3 такім жа падтэкстам-высноваю і іншыя апрацоўкі народных легенд Старога Уласа: «Курган», «Цікавы» і інш.
I ўсё ж больш яго цягнула да рэальнага жыцця, асабліва — да рэальных малюнкаў прыроды цэнтральнай і паўночна-заходняй Беларусі, якую ён, як работнік лесу, добра ведаў і, як сапраўдны патрыёт, шчыра любіў. Перад намі — цэлы вершаваны беларускі каляндар: «Зімою», «Вясна», «Сонейка прыгрэла», «Прамчаўся май», «У дажджлівы час», «Восень»… I вяршыня гэтага календара — напісанае ў 1909 годзе вершаванае апавяданне, дакладней — паэма «Год беларуса», адметны твор не толькі ў спадчыне Старога Уласа, але і ва ўсёй беларускай дарэвалюцыйнай паэзіі.
Пачынаецца «Год беларуса» з апісання роднага краю, якое нагадвае «малюнкі родныя і з’явы» Якуба Коласа:
Ёсць у «Годзе беларуса» і апісанне народа, што жыве ў гэтым краі:
Беларускі селянін і беларуская прырода — галоўныя дзейныя асобы паэмы Старога Уласа «Год беларуса». Вясна, лета, восень, зіма — гэта і прадмет паэтычнага выяўлення, і фон, на якім паказана жыццё беларускага мужыка ў розныя поры года. Тым самым «Год беларуса» выклікае ў памяці вядомую паэму класіка літоўскай літаратуры Крысціёніса Данелайціса «Чатыры пары года». Хоць тут, несумненна, не запазычанне, нават не творчая вучоба (наўрад ці ў тыя часы беларускі паэт мог што-небудзь ведаць пра Данелайціса), а звычайнае тыпалагічнае падабенства. Розныя цыклы сялянскай працы знайшлі адлюстраванне ў «Годзе беларуса» — вясновы («Аруць, і сеюць, і барануюць… То стрэхі правяць, платы гародзяць, Ячмені сеюць, гнаі вывозяць I садзяць спешку або хунтоўку…»), летні («Бліснуць на сонцы сярпы і косы, Звіняць мянташкі, растуць пракосы»), асенні («Жніво ярное — гэта ўжо восень… Тут жыта сеяць, снапы ўбіраці, Араць на зіму і ляны рваці…»), зімовы («Малаціць трэба і веяць збожжа… Хто каля дому корміць каровы, А хто да лесу едзе па дровы»). Самыя розныя віды сялянскай працы апісаны ў паэме: прадзіва кудзелі, тканне, догляд скаціны, сенаванне, начлег, нават няхітрыя грашовыя падзаробкі («…на соль, на боты, На мерку газы ці на фунт мазі»). Так, як і ў жыцці,— найперш цяжкая, але жаданая і патрэбная праца («Працуюць людзі, поту не чуюць…»; «Хоць залівае з працы пот вочы, Кожан вясёлы, кожан ахвочы…»), паміж якой — кароткія ўцехі: вясковыя ігрышчы («Пачнуць усе гуртам песенькі пеці, Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці…»), народныя абрады («Ёсць маладзіца, дык мой ты браце, Ну, дык снапшчыну тады спраўляюць, А усе жнейкі гулянкі маюць…»).
«Год беларуса» — узор жывой беларускай народнай мовы, яе цэнтральных і паўночна-заходніх гаворак, што склалі аснову літаратурнай нормы. Увогуле, мова Старога Уласа даволі багатая, па-народнаму сакавітая, у ёй увасобіліся народны тып мыслення, тыпова народная вобразнасць. У паэме дзесяткі назваў тыпова беларускіх з’яў прыроды, раслін, жывёл, уласных імён. Верш паэмы — акцэнтна-складовы (дакладна — чатырохакцэнтны дзесяціскладовік), пераходная форма ад сілабікі да сілаба-тонікі. Ён надае твору гутарковасць, інтанацыю нязмушанай размовы — традыцыя, якая ідзе яшчэ ад ананімных беларускіх гутарак XIX стагоддзя. Усім гэтым паэма таксама прыцягвае нашу ўвагу. Яна застаецца не толькі помнікам пэўнага часу, але і творам, які можа (і павінен!) уключыцца ў жывую плынь сённяшняга літаратурнага працэсу, узбагаціць чытача духоўна і эстэтычна.
Уяўленне пра Старога Уласа як літаратара і чалавека пэўным чынам пашырае яго публіцыстычная творчасць. Допісы, падпісаныя псеўданімам Стары Улас, пачалі з’яўляцца ў «Нашай ніве», як ужо адзначалася, з 1909 года. Аднак, па ўсёй верагоднасці, пісьменнік стаў кантактаваць з газетай крыху раней. У прыватнасці, у № 2 «Нашай нівы» за 1908 год была надрукавана наступная невялікая нататка за подпісам «Валожынскі», якая і зместам, і стылем надта блізкая да таго, што і як пазней друкавалася тут за подпісам Стары Улас: «М. Валожын Ашмянскага павета Віленскай губерні. У в. Пешкуры ўжо няма хлеба, ядуць бульбу, дый яе мала. Заработкі слабыя, па дварах за малацьбу плацяць 15 к. у дзень. А п’юць валожынскія беларусы больш ды больш, п’юць не толькі манапольку, але і „саматужку“, і „лякероўку“. П’юць мужыкі, п’юць і „інтэлігенты“. Вось які глухі, цёмны і няшчасны наш кут! Народ абяднеў яшчэ і таму, што няма пашы, сервітуты неяк адабралі. Ад гэтага і скаціны сталі мужыкі менш гадаваць. Скаціну прыходзіцца трымаць на выгане, гдзе нічога не расце».