Выбрать главу

СОНЕЙКА ПРЫГРЭЛА…

Сонейка прыгрэла, Растапіўся снег; Поле зачарнела, Ручаёк пабег. Жучкі загудзелі, Распусціўся сад, Пташачкі запелі На вясёлы лад. Красачкі стракаты Усюды зацвілі, 3 песняю араты Узяўся да зямлі. Арэ, барануе Родны свой загон I трудоў не чуе, I ні поту ён. Сыпнула травіца, Зелен кожны кут. Урадзіць зямліца — Вернецца за труд. Як бы з-пад няволі Выйшла ўсё з зімы. Калі ж лепшай долі Даждзёмся і мы?!

3 КУТКА ПРАЎДЫ

На свеце многа наракання Ды многа слёз і многа бед, Але, як кажа нам пазнанне, Вядзецца гэта з даўніх лет. На маладых старыя ўссеўшы, Ды вельмі брыдка ганяць іх; Але, так з боку паглядзеўшы, Няма за што хваліць саміх. Не адзін бацька наракае, Што п’яніца яго сынок,— Але няхай прыпамінае, Як сам у водцы мокне, мок. Другая маці зноў бядуе, Кляне і плача на свой лёс: Яе дачушка не шануе I часта хвігі суне ў нос. Сягоння гэта ёй не ліха, Увагі к старасці няма! А тое, бедная, забыла, Што так рабіла і сама… I часта голавы марочым, Хоць тут адказ, здаецца, прост, Што праўды толькі мы не хочам Казаць ніколі на свой хвост.

МОДА

Гаварыць тыкеля шкода, Што у нас цяпер за мода. А няхай яе мядзведзь! — Прост няхораша глядзець. Бо із гэнае прычыны Пані, панны і мужчыны, Шапянуўшы так, але Хоць стаўляй у канапле! Бо вось гляньце ж самі, людзі Голы лыткі, голы грудзі Выстаўляюць кожан раз, Як бы рэчы, напаказ. Капялюшыкі таковы, Што, сказаўшы без адмовы, Выгляд будзе іх такі, Як да ночы ёсць гаршкі. Безрукавыя іх блюзкі Ды спаднічкі вельмі вузкі I кароткі, далібог, Што разняць не можна ног. Чаравічкі клінам трошкі I як рэзгіны панчошкі, Праз каторы, так сказаць, Цыбы [6] голыя відаць. А абцасы, Бог мой мілы! — Усё роўна як бы шылы, Не адважышся на скок: Так і звернуцца набок. I нарэшце — каб іх пранцы! — Толькі глянуць на іх танцы, Дык не толькі бярэ смех, А ўзірацца будзе грэх! I мужчыны тож таковы: Голяць вусы і галовы, Дык паны і панічы Іздалёк, як таўкачы. Погаласкі ж ёсць таковы, Што і бабы ўжо галовы Будуць скора ўсе галіць. Што ж, і гэта можа быць!..

ВЫГАВАРЫЛАСЯ

Неяк бачыць мне папала Гэтку небыліцу, Як кабета прадавала На таргу курыцу. Грэбень красны, сама чорна, Але крылы рабы. Непачэсна, непазорна — От, вядома, ў бабы! Дык праз гэтую прычыну, Прызнацца вашэцям, Ту мізэрную пташыну Мала хто прымеціў. Толькі нейкая купчыха Туды прыдыбала Ды, ці чуеш, як на ліха Таргавацца стала. Кажа: «Што за небыліца, Хіба варта цуда? Твая гэтая курыца Дык жа вельмі худа!» Баба тут не утрывала: «То не дзіў, што ссохла. Каб ты столькі пахварала, То, напэўна б, здохла!»

СПРЫТНЫ АДКАЗ

У дзень на вуліцы стаялі Сяляне гурбою, Смяяліся, жартавалі Усе паміж сабою. I як здаўна ў нас бывае Пры гэтакай справе — Адзін лоўка нешта збае, А другі падправе… Дый было іх там нямала, Як стада авечак. Аж праходзіць тут памалу Нейкі чалавечак. Дзень быў летні, не гультайскі, Дык шоў мо да працы, А ўвесь гэты тлум лайдацкі Пачаў прыставаці, Лезуць міма яго волі, Быццам мухі ў вочы. «Чаму, — кажуць, — брэшуць болей Сабакі уночы?» А той мовіць гэткім знакам: «Хіба вось як будзе, Што удзень брахаць сабакам Памагаюць людзі!»
вернуться

6

Цыбы (дыял.) — доўгія худыя ногі.