**Quilt|2015**
I вось нарэшце, у 125-ю гадавіну з дня нараджэння Старога Уласа, яго першая кніга з’яўляецца ў свет, выходзіць у людзі. Будзем верыць, што яе спаткае шчаслівы чытацкі лёс, працяглае жыццё. Яе з’яўленню спрыялі краязнаўцы Генадзь Каханоўскі і Генадзь Равінскі, бібліёграф Ніна Ляшковіч, якія дапамаглі адшукаць некаторыя творы Старога Уласа, удакладніць асобныя моманты яго біяграфіі. Ім — мая шчырая ўдзячнасць. Нізкі паклон і двум аматарам роднага пісьменства, беларускім патрыётам у Літве Алесю Курчэйку і Вінцэнту Янушэвічу, якія даглядаюць сціплую магілу пісьменніка.
Вячаслаў Рагойша
ВЕРШЫ
* * *
Слоўца адно, а часам другое,
Сказана мудра, у пору,
Душу адсвежыць, мысль заспакоіць
Як бы адверне з плеч гору.
ЗІМОЮ
I страху мала,
Дзіва няма,
Што ўжо настала
У нас зіма.
Снегу ў калена
I белы шлях.
Там дзядзька сена
Вязе ў санях.
А другі — дровы
Прэ на убой.
Гоняць каровы
На вадапой.
Ніхто зімою
Не зол нічуць.
Дзеці капою
Са школкі йдуць.
Гоман і смешкі
У іх гарой,
То зноў у снежкі
Б’юцца парой.
То лепяць дзеда,
Хоць ў рукі — зноб [1].
А у суседа
Малоцяць боб.
СВАТАЎСТВО
Раз зімоваю парою,
Мусі, ў мясаедзе,
Сабраліся між сабою
Нашыя суседзі.
А ці ўлетку, ці зімою
Так па людзях ходзіць,
Што старыя між сабою
Сватаўство заводзяць.
Дык як выпілі даволі
Крэпкай саматужкі,
Янка наш хваліць паволі
Стаў свае дачушкі.
«Старша, — кажа ён, — гадамі
Мая Кацярына.
Каб вы, братцы, зналі самі —
Анёл, не дзяўчына!
I паслушна, і набожна,
Ціхая, як рыба,
Дык хто возьме, сказаць можна,
Скарб дастане хіба!
А малодшая Мар’яна
Да ўсякай работы,
Як да шыцця, так да ткання,
Мае шмат ахвоты.
Мо на горб яе другія
Звернуць з вас увагу,
Але я ёй дам за тое
Сто рублёў пасагу».
Учуўшы гэта, ад парога
Юрка Мікалаеў
Падыходзіць да старога
Ды скора пытае:
«Ведаеце што, татуля,
Можа, ў вас часамі
Ёсць Тацяна ці Настуля
Ды з двума гарбамі?!»
НА ВЯСЕЛЛЕ СВАЯКУ
Маючы часу крыху нядзеляй,
Дык пішу строчку адну, другу.
I выбачайце, што на вяселле
Да вас прыехаць я не магу.
Хоць мне бяседы вашай, прызнацца,
Як на сягоння дык будзе жаль,
Але не можна памеркавацца,
Калі нас дзеліць спорая даль.
Каб я меў крылы лёгкае пташкі,
Дык як, здаецца, у гэты час
Шпарка ляцеў бы, хоць стар і цяжкі,
У сваю старонку, туды да вас!
Дык пасылаю да вас па слове
3 шчырага сэрца, хоць і за свет.
Прыміце, сынку, у роднай мове
Шчыра жаданне, шчыры прывет.
Дай табе, Божа, шчасця і долі,
Каб быць багатым, не гараваць,
Шчасця, здароўя, бяды ніколі,
Бацьку і матку каб шанаваць.
Не знаць ніколі калатні, сваркі,
Век весяліцца, не гараваць.
I пільнавацца каб гаспадаркі
Ды пры тым Бога не забываць.
I на астатку пры добрай волі
3 душы і з сэрца гэтак для вас
Хлеба і солі, грошай даволі
Вам пажадае Стары Улас.