прыхавала, захоўваю як памяць…
15. II.1966 г.
III
Мой бацька быў чалавекам, які вырас у асяроддзі прыдворна-местачковым. Меў таварыскую натуру, што склалася як у дамашнім асяроддзі, так і ў кантактах са служылымі людзьмі графскага маёнтка, дзе працаваў кухарам яго бацька, пра якога ніколі нам не расказваў. Пасля смерці бацькоў як малалетак гадаваўся пад апекай цёткі Емільянскай. 3 самага дзяцінства меў вялікую цягу да кніжак. Самастойна навучыўся чытаць і пісаць, а пасля, ужо дарослым, актыўна набываў польскія і рускія кнігі і часопісы. Калі ж з’явіліся ў друку беларускія выданні, бацька імі вельмі зацікавіўся і заўсёды купляў і выпісваў.
Пачатак творчай працы яго датуецца знаёмствам з дзяўчынай, што стала нашай маці, якой прысвяціў нямала вершаў на польскай мове. На беларускай мове пачаў пісаць з часу абуджэння народнага руху.
Да жаніцьбы з маёй маці працаваў на гаспадарцы, якую пакінуў яму яго бацька. Пасля ж жаніцьбы, калі стала прыбаўляцца сям’я, бацька вымушаны быў паклапаціцца аб дадатковым заробку ў маёнтку графа Тышкевіча. 3 1894 года працаваў аб’ездчыкам, а праз некалькі гадоў стаў выконваць функцыі ляснічага ў маёнтках Тышкевіча на Валожыншчыне. У 1917 годзе бацьку перавялі служыць у Ашмяны, дзе працаваў ляснічым у тышкевічаўскіх маёнтках Ашмяны і Сужаны. Калі ж па гадах і здароўі не змог працаваць на ранейшай пасадзе, то стаў служыць касірам і рабіў ім да 1934 года. У тым жа годзе вясною пасяліўся ў Шашэльгішках на дзялцы, якую атрымаў за выслугу.
Мой бацька не быў чалавекам, аддадзеным толькі працы ў двары. Ён глыбока ўрос у беларускі народ, паходзіў з яго, разумеў яго і любіў. Размаўляў з людзьмі па-беларуску. Народныя звычаі, легенды, паданні найчасцей былі любімай тэмай размоў. Бацьку любілі, шанавалі ваколічныя сяляне, ганарыліся ім. Ён меў сувязь з усімі прылеснымі вёскамі. Заўсёды выступаў як блізкі чалавек, што адным раіў, другіх пераконваў, трэціх перасцерагаў. Вучыў, як лепш бараніцца ад бяды і гора.
У 1913 годзе выбухнуў пажар насупраць нашай хаты. Усе людзі выбеглі з царквы (было нейкае свята) і кінуліся ратаваць наш будынак, які ўжо зачынаў гарэць. Многа тады дамоў пагарэла, але наш, хоць з вялікай цяжкасцю, быў уратаваны. Бацька прымаў удзел у грамадскай працы. Арганізаваў пажарную службу, зборы пажарнікаў і іх вучэнне праводзіў сам. Меў уражлівую натуру. Не мог пагадзіцца з уціскам купцоў, таму арганізаваў некалькі суседзяў, і яны пад кіраўніцтвам бацькі бралі непасрэдна са склада некаторыя тавары і дзялілі іх паміж сабой без дадатковай аплаты. Адным з першых у той час бацька зразумеў значэнне кааператыўнай працы.